Тым, хто любіць пераказваць медычныя пужалкі айчыннай медыцыны, гэты артыкул не спадабаецца. І нават не таму, што «там, у іх» не нашмат лепей, чым «тут, у нас». А тым, што надзеі няма. Пакуль будзе існаваць медыцына і лекары, будуць існаваць ды множыцца медычныя памылкі.

bigmir.net

bigmir.net

Болей лекараў – болей памылак. Меней лекараў – болей памылак на душу лекара. І толькі калі на змену лекару-чалавеку прыйдзе лекар-машына, тады медычныя памылкі знікнуць, саступіўшы месца памылкам праграмістаў.

Тым не менш, давайце падумаем, як абараніць сябе ад памылак асоб у белых халатах і іншых дробных ды буйных небяспек, што пільнуюць пацыента ў медычных установах. Тым больш, што ў свеце гэтым даўно заклапочаныя, і нават рэгулярна выдаюць рэкамендацыі для тых, хто жадае яшчэ пажыць насуперак медыцыне.

1. Што б вам ні прапаноўвалі, пераканайцеся, што вы разумееце, што вам будуць рабіць, якім чынам і дзеля чаго, якія наступствы чакаюць вас, калі вы гэта зробіце, не зробіце, зробіце пазней.

Пагаджайцеся толькі тады, калі пачулі кваліфікаваны і зразумелы адказ. Калі не пачулі – шукайце ці патрабуйце таго, хто вам патлумачыць. Асабліва ў тым выпадку, калі вам прапануюць падпісаць згоду на аперацыю ці пераліванне крыві, набраныя дробным шрыфтам. Бо тысячы людзей па ўсім свеце паміраюць праз ускладненні, якія ўзніклі праз абсалютна непатрэбнае ім лячэнне. Але! Ёсць спіс маніпуляцый, якія лекары будуць і абавязаныя паўтараць штораз. Да прыкладу, кожны пакет для пералівання – тэст на сумяшчальнасць з вашай крывёй. Кожны пералом – не адзін, а два ці болей здымкаў. І гэтак далей.

Натуральна, трэба захоўваць адэкватнасць, і калі з вас просяць подпіс пад забаронай паліць у памяшканні лякарні, вы можаце і тут запатрабаваць тлумачэнні. Але стаўленне да такіх пацыентаў з боку персаналу мае сваю спецыфіку.

2. Правярайце паказанні і супрацьпаказанні лекаў, якія вам прызначаюць, калі ў вас ёсць праблемы альбо асаблівасці здароўя.

Добра, калі ўсе гэтыя праблемы ды асаблівасці запісаныя ў медычную карту ці гісторыю хваробы. Яшчэ лепей, калі лекар гэта не толькі пісаў, але і чытаў. Між іншым, штогод 1,5 млн амерыканцаў атрымліваюць праблемы праз некарэктнае прызначэнне лекаў (што абыходзіцца ў 3,5 млрд даляраў).

3. Дыягназ. Няслушны альбо няпоўны дыягназ можа быць выстаўлены як праз некампетэнтнасць ці няўважлівасць лекара, так і праз няправільныя паводзіны пацыента, а таксама праз недасканаласць ці няспраўнасць апаратуры і – самае вясёлае – праз блытаніну ў прозвішчах.

Таму па магчымасці правярайце, ці правільна напісаныя вашае прозвішча, імя, бацькоўства, год нараджэння і г.д. на накіраваннях, рэнтгенаўскіх здымках і інш., асабліва калі прозвішча вашае адрозніваецца ад стандартнага, а абставіны перашкаджаюць вам вымавіць яго дастаткова выразна альбо напісаць уласнаручна. І калі вы ўпэўненыя, што ў адзін і той жа вечар на апендыцыт не могуць захварэць два І. Іванова, чые здымкі і гісторыі хваробы будуць адрознівацца літарай бацькоўства і годам нараджэння, то вы памыляецеся.

Пачуўшы нечаканы дыягназ, не панікуйце. Можа, гэта яшчэ не пра вас. Збярыцеся з думкамі і спытайцеся ў лекара, наколькі ён упэўнены. Потым паглядзіце вынікі абследавання – так, на прадмет, ці вашыя там дадзеныя. Потым прыкіньце: а вас гэты орган, наогул, калі-небудзь непакоіў? Можа, лабарант пры перапісванні аналізу коску не там паставіў? Ці пераблытаў прабіркі, і памірае ад недастатковасці нырак зусім не Пётра Пятровіч, а Адэліна Іванаўна, якую зараз радуе яе доктар аналізамі «як у касманаўта»? Так, на жаль, гэты кій двухбаковы. Таму, калі баліць і баліць, а вам кажуць – усё нармальна, не спыняйцеся. Перарабіце аналізы. Ніводны дыягназ не можа быць пастаўлены (а значыць, і абвергнуты) толькі на падставе нейкага аднаго абследавання. А вось калі «за» альбо «супраць» некалькі вынікаў, тады і можна выстаўляць дыягназ. Раз выставіўшы дыягназ, лекары не схільныя яго мяняць. Прынцып «у нас ад чаго лечаць, ад таго і паміраюць» не жартоўны. Але, «прыпёртыя» дадзенымі абследаванняў, лекары здаюцца, пераглядаюць дыягназ і нават схему лячэння.

Няспраўны апарат – абставіны, пра якія вам могуць і не сказаць. Калі вы добра ведаеце сваю праблему, нечаканыя лічбы вас насцярожаць. Спытайцеся самі! Бывае, што ў розных установах апараты выдаюць вынік у розных адзінках вымярэння – тады і інтэрпрэтацыя лічбаў адрозніваецца.

Што да няправільных паводзін пацыента – тут і непраўдзівыя адказы на пытанні, і замоўчванне істотнай інфармацыі (часам падаецца, што лепей прамаўчаць пра сваю хваробу – а лекар гадае, адкуль узяліся ўскладненні). Кепска, калі лекар не пра ўсё спытаўся. Яшчэ горай, калі ён спытаўся і не атрымаў адказ – тады можа быць аўтаматычна залічаны адказ «норма». Неадназначна ўплываюць на дыягностыку стан алкагольнага альбо наркатычнага ап’янення, а таксама – абстынентны сіндром. Калі вы не апісваеце сапраўдны механізм траўмы, а выдумляеце абставіны альбо тэрміны – памылка можа адбыцца з-за гэтага.

4. «Не з таго боку», забытыя пальчаткі і іншыя пужалкі.

«Іваноў — ампутацыя правай рукі… я ж сказаў, правай… я ж сказаў, рукі!..» Не смешна? Само сабой. Такіх рэдкіх, але трапных памылак нават у развітых краінах – сотні на год. І пацыентам на поўным сур’ёзе рэкамендуецца намаляваць маркерам знак на тым месцы, дзе патрэбная планавая аперацыя. Калі доктар гэтага не зрабіў. Вам горш не будзе, а хірург зморшчыць лоб, падумае дый прыгадае, што вам рабіць і ці хоць хто вы такі наогул (гэта ў вас прышчык на ілбе – самы прышчысты, а ў доктара – «сёння тры атэромы і дзве ра-на-всп плюс тры кручкі» – так гучыць зразумелы для сваіх план звычайнага дня аперблока той жа сківічна-тваравай хірургіі.)

Медсястра абавязаная пералічыць інструменты да і пасля аперацыі, сачыць за тампонамі і дрэнажамі – і, нягледзячы на ўсё гэтае, памылкі з забытымі ў ране рэчамі і перавязачнымі матэрыяламі здараюцца пастаянна. Хірургі, напрыклад, ужываюць тэрмін «марлёма», маючы на ўвазе абрывак марлевага тампона ў гаймаравай паражніне. Лячылі ад гаймарыту – і пакінулі іншароднае цела, якое цяпер выклікала… гаймарыт. Добра, калі, пабачыўшы здымак, разабраліся, а не напалохалі хворага, што ў яго нешта ў галаве непатрэбнае вырасла.

Што рабіць? Падрабязна распавядаць пра свае скаргі персаналу. Не чакаць, пакуль пакуты стануць нясцерпнымі. Лепей патурбаваць на пустым месцы, чым прапусціць пачатак сур’ёзнай праблемы. Не грэбаваць кантрольнымі аглядамі і кантрольнымі абследаваннямі. На любую хваробу ёсць сярэднія тэрміны, у якія мусіць наступіць палёгка. А калі не – магчыма, не ад таго лечымся?

5. Ваш лекар памыў рукі?

Як правіла, памыў ці памяняў пальчаткі. Але вы маеце поўнае права перапытаць ці нават папрасіць зрабіць гэта пры вас. Праблема шпітальных інфекцый, якія неўзабаве стануць галоўным фактарам смяротнасці, можа абысці вас, калі вы будзеце кантраляваць стэрыльнасць катэтараў, шпрыцаў і іншых сродкаў вашай штодзённай апрацоўкі (большасць з іх – аднаразовага выкарыстання). Не лянуйцеся праветрываць палату, прасіце наладзіць кварцаванне. Патрабуйце рэгулярнай прыборкі. Мыйце рукі і самі. Сусед чхае на ўсю палату? Апраніце маску. Будзьце асцярожныя з прадуктамі ў перадачах – банальныя парады, але пра гэта трэба памятаць.

6. Бывае, што выпісваюць з бальніцы зарана, альбо, па аказанні дапамогі ці кансультацыі, не пакінулі пацыента ў лякарні.

Амерыканцы падлічылі маштаб праблемы: на працягу 30 дзён пасля выпіскі 20 адсоткаў пацыентаў вяртаюцца ў бальніцу з той жа хваробай альбо з ускладненнямі.

Напэўна, і гэта – лекарская памылка: не знайсці патрэбных аргументаў. Але вы сабе не ўяўляеце, наколькі бязглуздыя з гледзішча каштоўнасці здароўя контраргументы прыводзяць часам пацыенты. На такі выпадак пацыент падпісвае адмову ад шпіталізацыі (альбо заяву на датэрміновую выпіску). Калі вы проста сышлі з палаты, нікога не папярэдзіўшы – лекар афармляе выпіску за парушэнне рэжыму.

Падсумуем: як правіла ўсе ўсё робяць правільна, ніхто не хоча прынесці шкоду ані дзеяннем, ані бяздзеяннем, але ані доктар, ані хворы не застрахаваныя ад памылак. Лепей быць занудам, які ўсё правярае, чым даверлівай ахвярай. Не бойцеся перарабіць абследаванне, калі вынікі яго не дапасуюцца да агульнай карціны. Ведайце меру: калі вы схільныя па жыцці «ўсё браць да галавы», звярніцеся да тых, каму давяраеце, каб аддзяліць рэальную хваробу ад іпахондрыі, самоты ці іншых псіхалагічных праблем. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?