Жыхарка Скідаля звярнулася ў міліцыю пасля таго, як у яе інтэрнат уварваўся незнаёмы мужчына. З крыкамі «Я робат!» ён ганяў людзей па калідоры, а потым уварваўся ў пакой жанчыны і збіў яе і яе дачку, распавялі ў прэс-службе УУС Гродна.

Жыхар вёскі Гліняны Гродзенскага раёна 1990 года нараджэння, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, у мінулую нядзелю ў гадзіну ночы наведаў інтэрнат у горадзе Скідаль. Што яго туды прывяло, сказаць складана, бо знаёмых, якія пражываюць у гэтым інтэрнаце, у мужчыны няма.

З крыкамі «Я робат!» ён стаў ганяць людзей па калідоры, схапіў першае што трапілася пад руку — а гэта быў нож і металічная труба ад пыласоса, уварваўся ў адзін з пакояў і там збіў 39-гадовую жанчыну і яе 15-гадовую дачку, пасля чаго ўцёк.

У міліцыю звярнулася пацярпелая. Яна паведаміла прыкметы зламысніка, і супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку Гродзенскага РАУС пачалі пошукі. У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў хуліган быў затрыманы.

Цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, адкуль адправіцца на лаву падсудных. У дачыненні да яго распачата крымінальная справа па частцы 3 артыкула 339 «Хуліганства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?