Ці Вам здаралася сустрэць гэтае слова? Яно, відаць, цяпер амаль звялося, бо пры апытанні шаснаццаць чалавек з дзевятнаццаці прызналіся, што не ўжываюць гэтага слова. Што ж яно значыць?

I пачаў пісар чытаць з самага пачатку, як калісь-то Анупрэй быў яшчэ пастушком у благога гаспадара, як гаспадар яму косці цёр… Слухаў, слухаў Анупрэй і дзіву даўся: СПАНАТРЫЎ-такі ўсё! Хацеў ён сказаць, але ў час стрымаўся». (Змітрок Бядуля, «Сон Анупрэя»)

Даўнейшыя варыянты гэтага слова — спанатраваць, спанетраваць. Паходзіць гэты дзеяслоў (як дапускае этымалагічны слоўнік) ад лацінскага penetrare — пранікаць, дасягаць, даследаваць.

Акрамя Бядулі выкарыстоўвае яго Купала і многія іншыя нашы паэты і пісьменнікі. Сустракаецца яно і ў перакладах Васіля Сёмухі. Яго фіксуе «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», слоўнік Байкова і Некрашэвіча. Найбольш поўна і трапна значэнне гэтага слова ілюструе слоўнік мовы Янкі Купалы.

  • СПАНАТРЫЦЬ (3) Зак. Абл. 1. Скеміць, зразумець. А кемкую меў ён [В. Дунін-Марцінкевіч] натуру, — Спанатрыў, дзе праўду шукаці. Памяці Вінцука Марцінкевіча ІІ 207. 2. Набыць. Бараны жалезнай Не спанатрыў ён [гаспадар], — Смыкам дапатопным Ёрзае загон. Гутарка аб кепскім гаспадару IV 160. 3. Прывыкнуць, прызвычаіцца. Ці сягоння, ці то заўтра — Як і ўчора, усё так; Стогн гняздзіціся спанатрыў, Жаль пляце свой мотак. Не спадзейся ІІ 211. Абв. пр. адз. м. спанатрыў (3): ІІ 207, 211; IV 160.

Мы бачым, што слова гэта мае некалькі значэнняў. Аж яны не надта далёкія адно ад аднаго. Згадзіцеся, што скеміць, зразумець, знайсці — значэнні даволі-такі блізкія ды могуць перацякаць з аднаго ў адно. А калі ты ўжо зразумеў, вынайшаў, знайшоў, адкрыў як рабіць нешта новае, то рабіць гэта стане тваім новым звычаем. Адсюль і прывыкнуць. Ад знайсці таксама недалёка і да купіць.

Ёсць яшчэ нешта, што аб’ядноўвае гэтыя ўсе значэнні. Калі словы знайсці, купіць, прывыкнуць — нейтральныя, то спанатрыць больш эмацыянальна важкае. Яно нясе ў сабе аспект чагосьці новага, чаго раней не было, дасягнутага насуперак нейкім перашкодам. Спанатрыў — гэта знайшоў тое, што было схавана, або не відно (пар. рус. обнаружить). Спанатрыў — навучыўся і паняў звычай рабіць штосьці, чаго не ўмеў, налаўчыўся. Спанатрыў — зразумеў штосьці, чаго дагэтуль не заўважаў. Думаецца мне, што гэтае слова найлепей пасуе на пераклад Архімедавага εὕρηκα [гэўрэка]больш знанага ў нас як «эўрыка».

Такія словы аздабляюць нашу мову, робяць яе выразнай, гаваркой і зыркай. Карыстаймася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?