Дэпутаты Дзяржаўнай думы Аляксандр Сідзякін і Алег Саўчанка выйшлі на сувязь з Антарктыды.

З парламентарыямі звязаліся прадстаўнікі турфірмы «Сем вяршыняў», якая арганізавала іх экспедыцыю. Сувязь з Сідзякіным і Саўчанкам знікла, калі яны спрабавалі падняцца на пік Вінсан — вышэйшы пункт кантынента.

Раней у Расійскай антарктычнай экспедыцыі паведамілі, што дэпутаты прыбылі ў Антарктыду ў парушэнне закона РФ аб дзейнасці на кантыненце, за які яны самі галасавалі ў Дзярждуме.

«Я не разумею, якім чынам дэпутаты Дзярждумы апынуліся ў Антарктыдзе. Мне абсалютна дакладна вядома, што ніякая юрыдычная або фізічная асоба не звярталася за дазволам на дзейнасць у Антарктыцы ў 2015 годзе, звязаную з горным узыходжаннем. Да нас яны ніяк не звярталіся», — заявіў кіраўнік Расійскай антарктычнай экспедыцыі (РАЭ) Валерый Лукін.

У выніку РАЭ не зможа аказаць дапамогу парламентарыям, калі спатрэбіцца арганізаваць выратавальную аперацыю.

«Мы павінны нямэтавым чынам выкарыстаць бюджэтныя грошы? Да нас потым Падліковая палата прыйдзе. Няма ў Антарктыдзе афіцыйных выратавальных службаў. Любыя пошукавыя работы ажыццяўляюцца за кошт нацыянальных экспедыцый. Але раз яны дамовіліся з нейкай лагістычнай арганізацыяй, якая іх туды даставіла, то яны павінны былі прадугледзець і выратавальную аперацыю», — растлумачыў кіраўнік экспедыцыі.

Прадстаўнік фірмы «Сем вяршыняў» Вольга Румянцава заявіла, што ў выпадку НС праходзіла б звычайная выратавальная аперацыя па амерыканскай страхоўцы з самалётам і мясцовымі гідамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?