Напярэдадні прадпрымальніцкай акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, заплянаванай на 12.00 10 студзеня, адміністрацыі шэрагу сталічных рынкаў пачалі папярэджваць гандляроў пра адказнасьць за парушэньне рэжыму працы.

У Сеціве зьявіўся тэкст аб’явы, якую адміністрацыя кірмашу «Сьвет кнігаў», распаўсюдзіла сярод прадпрымальнікаў: «10 студзеня 2008 г. з 11.30 па 15.00 адбудзецца праверка выкананьня рэжыму працоўнага дня камісіяй у складзе прадстаўнікоў Менгарвыканкаму, МНС і МУС. У выпадку закрыцьця гандлёвага месца без уважлівай прычыны і адсутнасьці прадаўца розьнічная ліцэнзія будзе ануляваная».

«Лідэры прадпрымальніцкага руху ўжо ў курсе сытуацыі» — патлумачыў сябра руху «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Віктар Калей. Па яго словах, адміністрацыі менскіх рынкаў атрымалі цэнтралізаваны загад нэўтралізаваць заўтрашнюю акцыю. І цяпер кіраўніцтва рынкаў, як у выпадку з кірмашом «Сьвет кнігаў», праяўляе фантазію, кажа сп. Кулей. Паводле інфармацыі Аляксандра Макаева, на Ждановіцкім рынку адміністрацыя папярэджвае індывідуальных прадпрымальнікаў пра адказнасьць за парушэньне рэжыму працы.

Варта адзначыць, што ў сёньняшнім нумары «Советской Белоруссии» зьявіўся на гэтую тэму артыкул «Гульні з ралетамі». У ім ні слова пра прычыны закрыцьця часткі гандлёвых кропак у сталічных гандлёвых цэнтрах, аднак гаворыцца пра тое, што ад «легкадумнасьці» прадпрымальнікаў церпяць спажыўцы. І дадаецца камэнтар начальніка ўпраўленьня прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму Аляксандра Каліноўскага пра пагрозу пазбаўленьня прадпрымальніка ліцэнзіі за парушэньне рэжыму працы гандлёвай кропкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?