У Мінску на Кірава, 6 калісьці была крама «Gloria Jeans». Але знікла. Відаць, расейскі брэнд не пратрымаўся на нашым рынку. Складанасці ўзнікаюць і ў Расіі. Як сёння жывецца расейскім кампаніям, якія займаюцца модай?

Фота: Дзмітрый Смірноў/Snob.ru

Фота: Дзмітрый Смірноў/Snob.ru

Уласнік «Gloria Jeans» Уладзімір Мельнікаў (дарэчы, ён нарадзіўся ў Беларусі, а дакладней — у Паставах) вырашыў перавесці галоўны офіс кампаніі з Растова-на-Доне ў Ганконг.

У інтэрв'ю журналістцы і тэлевядучай Ксеніі Сабчак, якое апублікавана на сайце Snob.ru, Мельнікаў заявіў, што на фоне апошніх падзей, звязаных з Крымам і Украінай, ён атрымлівае розныя лісты, аўтары якіх патрабуюць прыбраць замежныя назвы з джынсаў.

«Мне ўжо напісалі ліст. «Мы ад усяго Краснадарскага краю патрабуем: прыбярыце замежныя назвы са сваіх кашулек і джынсаў, таму што мы хочам бачыць рускае», — распавёў Мельнікаў. І дадаў, што на такія просьбы ён нічога не адказвае.

«Я не патрыёт. Патрыятызм — апошні прытулак нягоднікаў, — дадаў бізнесмен. — Думаю, у 2015 годзе мы пераедзем. Цэнтральны офіс з'едзе з гэтай краіны».

Каментуючы сітуацыю вакол заводаў у Данецкай і Луганскай абласцях, бізнэсмэн сказаў, што іх «бандыты захапілі».

Кампанія «Gloria Jeans» была заснавана ў 1998 годзе ў Растове-на-Доне. Пяць прадпрыемстваў знаходзяцца ў Валгаградскай вобласці, яшчэ 21 — у Растоўскай. Акрамя гэтага, яшчэ адна фабрыка размяшчаецца ў Кабардзіна-Балкарыі. Што тычыцца замежных заводаў, восем з іх знаходзяцца ў Луганскай вобласці і яшчэ адзін — у Данецкай. На канец мінулага года ў «Gloria Jeans» было звыш 600 гандлёвых пунктаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?