Суд Першамайскага раёна Мінска адмовіў праваабаронцы Алене Танкачовай у задавальненні скаргі на рашэнне раённага ўпраўлення ўнутраных спраў аб высылцы яе з Беларусі. Такое рашэнне агучыла 13 студзеня суддзя Наталля Петух. 

Нагадаем, 5 лістапада мінулага года УУС Першамайскага раёна прадпісала Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь і забараніла ёй наведваць краіну ў найбліжэйшыя тры гады. Падставай для такога рашэння сталі зафіксаваныя відэакамерамі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай. 

Праваабаронца гэтае рашэнне абскардзіла. Працэс абскарджвання прадугледжвае прыпыненне прадпісання аб высылцы на тры месяцы — па месяцу на абскарджанне ў кожнай з прадугледжаных інстанцый. 12 снежня праваабаронцы адмовілі ў задавальненні скаргі ў першай інстанцыі — ГУУС Мінгарвыканкама. 

Грамадзянка Расіі Алена Танкачова жыве ў Беларусі каля 30 гадоў. На працягу 20 гадоў Танкачова і Цэнтр прававой трансфармацыі, які яна ўзначальвае, аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. 

На папярэднім пасяджэнні, 12 студзеня, Танкачова папрасіла суд адмяніць рашэнне аб яе высылцы з краіны як прынятае на падставе ўяўных пагроз. Паводле слоў праваабаронцы, органы ўнутраных спраў зыходзяць з таго, што яна раней «кіравала сродкам павышанай небяспекі, парушыўшы правілы дарожнага руху, што магло прывесці да прычынення грамадзянам цялеснага пашкоджання або пацягнуць іх смерць». «Але я за ўсё жыццё ні разу не ўчыняла дзеянняў, якія пацягнулі б прычыненне ўрону здароўю грамадзян. Таму абгрунтаванне органаў унутраных спраў заснавана на ўяўнай пагрозе, якую нельга лічыць дакладнай», — сказала Танкачова. 

Акрамя таго, адзначыла Танкачова, у міліцыі няма дакладных доказаў таго, што менавіта яна кіравала вадзіцелем аўтамабіля, калі камеры зафіксавалі перавышэнне хуткасці. 

Праваабаронца таксама прасіла ўлічыць, што яе «сувязь з Рэспублікай Беларусь носіць доўгачасовы і ўстойлівы характар» — тут у яе ёсць пастаянная праца і маёмасць, а яе дачка з'яўляецца грамадзянкай Беларусі. Ні ў якіх іншых краінах Танкачова не мае ні працы, ні маёмасці, ні жылля. 

Грамадскія актывісты сабралі 7 тысяч подпісаў пад просьбай не высылаць Танкачову з краіны. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць дзеянні ўлад непрапарцыянальнай і палітычна матываванай санкцыяй, звязанай з прафесійнай дзейнасцю праваабаронцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?