У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля пачаўся разгляд рэзананснай справы – жудаснага ДТЗ у мікрараёне Валатава. Пад коламі кіроўцы, які ніколі не меў пасведчання, загінула 20-гадовая студэнтка 3 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту Алеся.

Яе сяброўка Таісія, студэнтка Віцебскага медыцынскага ўніверсітэту, атрымала шматлікія цяжкія траўмы і да гэтага часу праходзіць лекаванне. Дзяўчына часткова паралізаваная, у яе знявечаны твар. Дактары, бацькі і яна сама змагаюцца за тое, каб вярнуцца да нармальнага жыцця.

Маці і бацька Алесі да гэтага часу не могуць прыйсці ў сябе, як і яе 15-гадовы брат. «Яна была такая прыгожая, руплівая, мэтанакіраваная! Вучылася на бюджэце, сесію здала на восем. Яна была мая адзіная пляменніца, наша радасць і надзея. Мы жартавалі, што вось скончыш вучобу – адбудуеш бабульчын дом у вёсцы, бо яна вучылася па спецыяльнасці рэканструкцыі будынкаў. Наколькі я ведаю, сябра ў яе не было. Яна вучылася, вельмі старалася, вельмі, і лічыла, што ў яе ўсё наперадзе. Гэта невыносна», — гаворыць цётка загінулай.

Зайшоўшы ў судовую залю, маці Алесі падышла да шкляной клеткі, за якой сядзеў абвінавачаны, 21-гадовы Дзмітрый, спрабавала нешта сказаць яму, і не змагла – задрыжэлі вусны, яна скаланулася ад рыданняў. Сваякі дапамаглі ёй сесці на лаўку.

Абаронца абвінавачанага просіць суд прыкласці да справы хадайніцтва ад суседзяў Дзмітрыя, якія падпісаліся, што ён – спагадлівы, камунікабельны, заўсёды прыходзіць на дапамогу.

Суддзя спраўджвае дадзеныя Дзмітрыя. «Адукацыя – сярэдне-спецыяльная. Жанаты, дзяцей няма. Працуе машыністам бульдозера». Яму інкрымінуюць як артыкул 317 КК (парушэнне ПДД, якое пацягнула смерць па неасцярожнасці), так і артыкул 206 КК (рабаўніцтва). Раней Дзмітрый з сябрам скралі ў краме па дзве бутэлькі піва «Александрыя», кінуліся ўцякаць, але ў той жа вечар былі затрыманыя міліцыяй. Па дадзенаму эпізоду Дзмітрый адказвае лаканічна, каля дваццаці разоў адказваючы на розныя пытанні суддзі стандартным: «Не памятаю». Але даводзіць, што рабаўніцтва было не ў складзе групы, і без змовы. Маўляў, сябар сам скраў піва, а я – сам сабе, без папярэдняй дамовы.

Таксама і па ДТЗ. Там шмат парушэнняў розных пунктаў ПДД. Дзмітрый стараецца «адбіцца» хоць ад некаторых. Маўляў, не мог праверыць стан аўтамабіля перад паездкай, таму што «не валодаў тэарэтычнымі ведамі і практычнымі навыкамі па рамонту аўтамабіля, не мог азнаёміцца з інструкцыяй па эксплуатацыі і рамонту».

Згодна з абвінавачваннем, Дзмітрый 26 жніўня, не маючы пасведчання на права кіравання транспартным сродкам, і кіруючы аўтамабілем «Mazda Xedos 6», які знаходзіўся ў тэхнічна няспраўным стане, рухаўся ў цёмны час сутак з бліжнім святлом, парушаючы хуткасны рэжым, выехаў за межы праезджай часткі і здзейсніў наезд на дзяўчат, якія знаходзіліся на прыпынку грамадскага транспарту. Аўтамабіль перакуліўся, але яго кіроўца і пасажыры – п'яная кампанія, не пацярпелі. У адрозненне ад дзяўчат, якія мірна чакалі транспарт. Да дому Алесі заставаліся два прыпынкі. Пракурор каля дзесяці хвілін пералічвае траўмы ахвяры і пацярпелай: закрытыя чэрапна-мазгавыя, пераломы чэрапу, касцей ног і рук, кровазліцці, разрывы ўнутраных органаў. Сваякі ў залі не могуць стрымаць слёз.

Абвінавачаны пачынае даваць паказанні пра той вясёлы для яго кампаніі летні дзень. Сябры пілі, і таму прапанавалі Дзмітрыю сесці за стырно, бо ён быў цвярозы. Аўтамабіль належаў яго сябру, з якім раней ён скраў піва ў краме. Пілі і весяліліся. Паехалі на Сонечную (апошні прыпынак у межах Гомелю, у бок Рэчыцы). «Хлопцы захацелі да дзяўчат», — распавядае абвінавачаны, хіхікае пры гэтым. На Сонечнай звычайна стаяць «дзяўчаты лёгкіх паводзін». Там правялі недзе гадзіну. Паехалі «даганяцца». Сустрэлі сяброў. Паехалі з імі ў начны клуб. Нарэшце выехалі дахаты, на Валатаву. Несліся з невядома якой хуткасцю. Па першых паказаннях Дзмітрыя, каля «70-80 км». Аўтамабіль пачаў гайдацца. Але руху Дзмітрый не спыніў, працягваў далей несціся. Вылецелі на прыпынак. Пазбавілі жыцця Алесю, знявечылі Таісію. «Я непасрэдна не наязджаў на іх, я іх не бачыў. Аўтамабіль слізгаў бокам, пры гэтым натыкаўся на нейкія прадметы, збудаванні», — даводзіць абвінавачаны.

Па яго словах, калі ён і пасажыры выбраліся з разбітай «Мазды», то ўбачылі дзяўчат. Тыя былі ў непрытомным стане. Дзмітрый падрабязна распавядае, забыўшыся пра сваё «Не памятаю», як нібыта ратаваў пацярпелых, падносіў ім нашатыр.

Чарга даходзіць да бацькі Алесі. Ён дае паказанні як пацярпелы. Апошні раз бачыў дачку ў той вечар каля 21.00. Вячэралі разам, потым Алеся выйшла прайсціся з сяброўкай, як часта рабіла гэта перад сном. Каля трох ночы бацькам патэлефанавалі з ДАІ, паведамілі, што іх дачка ў шпіталі. Паехалі туды. Сядзелі пад дзвярамі рэанімацыі. У 8.45 раніцы ім паведамілі, што дачка памерла. Бацька пасля невыноснага слова «памерла» не мог больш даваць паказанні. Сакратар прынесла шклянку вады.

Дзмітрый Ушкоў

Дзмітрый Ушкоў

Перад бацькамі дзяўчат Дзмітрый выбачыўся толькі пасля адпаведнай падказкі абаронцы.

Пасля пасяджэння да бацькоў дзяўчат падышла маці абвінавачанага, прасіла прабачэння, і пашкадаваць яе сына. «Ну прабачце вы нас, ён не хацеў, ён не хацеў!», — крычыць маці Дзмітрыя. «А яна хацела паміраць у 20 гадоў?», — пытаюцца сваякі Алесі. Маладая дзяўчына побач з маці Дзмітрыя (ці яго сястра, ці жонка) істэрычна плакала, і крычала: «Я бы хацела быць на яе месцы! Ну прабачце нас!». Маці Дзмітрыя дадавала: «Пашкадуйце, яна вось цяжарная!».

Разгляд справы працягваецца. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?