Канцлер ФРГ Ангела Меркель і большасць міністраў яе кабінета возьмуць удзел у мітынгу «за адкрытую і талерантную Германію», скліканым па ініцыятыве лідэраў мусульманскіх суполак пасля серыі тэрарыстычных актаў у Францыі.

Мітынг, які пройдзе ля Брадэнбургскай брамы ў цэнтры Берліна ў аўторак, наведаюць, як чакаецца, лідары апазіцыйных партый і прэзідэнт Германіі Ёахім Гаўк.

Меркель падзякавала лідарам чатырохмільённай мусульманскай супольнасці Германіі за тое, што яны без прамаруджання асудзілі акты гвалту ў Францыі.

Яна заявіла, што іслам з'яўляецца «часткай Германіі», а сябе назвала лідарам ўсіх немцаў.

Раней вядучыя нямецкія палітыкі заклікалі актывістаў антыісламскага руху PEGIDA («Занепакоеныя еўрапейцы супраць ісламізацыі Захаду») адмовіцца ад запланаванага на панядзелак маршу ў Дрэздэне, дзе падобная акцыя раней сабрала 18 тысяч чалавек.

У адрас PEGIDA чуюцца абвінавачванні ў тым, што рух эксплуатуе у сваіх мэтах забойства, учыненыя джыхадзістамі ў Францыі.

Акцыі ў падтрымку руху і супраць яго запланаваныя ў многіх гарадах Германіі, у тым ліку ў Гановеры, Дзюсельдорфе і іншых, паведамляе тэлекампанія ARD.

У Лейпцыгу акцыя будзе насіць назву LEGIDA. Тут таксама запланавана выступленне іх праціўнікаў.

Свая PEGIDA, як перадае Франс прэс, створана ў Швейцарыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?