Наяўнасьць у пашпарце беларуса дазвольнага штампа на выезд расійскія памежнікі ўжо не правяраюць, а сьпісу невыязных у іх няма.

Колькасць жадаючых выехаць у Польшчу пасля Новага года значна зменшылася. Калі раней, па словах брэсцкага карэспандэнта Еўрарадыё Аляксея Мурланава, чарга на памежным пераходзе “Варшаўскі мост” складалася са 150-200 машын штодзень, то ўжо у першыя дні 2008 года там стаіць каля 30.

Аператыўны дзяжурны памежнага пераходу “Брузгі” расказаў Еўрарадыё, што пасажыра, прозвішча якога значыцца ў “чорным спісе”, проста высаджваюць, заварочваюць дахаты і інфармуюць, куды звярнуцца па атрыманне тлумачэнняў.

Як стала вядома Еўрарадыё, спрабаваць высветліць гэтую прычыну ў памежнікаў не мае сэнсу – яны гэтага проста не ведаюць. У прэс-службе Памежнага камітэта Еўрарадыё расказалі, што яны гэтымі прычынамі не цікавяцца. Зацверджаныя спісы прыходзяць да памежнікаў з Міністэрства ўнутраных спраў. А за што кагосьці зрабілі невыязным, памежнікаў не цікавіць.

Як расказаў Еўрарадыё намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун, у “спіс невыязных” аўтаматычна трапляе любы чалавек, супраць якога распачалі крымінальную справу.

Але як стала вядома Еўрарадыё, не толькі крымінальная справа можа стаць падставай для забароны выезду за мяжу. Дастаткова не паехаць працаваць па размеркаванні і не выплаціць дзяржаве “выдаткаваныя на навучанне грошы”.

Аляксей Бягун: “Мы ў любым разе накладаем абмежаванні ў дачыненні да такой катэгорыі людзей толькі на падставе рашэння суда аб тым, што яны павінны кампенсаваць выдаткі. Гэта ж не так, што калі ён не паехаў па размеркаванні, яго адразу ўнясуць у банк даных — не, канешне”.

Банк даных невыязных быў у памежнікаў і раней. Толькі абнаўляўся ён некалькі разоў на год. І чалавек, які на пачатку года атрымаў штамп аб дазволе на выезд за мяжу, а праз некалькі месяцаў патрапіў пад крымінальны артыкул, меў рэальны шанец з’ехаць за мяжу. Цяпер банк даных мяняецца штодня. І выехаць такім людзям стала немагчыма. Амаль. Як стала вядома Еўрарадыё, па-ранейшаму застаецца адкрытым “расійскі” кірунак. Нягледзячы на тое, што беларускія ўлады абяцалі перакрыць яго, перадаўшы расійскім калегам свой спіс невыязных. Спіс так і не перадалі. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў службе памежнага кантролю аэрапорта “Дамадзедава”.

Супрацоўнік “Дамадзедава”: “Не, мы не атрымоўвалі такіх спісаў. У нас не можа іх быць”.

Як стала вядома Еўрарадыё, за 3 дні новага года толькі на памежных пераходах “Варшаўскі мост”, “Казловічы” і “Брэст-Цэнтральны” памежнікі не дазволілі выехаць за мяжу 27 грамадзянам Беларусі. Людзі проста не ведалі, што яны знаходзяцца ў спісе невыязных. Каб высветліць гэта, неабходна звярнуцца з запытам у Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі. Адказ дадуць на працягу месяца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?