У польскім горадзе Білгорай ўжо пяць гадоў будуюць «Гарадок на Шляху Крэсовых Культур» — зборны вобраз тыповага гарадка так званых Усходніх Крэсаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Цяпер там будуюць драўляны будынак, які з'яўляецца дакладнай копіяй знакамітай сінагогі, знішчанай падчас вайны ў Воўпе на Гарадзеншчыне, піша drewnopedia.pl.

Воўпа — гэта вёска на шляху з Гродна ў Ваўкавыск. Тут да ІІ сусветнай вайны знаходзілася драўляная сінагога, якую лічылі адной з самых прыгожых ва ўсёй Еўропе. Помнік архітэктуры быў пабудаваны яшчэ ў XVIII стагоддзі. Асабліва багатым быў інтэр'ер з мноствам разьбяных дэталяў і псеўдакупалам, які ствараў уражанне, што вышыня столі ў гэтым месцы не 15, а цэлых 30 метраў.

Лічыцца, што сінагога была знішчаная гітлераўцамі. Праўда, год таму ў сеціве з'явіўся здымак, датаваны 1947 годам, і можна меркаваць, што будынак быў згублены ўжо пасля вайны.

У Польшчы захавалася вялікая колькасць падрабязных чарцяжоў і фатаграфій сінагогі, бо Варшаўская палітэхніка ў міжваенны час праводзіла інвентарызацыю драўляных культавых збудаванняў.

Прадпрымальнік Тадэвуш Кузьміньскі з мястэчка Білгорай на паўднёвым усходзе Польшчы ўжо некалькі гадоў будуе новы незвычайны раён, стылізаваны пад мульцікультурны гарадок польска-беларускага памежжа. Прытым гэта не павінен быць музей, а сапраўдны жылы раён: з кватэрамі, крамамі, офісамі, ўстановамі, кавярнямі, а таксама музеямі. У мястэчку ўжо ёсць першыя жыхары і арандатары.

Адзін з музеяў павінен размясціцца ў копіі сінагогі з Воўпы. Яе выбралі менавіта з-за таго, што да вайны яна лічылася самай прыгожай ў Польшчы. На будаўніцтва ўдалося атрымаць дадатковае фінансаванне ЕС — 1,7 млн злотых (400 тыс. еўра). Цалкам частка «Крэсовага гарадка», прысвечаная габрэйскай культуры і гісторыі, будзе гатовая да 2016 года.

Праект мястэчка з дзвюма плошчамі (польскай і габрэйскай), храмамі на астравах, млыном, жылымі дамамі. Фота: bilgoraj21.pl

Праект мястэчка з дзвюма плошчамі (польскай і габрэйскай), храмамі на астравах, млыном, жылымі дамамі. Фота: bilgoraj21.pl

Акрамя жылых дамоў у мястэчку павінны з'явіцца драўляныя касцёл, царква і карчма, часткова каменныя гасцініца і гандлёвы дом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?