Крыху для сябе незапланавана на Новы год я апынуўся ў Рызе. Кампанія сяброў замовіла на свята столік ў піўной рэстарацыі на Домскай плошчы, і, узважыўшы варыянты, давялося ехаць… Паколькі галоўнай мэтай паездкі было святкаваць Новы год з сябрамі, таму звычайнага для мяне музейнага фанатызму не планавалася. Хутчэй стаўка была зробленая на піўную канкісту, якая ў выніку паспяхова было ажыццёўленая.

Але ж і колькі музеяў патрапілі на мой шлях, тым больш і надвор’е гэтаму спрыяла — то мокры снег, то дождж, то завея – гуляць па вуліцах (што ў Рызе само па сабе надзвычай прыемны занятак) у такіх умовах было не дужа прыемна.

Таксама мяне інтрыгавала тое, што ў мінулым 2014 годзе Рыга атрымала ганаровы статус «еўрапейскай сталіцы культуры», што аўтаматычна цягне за сабою шлейф розных культурных імпрэзаў, і непазбежна — музейных выстаў. Таму найперш мяне цікавілі выставы з дадзенага цыклу Riga-2014, рэштку якога атрымалася пабачыць на пачатку года 2015-га.

Шкада, але галоўны будынак Нацыянальнага мастацкага музея цяпер на рэканструкцыі, тое ж самае датычыць і Нацыянальнага гістарычнага музея ў Рыжскім замку. Але выстава пра бурштын у часовым будынку на Brīvības bulvāris пазапланава была працягнута да пачатку сакавіка, там жа адчыненыя і некалькі залаў са сталай экспазіцыі. У вочы адразу кінуўся кантраст, наколькі якасна, тэхналагічна і па-сучаснаму была зробленая выстава пра бурштын і наколькі архаічна-састарэлая асноўная экспазіцыя. Выстава пра бурштын, галоўны прыродны здабытак балтыйскіх краін, была цудоўнай: на ўваходзе вялікая інтэрактыўная мапа, шмат цікавых апісанняў на розных мовах (у тым ліку і на расійскай), фантастычная падборка бурштынавых упрыгожанняў — ад каменнага веку да сучаснасці, рэканструкцыі строяў з упрыгожаннямі — як звычайныя «манекены», так і лічбавыя.

Падняўся на паверх вышэй і сустрэў ужо звычайны музейны кшталт: старыя вітрыны, толькі латышская мова, нечытэльныя апісанні. Але тут я ўжо патрапіў ва ўласную пастку захопленасці балтыйскімі ўпрыгожаннямі: археалагічная і сярэднявечная калекцыя музея ўтрымлівае надзвычайную калекцыю розных фібул, колцаў і таму падобных штучак, ад якіх я проста пішчаў ад радасці.

Але ўся наступная латышская гісторыя пасля сярэднявечча часова знікла, наступны раздзел музея ўжо прысвечаны Латвійскай рэспубліцы 1918—40 гадоў.

Натуральна, першая Латвійская рэспубліка ў музейнай рэпрэзентацыі — гэта перыяд росквіту і дабрабыту, уразіла васковая фігура Ульманіса, які прысаджваецца за пісьмовы стол.

Далей наступае страшная эпоха акупацый, якая нарэшце канчаецца паспяховым далучэннем да еўраінстытутаў. У асноўным уся гэтая гісторыя нацыянальнага поспеху праілюстравана фотаздымкамі, сумнавата.

Яшчэ адзін славуты гістарычны музей Рыгі — Музей акупацыі — таксама зачынены на рэканструкцыю, і на гэты перыяд створана часовая экспазіцыя ў будынку, дзе раней знаходзілася амбасада ЗША, а цяпер месціцца новаадчынены (у лістападзе 2014 г.) Цэнтр сучаснага мастацтва.

Музей у старым будынку я бачыў даўно, калі пяць год таму быў на канферэнцыі, і нават банкет пасля першага дня паседжанняў зрабілі нам у музеі, каб не толькі віно пілі, але і дасканальна вывучалі цяжкасці гістарычнага лёсу латышоў. Пакуль што ў вымушаным варыянце часовага побыту экспазіцыя згорнута да некалькіх стэндаў з апісаннем злачынстваў акупацыйных рэжымаў, савецкага ды нацысцкага, з зусім нешматлікімі артэфактамі. Але асноўная канва наратыву выкладзеная досыць карэктна, нават згадваецца ўдзел латышскіх дабраахвотнікаў у Халакосце, хоць пры фінансаванні нямецкімі фундацыямі пра гэты факт было б цяжка забыцца.

У Цэнтры сучаснага мастацтва адбываліся дзве выставы: літаграфій Марка Шагала і французскай графікі (другая выстава таксама мусіла зачыніцца перад Новым годам, але была працягнутая на нявызначаны час). Хоць асабіста мяне значна больш зацікавіў анонс наступнай выставы, якая пачнецца з красавіка — ілюстрацый Рэнэ Магрыта да «Песняў Мальдарора», во блін, я нават і не ведаў пра гэты цыкл, калі не атрымаецца з’ездзіць у Рыгу, трэба хоць у Інтэрнэце пашукаць.

Пра тое, што Шагал быў геніяльным ілюстратарам, я зразумеў яшчэ з грунтоўнай выставы, якая колькі год таму адбывалася ў Мінску, калі прывозілі творы мастака з ізраільскіх музеяў. У Рызе ж былі прадстаўленыя два цыклы ілюстрацый: «Дафніс і Хлоя» і «Тысяча і адна ноч», першы цыкл прадказальна букалічны ў звычайнай узнёслай стылістыцы Шагала, больш цікавы другі — яўна больш свежы і арыгінальны ў сваім выкананні. Яшчэ колькі літаграфій па-за цыкламі, пераважна позняга перыяду, у тым ліку і з відамі габрэйскіх вулачак Віцебска.

У якасці прыемнага моманту адзначу, што хоць латышы карэктна пішуць пра Віцебск як пра беларускі горад, ды нават Суціну прыпісалі паходжанне менавіта з Беларусі, а не з Літвы, што з’яўляецца агульнапрынятай легендай у заходнім мастацкім свеце.

Марк Шагал.

Марк Шагал.

Другая выстава сабрала графіку трох мастакоў — некалькі малюнкаў Рауля Дзюфі, цыкл ілюстрацый Андрэ Дэрэна да «Сатырыкону», малюнкі Парыжа і французскай правінцыі Жана Карзу.

Калі з творчасцю Дзюфі і Дэрэна я і так быў знаёмы па парыжскіх музеях (немагчыма забыць фантастычны роспіс «Гісторыя электрычнасці» Дзюфі ў Музеі сучаснага мастацтва, што месціцца ў Токіа-палас), то Карзу стаў прыемным адкрыццём. Здаецца, асноўны перыяд яго творчасці прыпадае на пасляваенныя гады, калі маляваць прыгожа стала лічыцца непрыстойным заняткам, а тут — і ўнікальная графічная манера, і свой свежы погляд на пейзаж, які прыцягвае і заваблівае прыгажосцю мясцін і стылю мастака.

Жан Карзу.

Жан Карзу.

Іншы твар французскага мастацтва рэпрэзэнтуе перформерка ORLAN, з персанальнай выставай у Музеі дэкаратыўнага мастацтва і дызайну. Праславілася яна радыкальнымі пластычнымі аперацыямі, пераўтварэннем уласнага цела ў «твор мастацтва», стылізацыяй рыс твару пад іканічныя творы і экзатычныя культуры. Досыць прадказальна, асноўны творчы пасыл ідзе пра вызначэнне межаў паміж целам мастака і мастацтваў, разбурэннем сацыяльных клішэ (як быццам, яны яшчэ засталіся) і да т.п. Як і ў выпадку Марыны Абрамовіч і падобных персанажаў — поўная прафанацыя.

Пераканаўся ў гэтым і падчас персанальнай рыжскай выставы. У вялізнай залі змешчаныя лічбавыя афішы фільмаў з удзелам ORLAN, з апісаннем іх фантасмагарычных сюжэтаў (у асноўным, у стылістыцы трэш-фільмаў 70-х) і крытычнымі водгукамі.

Ясна, што ўсе гэтыя культавыя фільмы прыдуманыя – нейкі апагей самалюбавання і стварэння ўласнай культурнай міфалогіі. Абыррр.

Адзінае, што сам музей дэкаратыўнага мастацтва мне вярнуў душэўную раўнавагу — і будынак файны, самы старажытны каменны будынак ў Рызе (былая царква Святога Юр'я), вельмі атмасферны, і сталая экспазіцыя пры невялікіх памерах абсалютна вартая ўвагі.

ORLAN.

ORLAN.

Яшчэ раней мяне зацікавіў латышскі роспіс парцалянавых талерак 1920—30-х гадоў, і зараз я зразумеў, што гэты інтуітыўны інтарэс быў цалкам апраўданы. Гэта нейкі ўнікальны эстэтычны феномен, дзе арганічна спалучыўся этнакультурны рэнесанс і адсочванне найноўшых мастацкіх плыняў (уключна з кубізмам, канструктывізмам і г.д.). Цяпер зразумела, чаму ў Рызе стварылі адмысловы дом-музей Романса Сута і Аляксандры Бяльцовай, менавіта іх творы прыцягнулі мяне найбольш, трэба будзе абавязкова зведаць гэты музей, калі яшчэ дабяруся да латвійскай сталіцы.

Агулам жа, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Рыгі мне падабаецца сваім мадэрнісцкім традыцыяналізмам, своеасаблівым ператлумачэннем этнічнага стылю, і гэта датычыць не толькі роспісу талерак.

Кераміка Романса Суты.

Кераміка Романса Суты.

І нарэшце, апошнім зведаным музеем стала Біржа — вельмі прыгожа дэкараваны былы будынак біржы на Домскай плошчы.

Сталая экспазіцыя сабраная з твораў заходняга мастацтва, і прадказальна, што калекцыя пераважна з малавядомых і другасных аўтараў, чакаць багацця тут вельмі цяжка. Хоць колькі цікавых мне рэчаў ёсць — адразу ж на ўваходзе ў карцінную галерэю я наткнуўся на пару пейзажаў нарвежскага рамантыка Юхана Крысціяна Даля.

Ёсць невялічкая версія «Пацалунку» Радэна — вельмі сімпатычная, і зімовы пейзаж Клода Манэ.

А так, тоны невядомых галандскіх і французскіх мастакоў, хоць цэнтр галерэі — гэта чамусьці творы Ганса Макарта, якога лічаць адным з настаўнікаў Клімта і які досыць добра мне запомніўся менавіта па венскім музеям. Тут жа адмысловы хол, дзе ўвагу адразу прыцягвае гіганцкая бітва лапіфаў з кентаўрамі, поруч дзве карціны з цыкла Нібелунгаў.

Ганс Макарт.

Ганс Макарт.

Дадатковым бонусам стала часовая выстава «Бурштынавы шлях», дзе сімвалічным пачаткам стала знаходка кароны фараона Тутанхамона з устаўкамі бурштыну.

Першая зала выставы якраз і сабрала егіпецкія калекцыі балтыйскіх краін з дадаткова прывезеным саркафагам з Варшавы.

Некалькі мумій – адзіная чалавечая мумія ў Латвіі, мумія ката і рыбы.

Натуральна, што егіпецкія калекцыі вельмі сціплыя, асабліва пасля зведвання Брытанскага музея, але агулам выстава вельмі добра арганізаваная — усё выдатна размешчана, правільна падсвечана, на сценах размешчана вялізная рэпрадукцыя папіруса «Кнігі Ані», па якой перамяшчаецца прамень святла.

Невялікім бонусам сталі бурштынавыя ўпрыгожанні з італьянскіх музеяў.

Характэрна, што ўсе часовыя выставы з цыкла Рыга-2014 пры сціпласці артэфактаў былі вельмі якасна зробленыя тэхналагічна, што можа паказваць кірунак развіцця і для беларускіх музеяў.

І яшчэ адну выставу зведаў не ў музеі, а ў саборы — знакамітым саборы Святога Пятра, які ганарліва ўзвышаецца над Рыгай. На вежу я не забіраўся, па такім надвор’і гэта было бессэнсоўна, але за невялікую плату можна было агледзець інтэр’ер сабора, змрочна гатычны, які быў упрыгожаны выставай «Незвычайныя карункі». Спалучэнне цяжкой готыкі і лёгкіх карункавых матываў атрымалася на дзіва прыгожым.

Сабор Святога Пятра ў Рызе.

Сабор Святога Пятра ў Рызе.

Будзем спадзявацца, што адбудуюць усе тры галоўныя рыжскія музеі — калі ўжо нацыянальную бібліятэку нарэшце дабудавалі, то можна пераключыцца і на іншыя праекты. Але для мяне Рыга ўсё ж горад для ціхіх прагулак, з царствам арт-нуво і багаццем архітэктуры. Мілы горад, варты абавязковага зведвання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?