Міністэрства інфармацыі Беларусі прааналізуе рэакцыю некаторых беларускіх СМІ на тэракт у рэдакцыі Charlie Hebdo і, у прыватнасці, публікацыю імі карыкатур французскага штотыднёвіка ў знак салідарнасці з загінулымі карыкатурыстамі.

vitbichi.by

vitbichi.by

Пра гэта заявіла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч падчас анлайн-канферэнцыі на сайце агенцтва БелТА 19 студзеня.

«Цяпер мы будзем аналізаваць рэакцыю асобных нашых сродкаў масавай інфармацыі. У знак салідарнасці пэўныя СМІ таксама апублікавалі карыкатуры. А ці трэба было? Якія карыкатуры? Думаю, павінна быць грамадская ацэнка, грамадскае ганьбаванне. Трэба усю ўладу спажыць, каб не дапускаць тэрарызму ў якой бы там ні было краіне», — сказала Ананіч.

«Мы смуткуем па загінулых, мы супраць тэрактаў. Але мы ўсе павінны думаць пра тое, як адгукнецца наша слова», — дадала міністр. «Калі забіваюць людзей — гэта недапушчальна. І ўсё роўна, якімі матывамі кіраваліся тэрарысты. Недапушчальны тэрарызм. Але я заўсёды аналізую, што паслужыла прычынай», — падкрэсліла Лілія Ананіч.

Яна адзначыла, што не мела магчымасці адсочваць «творчую дзейнасць французскага штотыднёвіка». «Але думаю, што імкненне хадзіць па лязе нажа там прысутнічала. Як паказала практыка, гэта скончылася канкрэтнай людской трагедыяй», — сказала Ананіч.

У сувязі з гэтым кіраўнік Мінінфарма нагадала, што ў 2005-2006 гадах адно з беларускіх СМІ апублікавала карыкатуры на прарока Мухамеда. «І была вельмі жорсткая адэкватная рэакцыя дзяржавы. Яна была непапулярная ў пэўным асяроддзі, адказны за такую публікацыю панёс пакаранне. Рашэнне суда — тры гады пазбаўлення волі, якія на практыцы выліліся ў тры месяцы. Гэта жорстка. Але, з іншага боку, дзяржава павінна спыняць у самым зародку праявы экстрэмізму», — сказала Ананіч.

Гаворка ідзе пра перадрук недзяржаўнай газетай «Згода» карыкатур на прарока Мухамеда з дацкага выдання Jullands-Posten. У студзені 2008 года Мінгарсуд абвінаваціў рэдактара «Згоды» Аляксандра Здзвіжкова ў распальванні рэлігійнай варожасці і прысудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?