«Найлепшая бялізна — гэта тая, якая для нас такая ж родная, як і нашае ўласнае цела. Таму мы прыходзім да высновы, што бялізна ў пэўным сэнсе ёсць нашай другой скурай. Яна мусіць быць густоўна аздобленая і максімальна камфортная», — пішуць стваральнікі лініі «Роднае цела».

Лінія «Роднае цела» распрацаваная для ўсёй сям’і. Яна ўключае жаночыя і мужчынскія майткі, станікі спартовага тыпу, піжамы для дарослых і дзетак і пасцельную бялізну. Вырабы аздобленыя мінімалістычнымі прынтамі традыцыйных беларускіх сімвалаў, у якіх закадаваныя паняткі жанчыны, мужчыны, пладавітасці і сям'і.

Першай працай стала лінейка жаночых і мужчынскіх майткоў.

Форма бялізны зробленая беларускімі прамысловымі дызайнерамі. Матэрыял — 95% бавоўна, 5% эластан. Прынты надрукаваныя воднай гіпаалергеннай фарбай альбо фальгой.

Купіць майткі можна ў офісе UZORY (Мінск, ул. Фабрычная, 22, офіс 48), папярэдне патэлефанаваўшы: +375 29 784 63 13; +375 29 666 76 47, альбо даслаўшы ліст на [email protected].

Памеры майткоў:
Жаночыя: 40—52
Мужчынскія: 44—50
Цэны:
Жаночыя — 100 000 рублёў
Мужчынскія — 130 000 рублёў

Сімвалы былі ўзятыя з вынікаў даследчыцкай працы, ініцыяванай вакалісткай гурта Shuma Русяй, фіналам якой стала табліца архаічных беларускіх сімвалаў са спрошчанымі і даступнымі для шырокіх колаў беларускага грамадства тлумачэннямі.

Бялізна запакаваная ў чахол з прынтамі, які можна выкарыстоўваць як касметычку, ці маленькую торбачку. Унутры пакунка таксама можна знайсці закладку для кніжак з тым жа сімвалам, што на бялізне, і тлумачэннем яго сэнсу.

«На нашую думку, такая бялізна мусіць быць простай, натуральнай, камфортнай, прыемнай для цела і душы. Яна пасуе і дарослым і дзеткам, бо нашая мэта перадусім – адзець сям'ю, пазначыць сямейнае жыццё нечым супольным, пэўнай сімвалічнай прасторай, у якой блізкія людзі камфортна існуюць і адчуваюць сябе роднымі. Яны маюць агульны на ўсіх, але нябачны нікому сакрэт», — сцвярджаюць стваральнікі бялізны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?