Многія жыхары «панэлек» па ўсім свеце чуюць дзіўны гук, нібы суседзі зверху кідаюць аб падлогу металічныя шарыкі, а тыя гучна коцяцца па падлозе. Onliner.by распытаў пра «шарыкі» прафесара кафедры тэарэтычнай фізікі і астрафізікі фізічнага факультэта БДУ Андрэя Навіцкага.

Феноменам даўно цікавяцца ў інтэрнэце, але адназначны адказ на тое, што «катае шарыкі» ў панэльных дамах, пакуль не знойдзены. Такі гук часам чуюць нават жыхары цагляных дамоў.

З «шарыкамі» сутыкнуўся і прафесар Андрэй Навіцкі. Да звароту рэдакцыі ён не звяртаў увагі на гук, але пасля прыслухаўся — і каля пяці раніцы пачуў той самы гук. Як фізік ён адразу адкінуў містычныя тэорыі. Але і на эксперымент не здолеў спаслацца — такіх даследаванняў проста ніхто не праводзіў. Ён падыйшоў да праблемы з боку тэорыі.

Калі б суседзі зверху насамрэч кідалі аб падлогу металічныя шарыкі, гук распаўсюджваўся бы ў абодва напрамкі. Але суседзі зверху не чуюць, што ў іх «падаюць шарыкі», затое чуюць тое ў сваіх уласных суседзяў зверху.

Гэта сведчыць аб тым, што гук сыходзіць з бетоннай пліты праз яе дэфармацыю.

Дэфармацыя пліты выклікае гукавую хвалю, якая распаўсюджваецца па ўсіх напрамках, але пакрыццё падлог прыцішае гук для тых, хто над плітой.

Прычыны такой дэфармацыі, ад якой дамы не шкодзяцца дзесяцігоддзямі, невядомыя. Да такога эфекту, верагодна, вядзе розніца тэмператур удзень і ўночы, праз гэта ўзнікае расцяжэнне альбо сцісканне пліт і металічнай арматуры ў іх. Гэтыя зусім невялікія дэфармацыі і даюць гук.

Але ўзіму перапад тэмператур не настолькі значны, таму можна меркаваць, што гук і, адпаведна, дэфармацыю таксама выклікае ўсадка дому. За час існавання будынка ён хоць на долю міліметра ды ўсядзе, а значыць, і металічная канструкцыя будзе дэфармавацца.

У інтэрнэце «шарыкі» таксама тлумачаць падвышаным напружаннем (не электрычным, а механічным) у месцах сутыку сцен і перакрыццяў, дадае навуковец. Часам у такіх месцах адбываецца невялікае змяшчэнне матэрыялаў, што дае першы гучны «шарык», а затым нагрузка пераразмяркоўваецца на пруток арматуры — «шарык коціцца».

На думку навукоўца, «шарыкі» ніяк не ўплываюць на трываласць будынкаў — нягледзячы на шырокі распаўсюд феномена, ніводны дом ад «шарыкаў» яшчэ не разваліўся. Але і паўплываць на сітуацыю нельга, хіба набыць дарагую звышякасную гукаізаляцыю.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?