20 снежня Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Павел правёў вялікую прэс-канферэнцыю з нагоды гадавіны заняцця сваёй пасады.

Большую частку сваёй прэс-канферэнцыі мітрапаліт прысвяціў пытанню магчымай самакіраванасці Беларускай праваслаўнай царквы, якая ўпершыню ўсплыла ў СМІ 16 снежня 2014 года.

Мітрапаліт патлумачыў, што падчас сходу епархіі Мінскай метраполіі адзін «надзвычай набожны чалавек уключыў мікрафон і, можна сказаць, у жывым эфіры перадаваў тое, што адбываецца на працоўнай сустрэчы».

У выніку выйшла так, апраўдваўся іерарх, што «неапрацаваны, неканструктыўны, дыскусійны матэрыял быў перададзены шырокай грамадскасці. Гэта кананічнае і дысцыплінарнае парушэнне выклікала цэлы шэраг нездаровага стаўлення і дыскусій», — дадаў мітрапаліт. Па яго словах, калі б рашэнне было ўзгоднена сходам, яго неабходна было б даць на абмеркаванне Сіноду, а ўжо потым — Патрыярху.

Таму «ў сувязі з рэакцыяй грамадства» мітрапаліт вырашыў « зняць гэта пытанне з парадку дня». Пры гэтым варта заўважыць, што Павел не канкрэтызаваў, што гутарка ідзе пра сітуацыю з абмеркаваннем незалежнасці БПЦ ад РПЦ і ўжываў расплывістае «гэтае пытанне».

«Усе рашэнні Сінода служаць дабру і адзінству нашай царквы. У дадзеным выпадку цягнік пайшоў па незапланаванай каляіне», — падсумаваў мітрапаліт.

Пра беларускую мову

Мітрапаліт у адказах на пытанні журналістаў закрануў і тэму беларускай мовы ў праваслаўнай царкве.

«Што тычыцца ўвядзення беларускай мовы ў багаслужэнні, то забаронаў царкоўных ці кананінчных на гэта не існуе. Аднак адразу хачу папрасіць: не трэба збіраць подпісы, гэта не царкоўны метад. Калі трэба, звярніцеся да настаяцеля. А настаяцель як добры пастыр мусіць вырашыць, ці будзе гэта служыць на карысць ці не. Таму што былі выпадкі, калі настаяцель пачынаў служыць па-беларуску, а людзі сыходзілі, бо не разумелі. У такім разе трэба думаць і выпрацоўваць нейкія іншыя падыходы», — патлумачыў мітрапаліт.

Пра сябе Павел сказаў, што ў яго ёсць спакуса не вучыць беларускую мову, бо вакол усе размаўляюць па-расійску:

«Калі я апынуўся ў ЗША, у асяродку, дзе размаўляюць па-англійску, я быў вымушаны воляй-няволяй штосьці вучыць. Аднак тут усе размаўляюць па-расейску, і ў мяне ёсць вялікая спакуса не вучыць мову. Калі б усе мы размаўлялі па-беларуску, я б вучыў мову хутка. А да мяне падыходзілі некалькі жанчын, пыталіся на добрай беларускай, ці разумею я. А я кажу, што я як той цюцька: усё разумею, але сказаць нічога не магу».

«Таму разумець разумею, а размаўляць мне яшчэ цяжка», — сказаў Мітрапаліт па-беларуску. 

Карыкатуры

Не абышлося і без пытання пра тэракт у рэдакцыі французскай сатырычнага часопіса Charlie Hebdo. 

Адказваючы на пытанне наконт дазволенасці карыкатур на рэлігійную тэматыку, мітрапаліт Павел засяродзіў увагу на вінаватасці карыкатурыстаў у правакаванні вернікаў. Пра недапушчальнасць забойства чалавека нават праз абражаныя пачуцці Павел не ўзгадаў:

«Я не ведаю, з чым гэта звязана, Жылі людзі гадамі, вякамі, жылі побач, сябравалі, працавалі, мелі зносіны. І раптам з’яўляюцца карыкатуры. Я не ведаю, якая мэта галоўная. Калі гэта паказаць сваё майстэрства мастацкае, вы самі можаце ўбачыць: яно на такім узроўні, што і мастацтвам нельга назваць. А вось варожасць і нянавісць яно пасее. І вось хочацца задаць пытанне: а навошта, каму гэта патрэбна? Ну каму? Чаго яны дабіліся гэтым?»

«Сёння любая карыкатура, любое знеслаўленне з’яўляецца нейкай правакацыяй. Значыць ёсць спроба разгайдаць лад жыцця людзей, пасварыць людзей. Але навошта было правакаваць? Вы ж разумелі, што намерана правакуеце людзей! Таму я лічу, гэта ці то правакацыя, ці то недальнабачнасць людзей, ці то злая задума, скіраваная, каб справакаваць супрацьстаянне ў грамадстве», — сказаў мітрапаліт.

Аб продажы святой вады

Мітрапаліт сказаў некалькі словаў і пра фінансавы бок царкоўнай дзейнасці. Па яго словах, БПЦ упарадкавала некаторыя моманты грашовых адносін. Таму, напрыклад, цяпер ва ўсіх збіральнікаў міласціны ёсць пасведчанне, якое даказвае, што збіральнік не махляр і сабраныя сродкі будуць выкарыстаны на патрэбы царквы.

Продаж святой вады Мітрапаліт назваў «недапушчальным»: «Гэта нонсэнс прадаваць святую ваду.

Гэта глупства.

Калі вы хочаце дапамагчы, дапамагайце, але калі я даведаюся што прадаюць святую ваду, я буду караць. Іншая справа, вы можаце растлумачыць і сказаць, што выдаткавалі грошы на ёмістасці, на тое, каб ваду прывезці, і папрасіць добраахвотнае ахвяраванне. Але прадаваць святую ваду недапушчальна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?