Унікальны беларускі калектыў прадстаўляе на Tuzin.fm свой новы твор «На Раство» у абноўленым складзе, які заставаўся нязьменным 20 год. Camerata пакінулі Тацяна Дробышава ды Ігар Мельнікаў. Новым удзельнікам каманды стаў Піліп Сьмялоў.

Выбітны вакальны бэнд зь Менску Camerata раптоўна зьмяніў склад. Тое адбылося ўпершыню з 1995, калі калектыў пакінуў яго стваральнік Алег Шыкуноў, і наконадні 30-годзьдзя гурту, што будзе сьвяткавацца ў 2016.Зь ліку чальцоў Camerata выйшлі Тацяна Дробышава й Ігар Мельнікаў. Апошні працяглы час быў кіраўніком гурту пасьля Шыкунова. Без гэтых двух вакалістаў Camerata падаецца няпоўнай. Зьмены ў складзе гледачы маглі заўважыць ад пачатку музычнага сэзону, то бок з восені. Дагэтуль гурт не даваў ніякіх тлумачэньняў, а на ягоным афіцыйным сайце значыцца стары сьпіс удзельнікаў. 

Сытуацыю пракамэнтавала асноўная аўтарка Camerata, кампазытар і вакалістка Вольга Вераб’ёва: «Ігар і Тацяна сышлі за больш высокімі заробкамі. Мы ўзялі наўзамен толькі барытона. Гэта Піліп Сьмялоў. Ён выпускнік музычнага ліцэю, як і ўсе, хто зараз у «Камэраце». Да таго ж у яго дзьве вышэйшыя адукацыі – харавога дырыгента й гукарэжысэра».

У сваю чаргу Ігар Мельнікаў патлумачыў, што яму папросту надакучыў ранейшы від дзейнасьці, і ён цяпер заняўся пэдагогікай: «Зь 1 верасьня я працую ў аркестры Фінбэрга. Займаюся з усім вакальным цэхам – тузінам вакалістаў. Акром таго, для падтрымкі формы мы з Тацянай Дробышавай стварылі вакальны квартэцік з больш лёгкай і жыцьцесьцьвярджальнай музыкай, з традыцыйным джазам. Назвы ён пакуль ня мае. У нас толькі адна рэпэтыцыя была разам зь інструмэнталістамі. Вярстаем праграму. А «Камэраце» я жадаю посьпехаў. Хай працуюць і выступаюць далей. Калі ім гэта цікава, я толькі за».

Відаць, што Дзяржаўны канцэртны аркестр Фінбэрга прапанаваў музыкам лепшыя ўмовы, чым у Белдзяржфілярмоніі. Дарэчы, колісь, у 1996 – 1998 Camerata ўжо працавала ў складзе аркестра Фінбэрга як самастойны калектыў, а пасьля стала й дагэтуль зьяўляецца штатнай адзінкай БДФ. Бліжэйшы канцэрт абноўленае «Камэраты» адбудзецца 15 студзеня ў Вялікай залі філярмоніі супольна з маскоўскім гуртом Cristal Chorus. Па словах Вольгі Вераб’ёвай, як і раней, намячаюцца канцэрты ў Беларусі й за мяжой, адначасова ідзе праца над новымі кампазыцыямі. Адной зь іх стала аўтарская калядка Вольгі «На Раство», якую гурт сёньня рады прэзэнтаваць наведнікам Tuzin.fm.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0