Дарыюс Удрыс — літовец, які вырас у Амерыцы і не ведае ніводнай славянскай мовы, балатуецца ў кіраўнікі беларускага ўніверсітэту ў выгнанні. Аб сваіх думках што да будучыні і перспектывах ЕГУ Дарыюс распавёў «Нашай Ніве».

НН: Дарыюсе, мы аб вас нічога не ведаем.

Дарыюс Удрыс: Мне 42 гады, я нарадзіўся ў сям'і літоўцаў, якія эмігравалі ў ЗША. Маці — лінгвістка-настаўніца, бацька — юрыст. Так выйшла, што ў Літве я адчуваю сябе на сваім месцы, уважаю яе сваёй бацькаўшчынай, таму я вярнуўся сюды, а бацькі засталіся ў Амерыцы.

Перад вяртаннем у Літву я скончыў каледж у Мічыгане, потым універсітэты ў Нямеччыне і Каліфорніі.

Што сказаць яшчэ пра сябе? Я разведзены і не маю дзяцей, захапляюся снаўбордзінгам, плаваннем і гісторыяй. Адчуваю ў сабе сілы працаваць і рабіць жыццё навокал лепшым.

НН: ЕГУ крытыкуюць за раздзьмуты штат і непамерныя траты грошай на менеджараў. Скажыце, колькі на ваш погляд павінен зарабляць рэктар, топ-менеджары і выкладчыкі?

Дарыюс Удрыс: Увогуле, годны рэктар можа зарабляць да 100 000 еўра за год, але гэта не кажа аб тым, што я стаў рэктарам і адразу прызначыў сабе такую зарплату — не. Мы мусім выпрацаваць канкрэтную сістэму аплаты, заснаваную на эфектыўнасці кожнага супрацоўніка. Нашыя топ-менеджары не павінны зарабляць у дзясяткі разоў больш за выкладчыкаў. Што датычыць выкладчыкаў ЕГУ, то іх заробкі і так вельмі канкурэнтаздольныя. Але я б вельмі ганарыўся, калі мы адшукаем рэсурсы — за кошт эканоміі ці чагосьці яшчэ, і кожны год будзем павышаць настаўнікам заробкі сыходзячы з узроўню інфляцыі.

НН: А колькі за адукацыю павінны плаціць студэнты?

Дарыюс Удрыс: Гэта вельмі далікатнае пытанне, і вырашаць яго трэба ў цесным супрацоўніцтве з самімі нашымі студэнтамі і астатняй часткай акадэмічнай супольнасці. Але мне падаецца, што мы павінны стварыць сістэму мэтавай фінансавай дапамогі і зніжак на адукацыю, каб прыцягнуць ва ўніверсітэт больш студэнтаў. Плюс да гэтага я прапаную стварэнне адмысловага фонду, праз які можна будзе дапамагаць беларускім студэнтам згладжваць наступствы, напрыклад, рэгулярных дэвальвацый.

А кошт адукацыі без усялякіх бонусаў мне бачыцца на ўзроўні 2000—2500 еўра.

НН: ЕГУ — беларускі ўніверсітэт у выгнанні, які сёння, на думку некаторых, згубіў разуменні паняцця «беларускасць». Што вы ўкладваеце ў гэтае і слова і ці будзе беларускім ВНУ, рэктар якога — літовец-амерыканец?

Дарыюс Удрыс: ЕГУ — гэта ўнікальны праект, унікальнасць якога менавіта ў беларускасці. Калі б яе не было, то ўніверсітэт нават не праіснаваў бы, бо не было б той донарскай падтрымкі, той ідэнтычнасці, цікавасці да яго. Я бачу сваю місію ў тым, каб навучыць нашых беларускіх студэнтаў адчуваць сябе сапраўднымі еўрапейцамі, сапраўднымі беларусамі, свабоднымі беларусамі.

НН: Якая частка прадметаў павінна выкладацца па-беларуску?

Дарыюс Удрыс: Моўная палітыка ў беларускім універсітэце — гэта складанае пытанне. Калі мы гаворым аб папулярызацыі ЕГУ і рэкрутавання ў яго новых студэнтаў, нельга адштурхоўваць і іншых патэнцыйных ахвотных да адукацыі – рускамоўных беларусаў, рускіх ці ўкраінцаў. Нельга рабіць іх белымі варонамі.

І ў той жа час мова фармуе разуменне таго, хто мы ёсць — я на сабе адчуў гэта, калі жыў у Амерыцы. Таму найлепшы спосаб да прасоўвання беларускай мовы ў ЕГУ — гэта дэманстрацыя яе карыснасці: правядзенне перадавых даследаванняў па-беларуску, распрацоўка высакаякасных матэрыялаў і курсаў на беларускай мове.

Я мушу зрабіць так, каб «беларускае» стала сінонімам «якаснага». Для пачатку гэта можна стымуляваць бонуснымі выплатамі, узнагародамі і грантамі для даследаванняў — я асабіста ведаю шмат людзей-беларусаў, якія гатовыя шчодра фінансаваць такія праекты.

НН: Калі вы станеце рэктарам, то праз які час вы навучыцеся размаўляць па-беларуску?

Дарыюс Удрыс: Я вывучыў літоўскую мову, калі ў дзяцінстве слухаў гутаркі бацькоў. Вывучыў англійскую, калі жыў у ЗША. Вывучыў нямецкую ў школе і ўдасканаліў яе, калі жыў у Нямеччыне. І неўзабаве планую вывучыць рускую і беларускую — ужо наняў настаўніка для інтэнсіўных курсаў. Тое, што я пакуль не валодаю гэтымі мовамі, — безумоўна, мой мінус. 

НН: На што вы, калі станеце рэктарам, зробіце акцэнты пры распрацоўцы навага плана развіцця ЕГУ?

Дарыюс Удрыс: Гэта, канечне, фінансавыя пытанні: размеркаванне сродкаў, эканомія. ЕГУ — маленькі ўніверсітэт, таму мы павінны сканцэнтравацца на тым, што можам добра рабіць — і рабіць гэта. Пра іншае — я ведаю аб заняпадзе якасці сярэдняй адукацыі ў Беларусі. Таму, як мне падаецца, ЕГУ павінен рабіць стаўку на граматны і паслядоўны рэкрутынг. Мы павінны рабіць усё для таго, каб зацікавіць у нашай адукацыі, у першую чаргу, пераможцаў унутрыбеларускіх алімпіядаў, гімназістаў і ліцэістаў. ЕГУ павінен прыцягваць да сябе лепшую беларускую моладзь з высокай матывацыяй. І вось яшчэ — нядаўна я дамовіўся аб спецыяльных умовах атрымання шматразовай візы для нашых выпускнікоў, а надалей планую працаваць над тым, каб аблегчыць уезд у Літву і бацькам студэнтаў ЕГУ.

НН: Калі вы станеце рэктарам, колькі часу вам трэба, каб вырашыць праблемы ЕГУ?

Дарыюс Удрыс: Цяжка дакладна адказаць, але я думаю, што правесці рэформы можна за 6 месяцаў, унармаваць бюджэт — за год, а паказаць значны прагрэс — за 2—3 гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?