Член Савета Федэрацыі, былы баец спецназу Дзмітрый Саблін абвясціў, што ў Расіі створаны рух «Антымайдан».

фота АР

фота АР

На прэс-канферэнцыі ў Маскве, Саблін, які з'яўляецца таксама адным з лідараў арганізацыі «Баявое брацтва», патлумачыў задачы руху: «Мы проста будзем збірацца там, дзе збіраецца апазіцыя».

Саблін паведаміў таксама, што рух будзе мець свой штаб, выканкам і «персанальнае добраахвотнае сяброўства». Рашэнне пра кіраўнікоў руху і яго далейшае фінансаванне, па словах сенатара, пакуль не прынята.

Іншы ўдзельнік прэс-канферэнцыі, лідар мотаклуба «Начныя ваўкі» Аляксандр Залдастанаў (Хірург) сказаў, што арганізатары «Антымайдану» не збіраюцца чакаць спецыяльнага дазволу ўладаў, каб пачаць сваю дзейнасць, паколькі «аранжавы звярок ўжо точыць зубы на нашу краіну».

«Я бачу, як заакіянскія старыя ўжо пякуць піражкі, каб раздаваць іх тут, у нас на плошчах, нацкоўваючы людзей адно на аднаго», — паведаміў Хірург.

У мемарандуме новага руху гаворыцца: «Мы рашуча заяўляем, што не дапусцім сілавога звяржэння законна абранай улады, якімі б прыгожымі лозунгамі гэты гвалт ні прыкрываўся».

Сярод мэтаў руху яго арганізатары называюць абарону традыцыйных каштоўнасцяў Расіі і канстытуцыйнага парадку «без вялікіх узрушэнняў». На думку Дзмітрыя Сабліна, цяпер ідзе спроба падарваць, у тым ліку, сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў Расіі, каб выклікаць незадаволенасць сярод насельніцтва і паспрабаваць «раскруціць майдан».

«Мы сабраліся з той мэтай, каб гэтага не дапусціць, бо нельга, каб меншасць навязвала сваю волю большасці», — сцвярджае Саблін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?