Ігар Бузоўскі пераняў эстафету галоўнага ідэолага краіны ў Аляксандра Радзькова. Фота photo.bymedia.net

Ігар Бузоўскі пераняў эстафету галоўнага ідэолага краіны ў Аляксандра Радзькова. Фота photo.bymedia.net

Беларуская ідэалогія займела новы твар. Цяпер сфармуляваць нацыянальную ідэю паспрабуе 42-гадовы кіраўнік БРСМ Ігар Бузоўскі, якога перавялі на пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Як Бузюкі сталі Бузоўскімі

Будучы ідэолаг нарадзіўся ў вёсцы Кашалёва, за некалькі кіламетраў ад Навагрудка. Прозвішча рэдкае для мясцовасці, дый увогуле для Беларусі.

Адкуль узяліся Бузоўскія на Наваградчыне? «Як расказваў муж, раней было прозвішча Бузюк. Калі ў 1920-я прыйшлі палякі,уся радня перапісаліся на польскі лад, — узгадвае цётка ідэолага Лідзія Бузоўская. — А як палякі сышлі, усе зноў сталі Бузюкамі (Бузукамі), і толькі адзін застаўся Бузоўскім». Шляхетнае прозвішча пакінуў сабе дзядуля ідэолага.

Лідзія Канстанцінаўна жыве ў Навагрудку. Яна была замужам за дзядзькам Ігара Бузоўскага, але можа расказаць і пра бацьку ідэолага Івана Іванавіча.

«Калі майму мужу было тры гады, а Вані — сем, памёр бацька. Іх выхоўвала адна маці. Яна ўсё жыццё працавала даяркай на ферме. Сям’і было вельмі цяжка, таму да працы хлопцы былі прывучаныя з самага дзяцінства. Трэба і на агародзе паспець, і малатком нешта зрабіць», — кажа яна. Лёс не маляваў перад хлопцамі асаблівых перспектываў, але будучыня пераўзышла ўсе самыя смелыя чаканні.

«Мой муж вучыўся лепш за Ваню, але таму дапамог лёс», — тлумачыць Лідзія Канстанцінаўна.

Бацька ў органах

Калі Іван Бузоўскі вярнуўся з войска, яго адразу паставілі старшынёй сельсавета ў Налібаках. Нявестка кажа, што за Івана нібыта замовіў слова старшыня мясцовага, Кашалёўскага, сельсавета.

Далей — больш. У Бузоўскага не было ніякіх уплывовых сваякоў, якія маглі б цягнуць яго наверх, але неўзабаве ён паступіў у Маскву на юрыдычны факультэт, хай і на завочку.

Адзінай атрыманай адукацыяй у яго на той момант была школа ў суседняй вёсцы.

Наступнае прызначэнне было яшчэ больш перспектыўным. У сярэдзіне 1970-х Іван Бузоўскі стаў першым сакратаром Навагрудскага райкама камсамола — тагачаснага БРСМ. А праз некалькі гадоў канчаткова сышоў працаваць у КДБ.

«Людзі з КДБ вельмі ўтойлівыя. Я спачатку хацела нешта пытаць, а пасля думаю: навошта мне гэта? Калі я замуж выходзіла за ягонага брата, то пра мяне яны ж усё вывучылі», — са смехам узгадвае Лідзія Бузоўская.

Вера, жонка Івана, вывучылася на бухгалтара. Калі бацька пайшоў працаваць у «органы», у сям’і ўжо гадаваўся Ігар. Ягоным месцам нараджэння пазначана Кашалёва, але яшчэ немаўлятам яго перавезлі ў Навагрудак. У родную вёску хлопец вяртаўся на лета да бабулі.

Бацькоўская хата чыноўніка стаіць дагэтуль, яе выкарыстоўвае як лецішча ягоная стрыечная сястра.

Дзяцінства Ігара Бузоўскага было неспакойным. У школу ён пайшоў у Навагрудку, дзе ў мясцовым КДБ служыў бацька, але пасля давялося паездзіць па Беларусі. Навагрудак, Гродна, Ваўкавыск, зноў Гродна, Мінск… Івана Іванавіча перакідвалі з месца на месца, ён цэлымі днямі шчыраваў на чэкісцкай рабоце, хатняя гаспадарка была на жонцы.

Тым часам у Ігара нарадзілася сястра. Вольга адвучылася на эканаміста, цяпер адкрыла сваю справу.

Бузоўскія заўсёды дапамагалі сваякам. «Яны ніколі не пакідалі ў бядзе. І калі памёр мой муж, і калі дачка трапіла ў аварыю… Кожны дзень Іван Іванавіч вазіў ежу ў рэанімацыю, штодзень, больш за месяц», — узгадвае Лідзія Канстанцінаўна.

Вайсковая служба цягнулася нядоўга

Сканчваў школу Ігар у Мінску. Калі надышоў час вырашаць, куды паступаць, хлопец пайшоў у Мінскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча. Гэтае рашэнне было самастойным ці ён проста пайшоў шляхам бацькі ў сілавікі? Пра свой выбар прафесіі Бузоўскі не расказваў ніколі.

Так ці інакш, адвучыўшыся і адпрацаваўшы год на афіцэрскай службе, Ігар вярнуўся ў Навагрудак. «Афіцэрская праца была Ігару недаспадобы», — узгадвае цётка.

Малады чалавек уладкаваўся ва ўпраўленне адукацыі Навагрудскага райвынкама. Бузоўскі знайшоў сябе ў Цэнтры пазашкольнай працы. Быў псіхолагам у школе і ПТВ, узначаліў аддзел сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай работы.

У Навагрудку ён і ажаніўся, маладыя пасяліліся ў жонкі. Дарэчы, адзіны сын Бузоўскіх, Андрэй, паступіў у Вышэйшы сталічны каледж сувязі.

Сын ідэолага Андрэй Бузоўскі.

Сын ідэолага Андрэй Бузоўскі.

Ініцыятыўнаму, у рамках сістэмы, маладому чалавеку не далі застацца ў правінцыі. У канцы 1990-ых ён стаў памочнікам сакратара ЦК Беларускага патрыятычнага саюза моладзі, затым папрацаваў у моладзевым цэнтры «Юнацтва», у юнацкім хакейным клубе «Залатая шайба»…

А пасля апынуўся на БТ. У 2002-м Бузоўскі стаў намеснікам кіраўніка дырэкцыі прамоцыі Белтэлерадыёкампаніі. Аддзел займаўся фарміраваннем сеткі вяшчання БТ, а Ігар адказваў за сувязі з грамадскасцю.

Для таго, каб перайсці на кіраўнічыя пасады, Бузоўскаму не хапала «цывільнай» адукацыі. У Беларусі большасць патэнцыйных чыноўнікаў паступала ў Акадэмію кіравання, але ідэолаг пайшоў іншым шляхам. Ён абраў Акадэмію дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расіі.

У 2003-м Бузоўскі нарэшце апынуўся ў наваствораным БРСМе. Тры арганізацыі аб’ядналіся пад гэтай назвай, каб быць увасабленнем дзяржаўнай моладзевай палітыкі.

У БРСМ Бузоўскага зрабілі другім сакратаром. Сайт арганізацыі называў яго ініцыятарам акцый «За!», «Ачысцім Інтэрнэт ад бруду», «Кветкавая рэвалюцыя па-беларуску».

Кар’ера рухалася паспяхова, бо ў 2005-м яго перавялі дарадцам у галоўнае ідэалагічнае ўпраўленне Адміністрацыі прэзідэнта. Тут Бузоўскі-малодшы затрымаўся на пяць гадоў.

Выхавальнік маладых чэкістаў

Чым займаўся Бузоўскі-старэйшы? Імёны кадэбэшнікаў, нават самых высокіх, рэдка фігуруюць у прэсе. Праца патрабуе цішыні. Але Іван Іванавіч «засвяціўся».

У ніжнім шэрагу Іван (справа) і Ігар Бузоўскія.

У ніжнім шэрагу Іван (справа) і Ігар Бузоўскія.

«Пасля праходжання школы КДБ па лініі знешняга назірання я быў накіраваны ў 7-е ўпраўленне… Маім непасрэдным кіраўніком быў Іван Бузоўскі, начальнік аддзела КДБ, — пісаў былы работнік спецслужб Аляксандр Рабец, які ў 2000-я ўцёк з Беларусі і папрасіў у Еўрасаюзе палітычны прытулак.

«Нас прыцягвалі не толькі для барацьбы з крыміналам, але і для працы на мітынгах… Нас арыентавалі на лідараў апазіцыі. Назіранне і даклад за іх дзеяннямі. А таксама за актыўнымі ўдзельнікамі акцый»,— расказваў Рабец.

Цяпер ад актыўнай працы ў спецслужбах Іван Бузоўскі адышоў. «Я ўжо на пенсіі, — расказваў некалькі гадоў таму палкоўнік. — Але працую ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі краіны, а таксама ўзначальваю ветэранскую арганізацыю, якая займаецца выхаваннем маладых чэкістаў».

Інстытут нацыянальнай бяспекі (ІНБ) пры КДБ — тая самая ўстанова, на тэрыторыі якой у цэнтры Мінска быў усталяваны «помнік чэкістам» з барэльефнай выявай Фелікса Дзяржынскага.

Актыўнасці старэйшаму Бузоўскаму не займаць — на папярэдніх прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах ён запісваўся ў выбарчую камісію.

Летась «прадстаўнік дзяржбяспекі Іван Бузоўскі» нават выступаў на прафсаюзнай спартакіядзе. Спрабаваў свае сілы ў більярдзе, але стаў толькі 19-м з 25 удзельнікаў.

Чым запомніцца Бузоўскі ў БРСМ?

У 2010 Ігар Бузоўскі ўзначаліў БРСМ — моладзевую арганізацыю, якая налічвае паўмільёна чальцоў.

Пад яго кіраўніцтвам прайшлі два запамінальныя флэш-мобы. Каля ўваходу на Камароўку актывісты правялі перфоманс «Спецыяльна для НТВ!». Яны ўсталявалі імправізаваны тэлевізар з застаўкай «Асцярожна! Смярдзіць канал НТВ!». Інфармацыйная нагода — дакументальны фільм «Хросны бацька», прысвечаны Аляксандру Лукашэнку. Дарэчы, у эфіры «НТВ-Беларусь» фільм так і не паказалі.

Акрамя таго, на тле газавых войнаў паміж Беларуссю і Расіяй актывісты правялі здзеклівую акцыю «Дапаможам, чым можам, расійскаму «Газпрому».

Раней саюз дамогся таго, што пры паступленні ў ВНУ сілавых структур пры іншых роўных перавага аддаецца абітурыенту з рэкамендацыяй ад БРСМ. Больш за тое, Лукашэнка прапаноўваў улічваць рэкамендацыю БРСМ пры працаўладкаванні ў праваахоўныя органы.

Балючае пытанне — дзяржаўнае фінансаванне арганізацыі. З дня заснавання БРСМ Лукашэнка перыядычна ўздымае пытанне аб самаакупнасці арганізацыяй. З 2010 датацыі з бюджэту перавысілі $20 мільёнаў.

На крытыку, што БРСМ з’ядае практычна ўвесь аб’ём фінансавання на маладзёжную палітыку, Бузоўскі заяўляў, што яго арганізацыя заўсёды падтрымлівала ідэі прэзідэнта і ўрада.

«Камсамол — наша плоць і кроў»

Ігар Бузоўскі атрымаў вайсковую адукацыю, але, па словах сваякоў на малой радзіме, куды больш яму падабалася быць масавіком-забаўнікам. Ці ўдалося яму знайсці супольную мову з моладдзю?

Тры гады таму ён заяўляў, што БРСМ адкрыў каля 500 блогаў, каб супрацьстаяць «бруду і хлусні, якая распаўсюджваецца ў сетцы». Аднак сам Бузоўскі так і не стаў актыўным карыстальнікам сацыяльных сетак. Зрэшты, любую інфармацыю пра яго на сайтах незалежных выданняў з задавальненнем каментуе армія прыхільнікаў: «Ігар Бузоўскі — сапраўды годная кандыдатура! Поспехаў яму і высокіх дасягненняў!», «Новыя прызначэнні — новыя планы. Новыя перспектывы. Спадзяюся, што чыноўнікі не падвядуць», «Новыя людзі — новыя ідэі! Жадаем поспеху і высокіх дасягненняў!».

На крытычныя пытанні ад моладзі лідар БРСМ рэагуе даволі рэзка. Калі на адной з сустрэч студэнт падняў пытанне, ці патрэбны абавязковы прызыў у войска, Бузоўскі яго адразу асадзіў: «Каб утрымліваць прафесійнае войска, трэба з сябе апошнія штаны зняць. Калі да цябе дамой уварвецца злачынец, ты што, будзеш чакаць прафесійную армію? Кожны мужчына павінен умець абараніць сваю сям’ю. І калі нешта здарыцца, то ўзяць зброю і ваяваць за сваю Радзіму».

Пра сябе Бузоўскі кажа, што ён «не тусоўшчык». Яму куды камфортней казаць пра арганізацыю з прывязкай да камсамола. «Гэта наша плоць і кроў», — заявіў ён у адным з інтэрв’ю.

Чыноўнік з трыма пасадамі

Ігар Бузоўскі стаў лідарам БРСМ у 37 гадоў. Пры гэтым верхняя ўзроставая мяжа для сяброў арганізацыі — 31 год.

Зрэшты, нават пасля прызначэння на пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Бузоўскі нібыта застаецца першым сакратаром. Прэс-сакратар саюза патлумачыла, што гэта выбарная пасада, аднак адмовілася адказаць, ці будзе разглядацца новая кандыдатура на найбліжэйшым з’ездзе.

Дарэчы, наконт новага з’езда БРСМ. Бузоўскі казаў, што ён мае прайсці напрыканцы 2014-га. Аднак гэтага так і не адбылося. Паводле статута арганізацыі, першы сакратар абіраецца менавіта на з’ездзе. Тэрмін яго паўнамоцтваў — тры гады. Папярэдні з’езд прайшоў у снежні 2011-га.

З'езды БРСМ традыцыйна наведвае Аляксандр Лукашэнка.

З'езды БРСМ традыцыйна наведвае Аляксандр Лукашэнка.

У Бузоўскага ёсць і трэцяя пасада — член савета рэспублікі. Па словах начальніка сакратарыята Сяргея Бервіна, сенатар працягне працу ў камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. Праўда, за наведванне пасяджэнняў у верхняй палаце парламента чыноўніку не плацяць.

…Доўгія гады сімвалам роднай вёскі Кашалёва было велізарнае дрэва, якое расло на скрыжаванні з дарогай на Навагрудак. У яго гонар нават назвалі прыпынак— «Дуб».

Аднак у дрэва трапіла маланка, і яно прапала. Мясцовыя жыхары спрабавалі пасадзіць новы дуб, але ўсё марна. Тады да справы падключыўся БРСМ. Паводле задумы Бузоўскага, дуб мусіў стаць сімвалам пераемнасці камсамола, які «вытрымаў, абнавіўся і сёння дзейнічае як БРСМ».

На ўрачыстую пасадку прыехаў і бацька Бузоўскага. «Такім інструментам, як рыдлёўка, ён валодае віртуозна»,— адзначала мясцовая прэса. «Любіць у нас пакрасавацца Іван Іванавіч», — смяюцца землякі.

Урачыстая цырымонія скончылася, ідэолагі раз’ехаліся. А сімвал пераемнасці зноў засох.

* * *

Ігар Бузоўскі

Нарадзіўся ў 1972 у вёсцы Кашалёва Навагрудскага раёна. Скончыў Мінскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча (1993) і Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расіі (2005).

У 1993—1994 служыў афіцэрам у войску, у 1994—1998 працаваў у Цэнтры пазашкольнай работы ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама.

У 1998—2002 займаў кіруючыя пасады ў моладзевых грамадскіх арганізацыях, у 2002—2003 працаваў на БТ, у 2003—2005 — другі сакратар ЦК БРСМ.

У 2005—2010 працаваў дарадцам у Адміністрацыі прэзідэнта, у 2010—2014 — першы сакратар ЦК БРСМ. З 2014 — намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Жанаты, мае сына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?