Многія гісторыкі, пішучы аб распадзе Савецкага Саюза, выпускаюць з-пад увагі стан Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога флоту да пачатку 1990-х гадоў. А стан быў незайздросны і трывожны. Трывогу выклікала этнічна-рэлігійная структура арміі: сярод прызыўнікоў штогод павялічвалася доля хлопцаў з ісламскіх рэгіёнаў, а афіцэрскі корпус на 2/3, калі не больш, складаўся са славян (праўда, з працэнтнай нормай для беларусаў і ўкраінцаў). Армія паступова дзялілася на рэгіянальныя, этнічныя і рэлігійныя групоўкі: цюркамоўныя хлопцы асобна, балты і эстонцы асобна, сыны Паўночнага Каўказа і Закаўказзя асобна…

Яшчэ адной асаблівасцю Савецкай Арміі і ВМФ было тое, што сваёй цягавітасцю і трывушчасцю адзначаліся прызыўнікі з Беларусі і Украіны. Пра ўкраінцаў, праўда, хадзілі показкі пра іх любоў да сяржанцкіх лычак, але тое, што яны службісты, не адмаўляў ніхто. Цяперашнія падзеі ў Данбасе паказваюць, што ўкраінцы — сапраўды людзі «козацького роду» і ваяваць умеюць.

У расійскага палітычнага і вайсковага кіраўніцтва таксама шэраг праблем. Насельніцтва краіны скарачаецца пераважна коштам тытульнай нацыі. Калі вялікаросаў у перыяд з 2002 па 2010 г. паменела на 4,9 млн чалавек, дык «інародцаў» паболела на 2,5 млн. Асабліва прырасталі і, мяркую, прырастаюць, народы Паўночнага Каўказа і сярэднеазіяцкія дыяспары ў Расіі.

Другая праблема — ці можна дасягнуць сапраўднай салдацкай салідарнасці паміж вялікаросамі і «інародцамі»?

Нават такое пытанне паўстае: чаму мусульманін павінен есці з аднаго катла з хрысціянінам? Трэцяя праблема — навучанне ваеннай справе, асабліва ў вайсковых вучылішчах і акадэміях, хлопцаў з ісламскіх рэгіёнаў. Хто гарантаваў, што сярод афіцэраў расійскай арміі не з’явяцца новыя Джахар Дудаеў і Аслан Масхадаў? І чацвёртае: ці магчыма паслаць апранутых ў вайсковую форму сыноў адных ісламскіх народаў наводзіць «канстытуцыйны парадак» у іншых ісламскіх рэгіёнах? А цяпер і новае пытанне: ці можна расійскага салдата-ўкраінца паслаць у Данбас?

Вырашэнню гэтых праблем і павінна была паслужыць ўвядзенне кантрактнай сістэмы вайсковай службы. Ды практыка паказала (і апошнія сацыялагічныя зандажы тое пацвярджаюць), што расіяне не такія ўжо патрыёты: яны ахвотна крычаць «крымнаш», не супраць далучэння да Расіі і Данбасу, але пасылаць сваіх сыноў у «гарачыя пункты» не хочуць. І расійскія мужчыны не вельмі імкнуцца надзець сабе на шыі салдацкія хамуты. Нічога не застаецца, як пачаць вярбоўку ў расійскую армію грамадзян іншых (пажадана хрысціянскіх, прынамсі неісламскіх) краін.

Акідваючы вокам мапу Еўропы і нават Закаўказзе, думаю: каго, сыноў якіх народаў, хочуць залучыць расійскія генералы ў сваё войска? Армянаў, грузінаў, украінцаў? А мо латышоў, літоўцаў ці эстонцаў разам з малдаванамі? І міжволі маё вока спыняецца на тым лапіку зямной сушы, які называецца Беларуссю.

У патрыятызме Узброеных Сіл Беларусі (як і іншых мілітарных фармаванняў) хто толькі не сумняваецца. 20 год моўная, адукацыйная і культурная палітыка ўладаў біла ў адну кропку. Улада ўжо дамаглася, што вырасла цэлае пакаленне беларусаў, якое не разумее, або з цяжкасцю разумее беларускую мову. Армія ж давяршала тое, што было закладзена ў школе.

Ведаю, мне запярэчаць: памылка Расіі ў тым, што яна лічыла і лічыць расійскамоўных людзей у постсавецкіх краінах цалкам «сваімі». Яно так, але ні ў адной постсавецкай краіне не было такога наступу на сваё, такога апаганьвання свайго, як Беларусі.

Не ўспускайма з поля зроку і другі чыннік — матэрыяльны. Вайсковец у Беларусі атрымлівае менш, чым Расіі. І вайсковая пенсія у нас ніжэйшая. І як тут не згадаць, што многія нашы грамадзяне, якія служылі кадравую ў Савецкай Арміі, імкнуліся стаць расійскімі вайсковымі пенсіянерамі?

Наколькі патрыятычныя мілітарныя структуры Беларусі, пакажуць у бліжэйшы час лічбы. Вельмі будзе цікава даведацца, колькі кантрактнікаў у Беларусі захочуць падоўжыць кантракты і колькі кантрактаў будзе спынена датэрмінова.

Не забудзьма, што многія і многія з тых соцень тысяч беларусаў, якія цяпер працуюць у Расіі ужо страцілі і будуць страчваць працу. Хто выключыў, што іх, асабліва маладых і сярэдняга веку мужчын, якія служылі ў Беларусі, не будуць вербаваць у расійскае войска? І хто гарантуе, што ўсе гэтыя мужчыны адкінуць такія прапановы? Не класці ж ім зубы на паліцу, трэба ж ім карміць, апранаць і выводзіць у людзі дзяцей?

Сваім указам аб службе замежнікаў у расійскай арміі Пуцін падкладвае міну пад мілітарныя структуры Беларусі. Разам з тым гэты ўказ будзе для нас новым выпрабаваннем — выпрабаваннем грамадзянскую сталасць людзей Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?