У сацыяльнай псіхалогіі ёсць паняцце «эфект першага ўражання». Гэта з’ява заключаецца ў тым, што менавіта першае ўражанне аб дагэтуль незнаёмым аб’екце можа аказацца самым яркім і трывалым у памяці. Можа здарыцца, што пазней атрыманая інфармацыя, якая першаму ўражанню супярэчыць, не будзе прымацца чалавекам да ўвагі.

Імаверна, што пры патрэбе даведацца штосьці пра беларускую мову, замежнік звернецца да інтэрнэту — а там можна сустрэць інфармацыю рознай ступені адэкватнасці. Спадар Уладзімір Каткоўскі калісьці пісаў пра шэраг недарэчнасцяў, якія ўмясціў маленечкі артыкул на гэту тэму ў «Энцыклапедыі Брытаніка». Некаторыя з гэтых недарэчнасцяў цяпер выпраўленыя (магчыма, і дзякуючы допісам чытачоў), але многія засталіся.

Але энцыклапедыя — пры ўсёй яе фундаментальнасці — усё ж выданне шырокага профілю. Мне ж хацелася паглядзець, як беларуская мова прадстаўлена ў аўтарытэтнай крыніцы менавіта ў галіне сацыялінгвістыкі. Я выбраў «Ethnologue» («Этналог»), англамоўны даведнік, які шырока прызнаны ў якасці найбольш поўнай крыніцы інфармацыі па ўсіх вядомых мовах свету. Мэта гэтага праекта — каталагізацыя ўсіх наяўных моў.

Даведнік выдаецца з 1951 года і яднае сотні даследчыкаў з усяго свету. Апошняе, 17-е выданне (2013 г.) змяшчае сціслую інфармацыю пра амаль сем з паловай тысяч моў (у тым ліку 7106 жывых) з 234 краін. Яно мае інтэрнэт- і друкаваную трохтомную версію (я праглядаў толькі першую), якія ўключаюць падрабязныя каляровыя мапы і статыстычныя табліцы.

Усё гэта сапраўды ўражвае, але шмат што ў артыкулах пра беларускую мову і Беларусь падаецца недарэчным. Напрыклад, польская, літоўская, украінская, усходняя ідыш, татарская і некаторыя іншыя мовы ў Беларусі пазначаны як «імігранцкія мовы». Гэтак аўтары даведніка называюць мовы, на якіх размаўляе насельніцтва, што прыбыло ў краіну адносна нядаўна і не ўсталявалася ў ёй на працягу многіх пакаленняў. Пры гэтым беларуская і руская пазначаны як асноўныя мовы.

Пакідаючы ў баку пытанне пра правамоцнасць аднясення згаданых моў да «імігранцкіх» у Беларусі, заўважу толькі, што у якасці антонімаў «імігранцкай» мове напрошваюцца словазлучэнні кшталту мясцовая мова і спрадвечная мова. Такім чынам, чытач можа прыйсці і да высновы, што руская мова была шырока распаўсюджана ў Беларусі гэтак жа даўно, як і беларуская. Цікава, што ў папярэднім, шаснаццатым выданні 2009 года руская мова ў Беларусі была пазначана як імігранцкая.

У кожным артыкуле пра краіну ёсць раздзел «Насельніцтва». Даведнік тлумачыць, што тут павінна ўтрымліваецца інфармацыя пра колькасць чалавек, для якіх пэўная мова з’яўляецца першай. У артыкуле пра беларускую мову там пазначана лічба 2.220.000 чалавек, за якой ідзе спасылка на перапіс 2009 года. Даведнік дадае, што для большасці беларусаў першай мовай з’яўляецца руская.

Як так? Па выніках апошняга перапісу беларускую мову назвалі мовай, якую першай засвоілі ў раннім дзяцінстве (ці роднай мовай, што было выстаўлена сінонімамі ў 2009 годзе), больш за пяць мільёнаў чалавек. Натуральна, каб пэўна даведацца, што за лічбу мелі на ўвазе аўтары, трэба даслаць ім запыт, але можна зрабіць некаторыя здагадкі.

2.220.000 — гэта прыкладная колькасць тых, хто, паводле апошняга перапісу, звычайна размаўляе па-беларуску дома. У электроннай версіі 17 выдання даведніка мне не ўдалося знайсці азначэння «першай мовы», але ва ўводзінах да 16 выдання адзначана, што гэта тая мова, носьбіты якой «засвоілі яе ад бацькоў у якасці асноўнай мовы штодзённай камунікацыі». Не выключана, што апошняе друкаванае выданне ўтрымлівае і нейкае новае азначэнне першай мовы, але я буду адштурхоўвацца ад гэтага.

Па-першае, азначэнне няўдалае, бо не прадугледжвае варыянту пры якім асноўная мова камунікацыі не засвоена ад бацькоў.

Па-другое. У прынцыпе, калі заплюшчыць вочы на першую частку азначэння і выкарыстоўваць толькі другую, пра мову штодзённай камунікацыі, то азначаную лічбу ў два з нечым мільёны можна і ўжыць. Але мне падаецца некарэктным не пазначыць само пытанне перапісу, а таксама тое, колькі жыхароў Беларусі самі лічаць беларускую сваёй першай мовай. Таксама некарэктна спасылацца на перапіс без аніякіх тлумачэнняў, бо 2.220.000 носьбітаў беларускай як першай мовы — гэта не вынік адказу на адпаведнае пытанне перапісу, а вынік трактоўкі аўтарамі даведніка паняцця «першая мова».

Даведнік не адзначае наяўнасці ў Беларусі «трасянкі». У раздзеле «Статус мовы» пазначана не толькі тое, што беларуская — дзяржаўная мова, але і тое, што яна «ў асноўным выкарыстоўваецца сімвалічна». Фраза не суправаджаецца тлумачэннямі. Верагодна, маецца на ўвазе выкарыстанне на дзяржаўным ці інстытуцыянальным узроўні. А можа, аўтары хацелі сказаць, што гэтыя два з нечым мільёны носьбітаў выкарыстоўваюць яе сімвалічна? Увогуле, артыкулы даведніка вельмі лаканічныя, што, як бачым, не заўжды спрыяе разуменню думкі аўтараў.

Цікава параўнаць лічбы з апошняга і перадапошняга выданняў. Паводле перадапошняга, колькасць носьбітаў беларускай мовы ў Беларусі як першай складае 6.720.000 чалавек. Гэта лічба амаль ўдвая большая, чым колькасць людзей, што ў 1999-м адказалі, што размаўляюць па-беларуску дома. Гэтая лічба меншая, але блізкая да той (7.403.165), якая атрымана на перапісе 1999 года ў адказ на пытанне пра родную мову. Аўтары ў мінулым выданні скарысталіся не вынікамі перапісу 1999 года, а іншай крыніцай 2001 года.

А зараз — штось прыемнае. На запазычаным з даведніка графіку чытач можа палюбавацца на высокае месца беларускай мовы сярод моў свету па пэўных параметрах. На вертыкальнай восі графіку адкладзена колькасць носьбітаў, на гарызантальнай – ацэнка мовы паводле шкалы EGIDS (Расшыраная шкала ступені перашкоды для перадачы мовы паміж пакаленнямі). Гэта шкала — адна з сістэм ацэнкі узроўню жыццяздольнасці і развітасці моў.

Аўтары адзначаюць, што ў верхнім левым куце адлюстраваныя самыя вялікія па колькасці носьбітаў і трывалыя мовы. Узровень беларускай мовы — 1 (Нацыянальная мова: мова выкарыстоўваецца ў адукацыі, на працы, у медыях і ў дзяржаўным кіраванні). Вышэй — толькі міжнародныя мовы. Усе мовы, пачынаючы ад узроўню 4 і вышэй, аб’ядноўвае тое, што яны настолькі развітыя, што выкарыстоўваюцца і падтрымліваюцца не толькі дома і ў «вулічнай» камунікацыі, але і арганізацыямі. Да гэтай катэгорыі, што называецца «інстытуцыялізаваныя мовы», аўтары аднеслі ўсяго 560 моў, менш за 8% ад 7106 жывых моў свету.

На жаль, вымушаны расчараваць: дадзеная шкала падаецца далёкай ад дасканаласці. Яна, напрыклад, не ўлічвае тую ж сімвалічнасць выкарыстання хай сабе і нацыянальнай мовы ў многіх сферах. Ёсць і іншыя праблемы.

З аднаго боку, аўтары адзначаюць, што шкала іерархічная. Гэта значыць, што калі мова развілася да пэўнага ўзроўню, то яна мае і ўсе станоўчыя рысы, дасягненне якіх вызначае дасягненне папярэдніх узроўняў. Таму ў даведніку кожная мова пазначана адной кропкай на графіку. Адзіным магчымым выключэннем аўтары лічаць узровень 3 (Выкарыстанне мовы для міжгрупавой, напрыклад, міжэтнічнай, камунікацыі). Маўляў, гэта магчыма і ў тым выпадку, калі мова не дасягае папярэдняга, чацвёртага ўзроўню (Мова мае стандартную форму, на ёй існуе літаратура, і яна шырока выкарыстоўваецца ў адукацыі).

Але ў іншым месцы аўтары супярэчаць самі сабе і пішуць, што шкала мае дзве выразныя паловы: ступень пагрозы знікнення (ад 10 да 6б) і ступень развітасці мовы (ад 6а да 0). Аўтары прызнаюць, што адносна высокая ступень развіцця не выключае наяўнасці пагрозы, і кожная канкрэтная моўная сітуацыя можа з’яўляцца спалучэннем некалькіх пунктаў па прапанаванай шкале адначасова. Напрыклад, нягледзячы на тое, што беларуская мова — нацыянальная, стандартызаваная, літаратурная і г.д., яна магла б патрапіць таксама і ў пункт 6б (Мова пад пагрозай: на ёй размаўляюць людзі ўсіх пакаленняў, але яна страчвае носьбітаў).

Мо не варта ўвогуле было аб’ядноўваць усё ў адну шкалу? Больш рацыянальным падаецца падыход, распрацаваны камісіяй ЮНЭСКА па мовах, якім пагражае знікненне. Яна вылучыла дзевяць асобных фактараў моўнай жыццяздольнасці, для якіх распрацаваныя асобныя шкалы. Праўда, рэальна ў «Атласе моў, якім пагражае знікненне», выдадзеным ЮНЭСКА, для ацэнкі ступені пагрозы мове выкарыстоўваецца толькі адзін з фактараў — перадача мовы з пакаленне ў пакаленне. 

Вядома, гэтыя тыпалогіі і шкалы толькі апраксімацыя. Напэўна, кожная моўная сітуацыя занадта складаная, каб быць ў іх адлюстраванай у поўнай меры.

У якасці сістэмы пісьма для беларускай мовы пазначана толькі кірыліца, хаця ўводзіны адзначаюць, што, калі маецца некалькі сістэм пісьма, яны згадваюцца. Увогуле, частка інфармацыі, якая пазначана ў даведніку пра пэўныя іншыя мовы, у артыкуле пра беларускую мову адсутнічае. Напрыклад, не адзначана, колькі чалавек валодаюць ёй як другой мовай. Назвы беларускіх дыялектаў напісаны з памылкамі.

Маюцца і супадзенні са згаданым вышэй артыкулам у «Энцыклапедыі Брытаніка». У прыватнасці, у якасці альтэрнатыўных назваў беларускай мовы пазначаны і «белая руская» («White Russian») і «беларусінская» («White Ruthenian»).

Яшчэ адно супадзенне: «Этналог» піша, што «з лінгвістычнага пункту погляду беларуская мова знаходзіцца паміж рускай і ўкраінскай і мае параходныя дыялекты з абедзвюма». У «Брытаніцы», праўда, усё горш: яна называе беларускую мову «звязкай» паміж рускай і украінскай, а таксама разглядае наяўнасць пераходных дыялектаў менавіта як нагоду таго, што беларуская мова з'яўляецца такой «звязкай».

Гэтая ж фраза, дарэчы, фігуруе і ў шэрагу іншых выданняў, напрыклад, у «Міжнароднай энцыклапедыі лінгвістыкі» выдавецтва «Оксфард Юніверсіці Прэс». Артыкул з папярэдняга выдання «Этналога» з гэтай рэмаркай ёсць на сайце аднаго з айчынных агенцтваў перакладаў.

Што значыць «з лінгвістычнага пункту погляду», не растлумачана, крыніца не пазначана. Магчыма, сапраўды ёсць моўныя рысы, якія ўяўляюць сабой кантынуум, да аднаго полюсу якога гэтыя рысы схіляюцца ва ўкраінскай мове, да супрацьлеглага — у рускай, а ў беларускай мове яны маюць нейкае сярэдняе значэнне. Але хіба гэта з’яўляецца кардынальнай і ўніверсальнай тэндэнцыяй?

Вось усяго некалькі прыкладаў. Як у гэтую «прамежнасную» схему ўпісаць беларускія моўныя рысы, якіх няма ні ў рускай, ні ва ўкраінскай мовах? Напрыклад, у фанетыцы дзеканне і цеканне ці адсутнасць мяккага р. Акрамя спецыфічных рыс, як адзначае выданне «Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум», ёсць рысы, якія маюцца ў беларускай і ўкраінскай мовах і адсутнічаюць у рускай; ёсць таксама і рысы, якія адрозніваюць ад украінскай як беларускую, так і рускую мовы — але, зробім выснову, беларуская не знаходзіцца паміж імі. А вось яшчэ прыклад. У рускай мове 93 займеннікі, ва ўкраінскай — 88, у беларускай — 76, а ў польскай — 72. Дык што, усюды пісаць, што беларуская знаходзіцца паміж украінскай і польскай? Прынамсі, «з пункту гледжання колькасці займеннікаў» гэта будзе абгрунтавана.

Яшчэ вось цікава, чаму гэта менавіта беларуская мова была ўганаравана такім падыходам. У даведніку не адзначана, напрыклад, што нарвежская мова знаходзіцца паміж дацкай і шведскай, аксітанская — паміж французскай і каталанскай, а каталанская, у сваю чаргу, — паміж аксітанскай і іспанскай.

У даведніку пазначаюцца гады першага і найноўшага перакладаў Бібліі на пэўныя мовы. У тых некалькіх артыкулах пра буйныя еўрапейскія мовы, што я прагледзеў, у якасці першай даты пазначаецца першы поўны пераклад. У артыкуле пра беларускую мову чамусьці пазначана толькі дата 1973. Гэта год публікацыі першага поўнага перакладу на новую беларускую мову Яна Станкевіча. Чытач, які не знаёмы з гісторыяй перакладаў Бібліі на нашу мову, можа задацца пытаннем, што мелі на ўвазе складальнікі: першы ці найноўшы пераклад?

Вядома, ёсць пазнейшыя поўныя пераклады Бібліі на беларускую. Асабліва шкада, што ў даведніку не адзначаны пераклады Скарыны. Магчыма, прычынай таму тое, што ён выдаў пераклады не ўсіх кнігі Бібліі. Магчыма таксама, што аўтары даведніка карысталіся тымі крыніцамі, паводле якіх мова скарынаўскіх перакладаў у большай ступені стараславянская (царкоўнаславянская), чым старабеларуская.

Самі стваральнікі даведніка адзначаюць, што такое велізарнае выданне не можа не змяшчаць недарэчнасцяў і вітаюць выпраўленні і абнаўленні ад чытачоў, якія зробяць артыкулы больш дакладнымі і поўнымі. Прапановы па ўдасканаленні артыкулаў павінны суправаджацца як мага больш поўнай інфармацыяй пра крыніцы інфармацыі. Асабліва вітаюцца поўныя бібліяграфічныя звесткі пра надрукаваныя матэрыялы. Паштовы адрас рэдактара:

Editor, Ethnologue
SIL International
7500 West Camp Wisdom Road
Dallas, TX 75236, U.S.A.

У адпаведным раздзеле на сайце даведніка маецца таксама адрас электроннай пошты для тых, хто жадае накіраваць свае папраўкі. Іх верыфікацыя можа заняць некалькі месяцаў. Рэдакцыя стараецца інфармаваць падаўцу пра ход верыфікацыі, хаця і не гарантуе гэтага. Калі будзе прынята рашэнне ўнесці змены, то гэта будзе зроблена толькі пасля выхаду новага выдання даведніка. У апошняе выданне было ўнесена амаль 60.000 удасканаленняў і паправак. Таварыства беларускай мовы збіраецца накіраваць рэдактару «Этналога» ліст з прапановамі па ўдасканаленні артыкулаў пра беларускую мову і Беларусь. Спадзяюся, будучыя чытачы даведніка атрымаюць больш поўнае і дакладнае ўяўленне пра нашу мову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?