За гэты год Украіна зведала гора напоўніцу. Крывёй і смерцю пацвердзілася ісціна вайны, дадзеная харвацкай пісьменніцай Славенкай Дракуліч: «Вайна пачынаецца з таго моманту, калі вы ўжо не запамінаеце прозвішчы ахвяр».

За гэты год маці Міхаіла Жызнеўскага, Ніна Васілеўна, перажыла шмат: інфаркт, шпіталі, знявагі, апаганьванне магілы сына, абразлівыя словы ў свой адрас з боку беларусаў, якія наглядзеліся расійскага тэлебачання. І масавую шчырую падтрымку ад многіх украінцаў, адкрыццё помніка ў Кіеве, прыём у прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, уручэнне ордэна Героя Нябеснай сотні.

22 студзеня — злавесны дзень для Ніны Васілеўны. У гэты дзень памерла яе малая дачка. А праз 31 год, у гэты ж дзень, загінуў сын.

«Надзея мая, апора мая надзейная была б у старасці. Я як пачула, што ён загінуў, — ногі адняліся, а сэрца ледзь не разарвалася на кавалкі», — Ніна Васілеўна ледзь стрымліваецца.

Толькі пасля гібелі Міхаіла Жызнеўскага спраўдзілася яго мара — набыць для бацькоў кватэру. «На Новы год, 31 снежня 2013, Міша тэлефанаваў мне, казаў, што ўжо сабраў каля 17 тысяч даляраў, абяцаў да вясны сабраць больш і купіць нам кватэру [бацькі хлопца раней жылі на здымнай кватэры, — «НН»].

Ён, бедны, не спаў, не адпачываў — працаваў усё, каб дапамагчы нам. І вось зараз мара яго спраўдзілася — мы набылі кватэру, нам дапамагла грашыма Украіна. Вось, я жыву ў яго мары. Толькі як мне тут жыць?

Мне балюча тут і невыносна. Не трэба мне яна, такая мара. Лепш бы я пад плотам жыла, ды Міша быў жывы», — плача Ніна Васільеўна.

Кватэру бацькі набылі пры падтрымцы ўкраінскіх фондаў і неабыякавых украінцаў, у тым жа Навабеліцкім раёне, каля дрэваапрацоўчага завода, дзе жылі і раней.

Ніна Васілеўна рэдка выходзіць на вуліцу са сваёй сціплай двухпакаёўкі — падводзіць здароўе, перанесены ў сакавіку 2014 года інфаркт. Пры дапамозе кійка яна ледзь тупае па пакоі. На стале — партрэты Мішы, яго ордэн, рэчы, якія аддалі з украінскай пракуратуры: недапалены пачак цыгарэт, бел­-чырвона-­белая стужка, лекі, эластычны бінт.

«Міша хварэў, вось і лекі былі з сабой, але стаяў на барыкадах. Рука ў яго была расцягнутая — вось гэтым эластычным бінтам перацягваў яе», — жанчына перакладае рэчы ў пакунку. Ля партрэта — гомельскія цукеркі «Дары Палесся».

«Яго любімыя. Зараз на магілу яму прывозім. Ружы і такія цукеркі», — праз слёзы ўсміхаецца маці. У гэтым пакоі яна сядзіць і размаўляе з сынам.

Яго любімы сабака Цэзар заўсёды побач.

«Ён спаў з ім на адной падушцы. Зараз, як год па Мішу, відаць, адчувае — хварэць пачаў. І выздараўліваць не хоча, уявіце! Столькі лекаў набывалі яму з Наташай, дачкой, столькі ратавалі яго — а ніяк не папраўляецца», — дадае Ніна Васілеўна.

Украінцам яна ўдзячная за падтрымку, пералічвае імёны, прозвішчы тых, хто наведвае яе, тэлефануе. Сябруе з некаторымі бацькамі герояў Нябеснай Сотні, ведае многіх.

Маці гартае першы том кнігі пра Нябесную сотню. Там ёсць артыкул і пра яе сына,прысвечаныя яму вершы. «Вось яны, наша Нябесная сотня. Вось Назар — самы малады. Гэта Саша, гэта Сярожка Нігаян, бацькі яго завуць нас у госці», — кажа Ніна Васілеўна. Яна ўзгадвае, як яе сустракалі і віталі ў Кіеве, як увесь час з'яўляюцца кветкі ля помніка на Грушэўскага. Прыязджаюць украінцы і сюды, на магілу Мішы пад Гомелем. Толькі не дае тая магіла супакою некаторым беларусам, як і не даюць яны спакою маці героя.

«Ляжала ў шпіталі, з сэрцам. Рыхтавалі да аперацыі. Яшчэ сорак дзён не было па Мішу. І адна жанчына, таксама хворая, былы камсамольскі работнік, пенсіянерка, даведалася, што я — маці Жызнеўскага, і пачала шыпець: «Сука, вас трэба разарваць на кавалкі, твой сын — здраднік беларускага народа, нацыст!»

Здымалі кватэру. Пасля смерці Мішы нам, канечне, не прапанавалі выселіцца, бо куды нам было ісці — на вуліцу? Але паднялі кошт да трох мільёнаў. А суседзі таксама часам на нас: бандэры вы, ваш сын — нацыст! Што толькі мы не чулі! Нават суседка, якая сама з Украіны, кажа мне: чаго ён туды папёрся, да бандэраў?

А, што казаць, калі сваякі нават некаторыя баяцца ісці на абед — на год па Мішу. Але што мой сын зрабіў благога беларусам?

Ніколі дрэннага слова ні на аднаго беларуса ён не сказаў! Чаму ж тады да яго такое стаўленне? Чаму беларусы такія бязлітасныя?» — хвалюецца маці.

Не пакідаюць у спакоі і магілу героя: то сцяжкі пазрываюць ды павыкідаюць, жоўта­блакітныя, то стужку «Герою Нябеснай сотні» раздзяруць на часткі.

«Я ведаю, я разумею, чаму беларусы так робяць — наглядзеліся тэлевізара.

Там паказвалі і гаварылі, калі сын загінуў, што забіты браткамі бандыт Локі на Майдане. Пакуль тыя СМІ не дадуць іншую інфармацыю, што Міша — не бандыт, а загінуў за свабоду Украіны, — не будзе толку. Не будзе нам спакою. Зараз добрыя людзі збіраюць грошы на помнік, ён будзе вельмі прыгожы. І што нам — чакаць, пакуль прыедзем на магілу і той помнік нехта разаб'е? Можа, украінскае пасольства нам дапаможа. Міша загінуў за Украіну — хай Украіна дапаможа абараніць яго магілу. Каб Пятро Парашэнка выканаў абяцанне, змянілі літару закону, як ён казаў, і Мішу далі званне Героя Украіны — гэта б змяніла стаўленне да нас, да памяці сына. Можа, тады б ад яго магілы адчапіліся», — разважае Ніна Васілеўна.

Сям'я перажыла цяжкі і страшны год.

«Мы жывём цяпер, не адчуваючы зямлі пад сабой. Як у тумане, як па багне ходзім. Я нават на магілцы не магу паверыць, што там мой Міша ляжыць. Але нам патрэбныя сілы. Нам трэба адстаяць памяць сына», — гаворыць жанчына.

Бабуля Ніны Васілеўны (і прабабуля Міхаіла), па словах жанчыны, дапамагала партызанам, пякла ім хлеб, перадавала медыкаменты. Ды нехта на яе данёс, і яе забралі немцы ў камендатуру разам з дзецьмі. На допыце фашыст патрабаваў пад пагрозай смерці выдаць партызан. Жанчына не выдала. На ноч яе з дзецьмі кінулі ў хлеў. І толькі цудам (адзін мужчына здолеў адчыніць звонку хлеў) удалося ўцячы. Дабеглі да адной вёскі з дзецьмі — там ніхто іх не адважыўся схаваць. Дабеглі да іншай — там адзін мужчына уратаваў жыццё сям'і.

«Міша часта слухаў гэтыя аповеды ад маёй бабулі. Ён быў вельмі ўражаны, і казаў мне: мама, як так зрабіць, каб быў мір на зямлі? Каб людзі жылі нармальна, не душыліся, не елі гнілую бульбу, як наша бабуля Соня! Ён быў чалавек міру, ён прагнуў міру для ўсіх», — дадае маці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?