Nophone. Не тэлефон. Такі насамрэч прадаецца за 12 даляраў – пэўна, для тых, хто расчараваўся ў смартфонах, але прывык да лапаткі ў кішэні. Фота: hi-tech.mail.ru

Nophone. Не тэлефон. Такі насамрэч прадаецца за 12 даляраў – пэўна, для тых, хто расчараваўся ў смартфонах, але прывык да лапаткі ў кішэні. Фота: hi-tech.mail.ru

Летась з інавацыямі кішэннай электронікі было сумна. Галоўная навінка году — вялікія iPhone 6 і 6 Plus. Для Apple вялікія экраны былі доўгачаканай навінкай, для астатніх — будзённай рэчаіснасцю. Нямногія заўважылі практычную карысць інавацыі Samsung — загнутага дысплэя Galaxy Note Edge. Так і не заваяваў рынак расійскі двухэкранны YotaPhone. Наўрад ці шмат людзей зараз памятаюць навінку Amazon, Fire Phone з чатырма франтальнымі камерамі.

Што маем

Першыя навінкі тэхнічнага характару 2015 года — 12-ядзерныя працэсары (пакуль рэкорд — 8-ядзерныя), экраны разрозненнем 4K (пакуль рэкорд — 2К) ды звышмагутны мабільны чып Nvidia Tegra X1, здольны выдаваць карцінку на ўзроўні сучасных кансоляў.

Смартфоны стануць больш магутнымі, так. Праўда, яны ўжо здольныя запускаць крутыя гульні кшталту GTA San Andreas, ды такіх гульняў няшмат. Дысплэі стануць лепшымі, так. Праўда, пабачыць асобныя пікселі без лупы чалавечае вока няздольнае нават на FullHD-дысплэі, чаго там у два разы больш выразны 2K.

LG G Flex 2. Фота з сайта macdigger.ru

LG G Flex 2. Фота з сайта macdigger.ru

Адзінай значнай навінкай першай буйной тэхна-выставы CES-2015 у Лас-Вегасе стаў LG G Flex 2 – смартфон, які можна смела гнуць і не баяцца класці ў заднюю кішэню. Праўда, ён ёсць амаль поўнай копіяй першага G Flex канца 2013-га, толькі «жалеза» памацней. Яшчэ Asus прадставіў Zenfone Zoom – смартфон з трохкратным аптычным зумам. Праўда, з мінулай вясны ў продажы Samsung Galaxy K zoom, смартфон з 10-кратным аптычным зумам.

Ад Apple у гэтым годзе варта чакаць iPhone 6S. Традыцыйна вялікія інавацыі нясуць новыя «нумары» ў мадэлях, а мадэлі «нумар-эс» нясуць толькі нязначныя «навароты». Samsung мусіць паварушыцца, продажы іх папярэдняга флагманскага смартфона Galaxy S5 былі далёка не сенсацыйнымі. Праўда, паводле чутак нават дызайн Galaxy S6 будзе нагадваць S5, а тэхнічныя інавацыі браць проста няма адкуль.

Ды ладна «цары гары», ім і так жывецца непагана. Але і меней багатыя і паспяховыя не рызыкуюць рабіць нешта рэвалюцыйнае. Флагманскія смартфоны як згаданай LG, так і HTC ці Sony проста «хутчэй, вышэй, мацней», а нейкія новыя «фішкі» калі і з’яўляюцца, то не ідуць у масы.

Чаго чакаць

Ды пару «тузоў у рукаве» 2015 год для тэхнаманаў усё ж мае.

Project Ara. Фота з сайта slashgear.com

Project Ara. Фота з сайта slashgear.com

Верагодна, самым незвычайным тэлефонам года стане (калі выйдзе) Project Ara – модульны смартфон Google, які літаральна можна сабраць па частках. Наўрад ці адразу з’явіцца шырокі выбар дэталяў для яго, ды і продаж можа быць абмежаваны тэрыторыяй ЗША. Затое калі купіць такі, можна спадзявацца, што праз год не прыйдзецца купляць новы, а дастаткова будзе паставіць толькі новы працэсар ці круцейшую камеру.

З выхадам Windows 10 увосені можна чакаць абнаўлення асартыменту Windows-планшэтаў, а мо і падзення цэн на планшэты з «дарослай» настольнай Windows. Быць можа, пытанне «ноўтбук ці планшэт» вырашыцца на карысць планшэта для трохі большага адсотку людзей.

Apple Watch. Фота з сайта wired.co.uk

Apple Watch. Фота з сайта wired.co.uk

Але галоўным гаджэтам году хутчэй за ўсё стане Apple Watch, разумны гадзіннік ад стваральнікаў «айфона». Як у свой час iPhone зрабіў моднымі і зручнымі смартфоны, якія і так даўно былі на рынку, так і Apple Watch можа разварушыць рынак наручнай тэхнікі. Нажаль, невядома, чым менавіта можа разварушыць: нечаканых функцый ці новых сцэнароў выкарыстання разумных гадзіннікаў на прэзентацыі Apple Watch прадстаўлена не было.

Хіба адзіная функцыя Apple Watch, якая зменіць свет – інтэграцыя плацёжнай сістэмы Apple Pay. Замест пластыкавай карткі ці папяровых купюр можна будзе зрабіць пакупку з дапамогай гадзінніка (і камісіяй у 0,15%). Магчыма, такі спосаб аплаты дабярэцца ў гэтым годзе да Еўропы, але наўрад ці да Беларусі.

Ды нічога страшнага: у Беларусі не так шмат уладальнікаў iPhone, затое пасля выхаду iPhone стала багата ўладальнікаў смартфонаў наогул. Магчыма, так выйдзе і з разумнымі гадзіннікамі: Apple зробіць іх моднымі, астатнія панясуць у масы. Пэўна, пакупкай года-2015 стане не смартфон, а смарт-гадзіннік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?