У 88 гадоў сканаў Тадэвуш Канвіцкі. Ён быў адным з найвялікшых пісьменнікаў пасляваеннай Польшчы, аўтарам, у прыватнасці, культавага рамана «Малы Апакаліпсіс» і фільма «Апошні дзень лета».

Fotorzepa.fot

Fotorzepa.fot

Канвіцкі памёр пасля цяжкай хваробы. Пасля выпіскі з бальніцы ён знаходзіўся ў атачэнні родных і блізкіх.

«Я апошні, хто памятае пачатак ХХ стагоддзя», — жартаваў Канвіцкі, які ў маладосці быў партызанам Арміі Краёвай, а ў дарослыя гады — перакананым марксістам, і, нарэшце, — скептычным сузіральнікам гісторыі.

Канвіцкі быў каранямі з Віленшчыны і на ўсё жыццё захаваў настальгію па рацэ Віленцы, павагу да беларусаў і любоў да беларускай мовы.

Яго раман «Малы Апакаліпсіс» на беларускую мову пераклаў Алесь Пяткевіч (публиковался в «Arche» в 2002 году).

«Беларусь, Беларусь. Чаму ты завешся Беларуссю, калі не маеш у сабе гэтай белі. Белыя толькі твае палі восенню, белыя — твары стомленых людзей. Ты павінна называцца Дабраруссю, Добрай Зямлёю Добрых Людзей, — пісаў ён у сваёй кнізе «Каляндар і пясочны гадзіннік» у 1976 годзе.

— Не ўрэзалася ты ў памяць людскую, Беларусь. Не адбірала ты ў іншых волі, не рабавала чужой зямлі, не губіла людзей дзеля спрэчак за межы. Ты мела павагу да чужакоў і гасцінны каравай, аддавала рабаўнікам апошнюю карову і апошні акраец хлеба са знакам крыжа. Аддавала гаротным сцякаючае крывёй сэрца і сваё беднае нярадаснае жыццё. Беларусь, Беларусь шэра-зялёная, з агромністым небам над бялявай галавой… Ты занадта добрая, занадта лагодная, занадта высакародная для нашых часоў».

«Калі прыгадаю беларускае слова, калі падзьме вецер з паўночнага ўсходу, калі ўбачу палатняную кашулю са сціплым вышываным узорам, калі пачую крык болю без скаргі — заўсёды мацней заб’ецца маё сэрца, падкрадзецца аднекуль ціхі смутак, заўсёды падплыве раптоўны холад невыразных дакораў сумлення», — пісаў Канвіцкі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0