Адшукаў іх брэсцкі мастак Анатоль Жалудко. Ён лічыць невыпадковым факт, што менавіта на беразе канала Вінец, дзе раней знаходзіліся манеты ВКЛ, так званыя «барацінкі», праявіліся і больш раннія манеты.

«Манеты — сплаў серабра з волавам. Пазнаюцца выявы імператара, чытаюцца літары», — распавёў спадар Анатоль. Ён зазначыў, што рымскія манеты трапляліся тут і раней. Самы вялікі скарб яшчэ ў савецкія часы падняў у адной з вёсак Бярозаўскага раёна экскаватаршчык. Там было каля 400 манет.

Спадар Жалудко лічыць, што яго знаходка пацвярджае версію, выказаную даследчыкамі Ю. Барысюком і С. Янюком: тут, ад ракі Мухавец праз раку Вінец у Ясельду і далей у Прыпяць, пралягала адгалінаванне Бурштынавага шляху з басейна Балтыйскага ў басейн Чорнага мора. Каля вёскі Мухаўлокі быў волак з прытоку Буга ў прыток Прыпяці.

Спадар Жалудко кажа, што ягоная знаходка пойдзе ў пераліку ўжо пад нумарам 43, а гэта значыць, што рымскіх манет у нашай зямлі шмат: «У лесе ды на балоце іх ніхто рассяваць не стаў бы — гублялі купцы па дарозе».

Дзе ж гэтае мноства ўнікальных манет?

«Яны вокамгненна разыходзяцца па калекцыянерах, — тлумачыць знаходнік. — Хоць маюць адносна невялікую вартасць, але цікавыя як гістарычныя артэфакты. Вакол іх, як вакол таго скарбу ў Бярозаўскім раёне, наблыталася нават крымінальных гісторый са знікненнем іх са службовых сейфаў».

Знойдзеныя манеты і артэфакты спадар Жалудко далучае да свайго ўласнага гісторыка-этнаграфічнага музея. У ім ужо каля дзвюх тысяч экспанатаў. Музей мае стаць адным з пунктаў паказу ў этнаграфічна-турыстычным цэнтры «Наш родны кут Сабалі». Цэнтр мае быць уведзены ў эксплуатацыю ў 2015 годзе. Дзеля яго побач з трасай М1 загадам Лукашэнкі вылучаныя 300 гектараў зямлі. На ёй будуюць гатэль, рэстаран, лыжаролерную трасу, ферму буйной рагатай жывёлы, аўтапаркоўку. 15 мільёнаў даляраў на стварэнне цэнтра ў сваёй роднай вёсцы выдаткаваў уласнік групы кампаній «Трайпл» Юрый Чыж.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?