Калі толькі вы звярнуліся да кардыёлага з павышэннем ціску, вам адразу параяць абмяжоўваць соль. «Але ж нясмачна!», — паныла падумаеце вы. І — калі вы самі сабе не вораг — пачнеце радзей трусіць салонкай над супам.

Сёй-той адважваецца на адмову ад солі і, скрывіўшыся, будзе глынаць склізкую аўсянку, а потым, выканаўшы бяссолевы абавязак, бярэ ў рукі хлеб, мажа маслам, кладзе кавалак каўбаскі, паўтарае гэтую камбінацыю некалькі разоў — і ідзе скардзіцца навакольным, што сядзіць на бяссолевай дыеце.

Многія дактары сцвярджаюць: не з’еў соль — знізіў ціск. Маўляў, соль затрымлівае ваду ў целе, тым самым у целе больш крыві, у сістэме вышэйшы ціск. Менш солі – менш вады-ніжэйшы ціск. Чаму ж тады гіпертанія ў тых, каму за 50, даўно стала нацыянальнай праблемай у шмат якіх краінах ( а дакладней – стала нормай жыцця, бо, як мы памятаем, норма – такі паказчык, які ўласцівы большасці прадстаўнікоў дадзенай групы). А таму, што апісаная схема – адна пясчынка з цэлай гары прычын падвышэння ціску. І рэгуляцыя спажывання солі не панацэя.

Нават калі мы станем адпускаць соль толькі паводле рэцэпта ў аптэцы, праблему гэта не вырашыць.

Але што ж рабіць тым, хто сумняваецца: саліць ці не саліць? Есці ў сваё задавальненне альбо змагацца з «белай смерцю» на сваім стале?

Павышэнне ціску, стан сасудаў і сэрца вельмі моцна залежаць ад настроя – куды больш, як ад солі, цукру, радыяцыі і ўтрымання СО2 ў паветры. І калі вы адно з галоўных задавальненняў — ежу – ператвараеце ў пакуты, паверце, вашыя матывы значэння не маюць: вынік будзе адмоўны.

Але ёсць спосаб узяць соль пад кантроль.

Паспрабуйце выбраць некалькі дзён, калі вы можаце харчавацца дома і адзін, прычым каб на гэтыя дні не прыпадалі дні народзінаў сямейнікаў, абавязковыя для наведвання карпаратывы і іншыя спакусы, а таксама вялікія стрэсы (іспыты, справаздачы, падарожжы, працягніце самі). Выключыце з рацыёна ўсё, апроч каш. Кашы гатуйце вязкія, на вадзе. Цэльныя крупы плюс вада. Без спецый, солі, цукра. Піце гэтымі днямі звычайную чыстую ваду – паболей. Колькі такіх дзён? 3-4 бывае дастаткова, каб адчуць, што крупа мае свой натуральны смак. Грэчка апынецца салодкай, пшонка – салёнай і г.д. Не такой салодкай ці салёнай як мёд ці салёны агурок. Але гэта ўжо не будзе «смак пустой вады», як напачатку. Мозг, які штодня бамбардыравалі моцнымі смакамі, падманвалі глутаматам і іншай хіміяй, нарэшце адпачне і наноў пачне рэагаваць на слабыя імпульсы тонкіх смакаў. Калі гэта адбудзецца, вы можаце ўводзіць іншыя прадукты – спачатку натуральныя, якія патрабуюць мінімум гатавання, потым – усё, што вы палічыце карысным для свайго здароўя.

Самае важнае – настрой.

Калі вы будзеце толькі і чакаць той дзень, калі разарвеце зубамі даўгачаканы пакунак чыпсаў ды заліеце ў сабе вядро піва – вы зможаце чарговы раз махнуць рукой: мне анічога не дапаможа. А калі вы адчуеце, што зрабілі крок насустрач сабе, і навучыцеся радавацца адкрыццю забытых натуральных смакаў – абмежаванне солі перастане быць вашым крыжам, вы не будзеце мець стрэс і незадаволенасць замест радасці смачна есці. І ад гэтага вашае здароўе ў любым разе выйграе.

Для даведкі: не больш як 2300 мг солі раяць ужываць цягам дня здаровым людзям амерыканскія кардыёлагі, напрыклад, доктар Andreas Kalogeropoulos, асістэнт прафесара кардыялогіі Emory University ў Атланце. У той жа час Амерыканская Асацыяцыя Сэрца рэкамендуе пацыентам кардыёлагаў не больш як 1500 міліграмаў солі ў дзень, што складае менш за чайную лыжку, улічваючы «схаваную соль» гатовых прадуктаў ды паўфабрыкатаў. Сярэдні жыхар ЗША перавышае гэты паказчык больш як ўдвая, з’ядаючы 3400 мг солі за дзень. З узростам уплыў лішняй солі на смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых хвароб узрастае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?