У ноч з суботы на нядзелю, 6 студзеня у в. Пінкавічы, Пінскага рёну, Берасьцейскай вобласьці загарэў будынак мясцовай пратэстанцкай царквы Хрысьціянаў веры эвангельскай. Як паведаміў Хрысьціянскаму праваабарончаму дому пастар царквы Аляксандар Блышчык, пажар пачаўся з дрывотніку, які знаходзіўся у некалькіх метрах ад малітоўнага дому:
«У чатыры гадзіны раніцы, калі я прыйшоў на месца пажару, амаль усё ўжо згарэла, засталіся толькі падмуркі. Падпал … Я нават не хачу думаць і гаварыць пра гэта. Калі нехта яго ўчыніў, то гэта проста жахліва».
Царква мае каля 110 прыхаджанаў. Страчаны будынак меў агульную плошчу каля 120 м² — гэта заля для набажэнстваў, некалькі пакояў для заняткаў нядзельнай школы і канцылярыя.
«У дрывотніку не было электрычнасьці, ніхто з нашых людзей ня паліць, электрапрыборы і сьвятло ў малітоўным доме былі адключаныя… Як такое магло здарыцца? — кажа Аляксандар Блышчык. — Уся нашая царква цяпер у вялікім смутку. Мы плянуем шукаць новае месца і будаваць новы дом».
Мясцовыя праваахоўныя органы пачалі следзтва. Ніхто зь людзей у часе здарэньня не пацярпеў.