Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка запісаў каляднае віншаванне, у якім павіншваваў суграмадзян з Раством і падкрэсліў неабходнасць захоўваць веру ў Бога.

У роліку Парашэнка з сям'ёй сустракаюць калядоўшчыкаў, спяваюць разам з імі, а потым ён звяртаецца да ўсіх украінцаў з 2-хвілінным віншаваннем.

«Да хрысіянскай еўрапейскай цывілізацыі наша краіна належыць ужо больш за тысячу год, але менавіта сёння нараджаецца зноў. І нашыя планы змяніць жыццё да лепшага ўсіх грамадзян Украіны здейсняцца толькі пры ўмове, што мы будзем шанаваць Бога, не будзем парушаць святых Яго запаветаў», — кажа прэзідэнт, стоячы з сям'ёй сярод маладых калядоўшчыкаў.

Украіна першы раз у сваёй найноўшай гісторыі святкуе Каляды ў ваенных умовах — Расія захапіла ўкраінскі Крым, пад кантролем расійкіх баевікоў знаходзяцца часткі тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, кожны дзень працягваюцца абстрэлы.

«Езус сказаў, што няма большай за тую любоў, калі нехта аддае душу сваю за сяброў сваіх. Таму ў гэтыя святочныя дні асабліва молімся за нашых вояў. І няхай Пан захавае іх жыцці», — дадаў Парашэнка, які належыць да Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхата.

Ён з сям'ёй святкуе Раство ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў вёсцы Гута на Івана-Франкоўшчыне, сёння ён таксама наведаў старажытны праваслаўны кляштар у Маняўскім скіце. Гэты кляштар належыць цяпер Украінскай Праваслаўнай Царкве Кіеўскага Патрыярхата.

Як украінскія праваслаўныя, гэтак і грэка-каталікі на тэрыторыі Украіны святкуюць Раство па юліанскім календары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?