Вядомы сваёй «патрыятычнай» дзейнасцю мотаклуб зладзіць на пачатку лютага «паломніцтва» па гарадах Расіі і Беларусі.

autocentre.ua

autocentre.ua

Мерапрыемства пройдзе з 4 па 8 лютага пры падтрымцы Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным сайце патрыятычнай арганізацыі.

Удзельнікі паломніцтва наведаюць Маскву, Смаленск, Полацк, Мінск, Гомель і Бранск. Байкеры збіраюцца наведаць шэраг манастыроў. Увогуле, паведамляецца, што мерапрыемства здзяйсняецца «ў славу прападобных святых воінаў-схіманахаў Аляксандра Перасвета і Андрэя Аслябі, якія ўчынілі подзвіг у імя зямлі Рускай. Мотапаломніцтва ставіць сваёй мэтай захаванне і развіццё гістарычнай і культурнай спадчыны Русі, яе духоўных традыцый і каштоўнасцяў».

Паломнікі паднясуць у дар манастырам і храмам абліччы прападобных Перасвета і Аслябі і іконы з абліччамі святых балканскіх зямель, прывезеныя ў дар з матацыклетнага паломніцтва «Рускія Балканы».

Факт мотапрабегу — ці мотапаломніцтва — пацвердзілі ў мінскім аддзяленні клуба. Праўда, ці возьме ўдзел у ім кіраўнік «Ваўкоў» Аляксандр Залдастанаў (Хірург), пакуль што дакладна невядома – у пачатку лютага пройдзе шмат мерапрыемстваў. Аднак пра палітычныя погляды свайго кіраўніка з намі размаўляць адмовіліся.

«Мы не надта публічная арганізацыя, — паведаміў «Нашай Ніве» Андрэй, адзін з кіраўнікоў мінскага аддзялення. – І разважаць на гэтую тэму мне не вельмі цікава».

З меркаваннем, што апошнія гады «Начныя ваўкі» сталі даволі публічнай арганізацыяй, суразмоўца не пагадзіўся.

Нагадаем, што «Начныя ваўкі» — адзін з першых мотаклубаў на постсавецкай прасторы. Ён быў заснаваны яшчэ ў 1989 годзе. У апошнія гады клуб прытрымліваецца расійска-шавіністычных поглядаў. Яго лідары заяўлялі, што абапіраюцца на праваслаўныя каштоўнасці, актыўна падтрымліваюць палітыку Уладзіміра Пуціна, які, дарэчы, неаднаразова сустракаўся з «Ваўкамі». У 2012 годзе ва Украіне расійскі прэзідэнт увогуле спазніўся на 4 гадзіны на сустрэчу з Януковічам, бо вырашыў завітаць у лагер байкераў. А ў студзені 2014 года «Начныя ваўкі» неслі дзяжурства ля захопленага рускімі штурмавікамі будынка Севастопальскай адміністрацыі.

У студзені гэтага года Залдастанаў, супольна з акцёрам Міхаілам Парэчанкавым і вядомым сваімі антыамерыканскімі поглядамі пісьменнікам Мікалаем Старыкавым, стварыў грамадскі рух «Антымайдан». Мэта гэтага руху — «не дапусціць у Расіі падзей, аналагічных падзеям на кіеўскім Майдане Незалежнасці». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?