17 снежня ў беластоцкім гіпермаркеце жанчына зняла з паліцы маленькае шкляное начынне з надпісам «Водар свята».

Пакруціла ў руках, паспрабавала панюхаць, але абяцаны водар быў надзейна схаваны пад шклом.

Пакуль не набудзеш рэч, не раскрыеш маленькую колбачку, водару свята не адчуеш.

Як уяўляецца свята? Вось так, адразу — не думаючы. Як на каляднай паштоўцы (нездарма ж іх малююць) — дамок пад заснежнымі дрэвамі, у двары жывая ўпрыгожаная ялінка — з шарыкамі. На ялінцы мігцяць агеньчыкі. На стале высокія чырвоныя свечкі… Шчырыя размовы, калі можна гаварыць пра ўсё і цябе разумеюць. Радасць. Надзея. Вера ў будучыню. Што яшчэ? Водар свята — пах елкі, мандарынаў, смачнай ежы.

Няўжо гэта ўсё тут — за тонкім шклом? Раскрыеш, ці разб’еш, і водар свята разліецца наўкола, апануе?

Дарэчы, свечкі… Побач з водарам свята на паліцы — шкляныя падсвечнікі — важкія і празрыстыя. Яна ўзяла адзін з іх. Для свята.

Снежаньскія сутонне і змрок — гэта нешта…. Як правальваешся ў іх. Сяброўка кажа:

— Там ёсць нейкае абяцанне, у гэтым сутонні і мораку. Гэта голас з казкі ці цуду. А казка і цуд не бываюць добрыя. Нават пра Калабка. Гэта змрок напоўнены нечым, дакладна — чарамі. У змроку абяцанне — часам падманлівае вельмі і небяспечнае. Чары, магія, няўлоўнае, але вельмі адчувальнае.

І вось — чары. Сапраўдныя, прафесійныя.

— Дома ў цябе пустата, — гаварыла варажбітка ў Менску, у шэрым доме калі кінатэатра «Змена».

Пустэча. Пустка.

Вакол людзі, ад якіх нічога добрага не пачуеш. Стаіш побач — і ўся энергія як пыласосам высмоктваецца. Дарэшты.

Яе ўгаварыла схадзіць да варажбіткі сяброўка, бо мела праблемы з мужам. Спачатку трэба было знайсці адрэсу, а пасля атрымалася, што трэба і схадзіць.

Знайсці адрэсу было прасцей, па панядзелках яна хадзіла ў саўну і басейн з кабетамі, якія былі звязаныя паміж сабой толькі гэтай лазняй — у асноўным прадпрымальніцы.

Але была сярод іх і жонка дэпутата, у мінулым прадавачка ў кнігарні. Цяпер яна не працавала, але ўвесь час шукала сувязі з іншасветам, які мусіў дапамагаць у вырашэнні штодзённых праблемаў, а таксама спрыяць аздараўленню.

Вось у жонкі дэпутата і атрымала кантакты варажбітак, дзве з іх жылі аж у Паўночным пасёлку, і толькі адна бліжэй да цэнтру, калі кінатэатра «Змена». Спачатку яна думала, што місія яе скончыцца толькі адрасам варажбіткі, але сяброўка сказала, што трэба ісці разам.

Гэта, як гульня, у якую табе прапанавалі згуляць. Ты можаш адразу адмовіцца. І нічога не будзе. Усё спакойна. Ты можаш нават назіраць, як гуляюць іншыя. Але калі пачаў гуляць, то ці зможаш выйсці з гульні, ці будзеш гуляць да знямогі, — ніхто не ведае, нават ты сам не ведаеш, чым скончыцца гульня.

Адмаўлялася спачатку, казала, што Адвент (ад лацінскага слова «прыйсце»), што Пост перакалядны — час утаймоўвання жаданняў і спакусаў. Ісці ў такі час да варажбіткі не варта, нядобра, бо гэты час для роздуму і спасціжэння.

Але пайшла — за кампанію.

Дом ў стылі сталінскага ампіру, «сталінка», як пішуць у аб’явах па продажы нерухомасці, Кватэра на першым паверсе. Націснулі на званок. З кватэры, як ці то ў фільме, ці то ў казцы данеслася:

— Адчынена.

За дзвярым адразу пакой, шчодра аздоблены праваслаўнымі іконамі. У пакоі — нікога.

— Праходзьце, - пачуўся голас збоку.

Варажбітка сядзела на кухні. Мажная, з хімічнай завіўкай і засаленымі картамі — класіка жанру.

І вось пачался варажба:

— Дома ў цябе пустата, у душы пустата.

Зразумела. Тут не трэба і варажыць.

Вось яшчэ:

— Дарога…

Гэта таксама не навіна, вядома — трэба ехаць у Беласток.

І недавер да варажбіткі адбіваецца на твары.

І тут навіна:

— Ты паедзеш у горад, у якім нарадзілася. Надоўга. Назаўжды.

— Што? Што я там буду рабіць.

— Жыць.

— Чаму?

— Зоркі так склаліся.

Якія зоркі? Варажылі па картах.

Выйшла ў калідор. Прыйшла чарга сяброўкі.

— Змяні стаўлене да мужа і ўсё зменіцца, а ўсе праблемы ў вас пачаліся з адной п’янкі, - даносілася з кухні.

— З якой п’янкі?!!

— З п’янкі, якая была ў вас дома.

Чакала сяброўку. У вітальні ўжо былі іншыя жанчыны, якія жадалі ведаць сваю будучыню. І быў нават адзін вельмі сумны мужчына з выглядам загнанага аленя.

— Дарма схадзілі, — сказала сяброўка, калі пасля палілі ў халодным парку. — Нічога яна не распавяла.

І вось Беласток, гіпермаркет, на далоні «водар свята». Шкляны падсвечнік. Купіць чырвоныя свечкі — і ў дарогу з з водарам свята ў кішэні.

— Мяне там чакаюць. Я прывязу водар свята.

Чэргі на польска-беларускай мяжы. Мытнікі трасуць торбы, узважваюць прадукты. Людзі нервуюцца. Халодна, золка. Мокры снег. Адліга.

Менск. Чыгуначны вакзал са святочнай елкай, шары на ёй грукаюцца адзін аб адзін ад ветру. Толькі што з’ехаў цягнік, да гораду, дзе яна нарадзілася. Наступны ў чатыры раніцы.

І таксісты:

— Куды едзем, куды едзем?

— Вы туды не возіце, куды я еду.

— А вы скажыце, можа возім.

Сказала.

— 100 даляраў і паехалі.

Паехалі. Таксіст нават прапанаваў плед — вось яна — утульнасць. Вось дарога да свята, цяпла і супакою. А водар свята ў кішэні.

Снег. Сасна пры дарозе. Шлагбаўм. Назва станцыі «Хорбарава» — ёсць у гэта назве нейкае трывожнае абяцанне. Але назва толькі на імгненне з’яўляецца ў святле фар. І знікае

Таксі праязджае чыгуначныя рэйкі, шлагбаум. Да горада, дзе яна нарадзілася, застаецца зусім недалёка.

Назад не павернеш. Назад таксі паедзе без яе, а цёплы плед застанецца на пустым месцы пасажыра. Яна верыць, што наперадзе свята, што праз год можна пасадзіць жывую елку ў двары, што кот будзе спяваць песенькі, вецер хістаць дрэвы каля дому, а ў доме (які яна адрамантуе — абавязкова — а як іначай) будзе утульна і спакойна. І знікіне пустэча ў душы і навокал.

18 снежня 2014 года

X

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0