Таццяна Снітко

Таццяна Снітко

1.

Emergency 1, emergency 2…

Калі ў мяне дома канчаюцца непрачытаныя кнігі на замежных мовах, пачынаецца нешта незразумелае — прынамсі, для мяне ранейшай.

Неспадзявана і ўражальна, з зайздроснай стабільнасьцю лаўлю сябе на суме і тузе — зь лёгкім адценьнем панікі.

І так цягнецца, навязьліва і падсьвядома, да моманту, калі я пачынаю ізноў разьбіраць — па слове, па сказе, па суфіксе, па літары, па сэнсах — новы малазнаёмы шыфр… які, падумаць толькі, акажацца чарговым цалкам зьвязаным тэкстам…

І Божа ж мой — нават з падтэкстамі!

Чытанкі на мовах арыгіналаў сталі маім адпачынкам, маім кругасьветным падарожжам, маёй мэдытацыяй. Дзіўна? А то ж бо!

Як я дакацілася да такога жыцьця? Паступова, але ўжо хранічна. Падазраю, гэта надоўга, бо любоў да адкрыцьцяў — на шчасьце? — ня лекуецца.

Я мусіла даўно патануць, пайсьці да дна ў моры гэтых літар і старонак, як любы дылетант, які нырае на глыбіню, нават без выратавальнікаў, ня даўшы сабе працы спачатку навучыцца якому-небудзь брасу. Не, дылетанту хочацца адразу перайсьці на батэрфляй.

2.

Белае бязмоўе

Пачалося ўсё пазамінулай восеньню. Зь нейкай дзікай прастуды, калі, вымушана бавячы шмат часу дома, разам з пігулкамі ды мікстурамі я праглынула ў перакладзе некалькі запар любімых кніг свайго дзяцінства.

Сустрэча зь імі была мілай. Разам з «прымеркай» сваіх дзіцячых герояў, зь якіх, канечне ж, даўно «вырасла», я раптам прыйшла да высновы, што выгадавалася на літаратуры ня столькі сацыяльнай і гістарычнай, колькі — прыгодніцкай і геаграфічнай. І ня столькі беларускай ці расейскай, колькі францускай ды амэрыканскай.

Разам з падскочыўшай тэмпэратурай да мяне прыйшла простая і грацыёзная, як валёнак з карункамі, думка: «Шкада, што мне ніколі не ацаніць мову гэтых твораў» — і з гэтай нагоды ўнутраны пратэст. Ну не люблю я гэтага слова-прысуду — «ніколі» — але чамусьці яго ўжываю ў адносінах да сябе. І тут жа — сабе, дарагой, апраўданьне: «Але што ж зробіш, гэта ж мова францускіх і амэрыканскіх пісьменьнікаў! Куды ўжо табе, грэшнай…»

Тут ува мне нібы нешта ўзарвалася, і, ня памятаю, напэўна, гэта быў нейкі ўнутраны выхад на Плошчу. У словах гэта прагучала б прыкладна так: «Дзевачка мая, не прыкідвайся ёлупам. Ты ажно двойчы была ў англамоўных краінах. Двойчы, халера! Умееш лічыць? Некаторыя не былі. Гэта табе ня ў краму схадзіць. Ты там гублялася ў Валеце і ў Квінсе, хіба не? Выбралася назад? Анягож. Як іначай? Вакол былі людзі, альбо ты балбатала з прывідамі ў небе? Ты нават борзьдзенька так чытала ўсе вулічныя шыльдачкі — і, о жахі, нават загалоўкі мясцовых сусьветных газэт!..»

Джэк Лондан

Джэк Лондан

Цяпер сябры ў адзін голас кажуць, што гэта было чыстае вар’яцтва — пасьля мальтыйскіх шыльдачак дзесяцігадовай даўніны і забытай за тры гады бруклінскай «раёнкі» — ну, ня толькі іх, але калі тое было? — пачаць чытаць клясыку. Праўда, казаць ужо позна. У тую восень я палезла ў інтэрнэт і хутка запампавала сабе «White Fang» з паралельным расейскім тэкстам… Божа, які жах, гэта была жудасная памылка!

Рэч у тым, што ўзровень маёй ангельскай, як і іншых замежных моваў, увесь час імкнецца да ўзроўню плінтуса і поўнага нулю.

Пасьля кожнага рэдкага падарожжа, вядома, па мовах сумуеш, можаш нават ляпнуць на іх нешта ў краме, але неўзабаве яны зноўку выветрываюцца з галавы. Натуральна, што першая старонка Джэка Лондана, як яна ёсьць — прычым яго твору, шмат разоў некалі па-расейску перачытанага — аказалася для такога чытача сапраўдным «белым бязмоўем».

Цяпер магу сказаць, што працэс спасьціжэньня першых трох ці пяці старонак выглядаў, як у рамане Артура Хэйлі «Аэрапорт» — перадапошняй англамоўнай кніжкі, прачытанай мной пакуль у вольны час. Там ёсьць момант, калі ў пакоі з радарамі супрацоўнікі аэрапорту адсочваюць пасадкі самалётаў, а на дварэ распачынаецца страшэнны буран. І вось, калі праблемных пасадак набіраецца некалькі, ім для кароткасьці, прысвойваюць нумары: emergency one, emergency two, emergency three…

Хутка я проста зьбілася зь ліку сваіх лексычных аварыяў. Слоўнік, што цікава, ні халеры не дапамагаў, толькі злаваў на сябе самую за марнаваньне часу. Нешта мусіла само скласьціся ў маёй галаве, не іначай — раптам датуркала я і закрыла кніжку да наступнага спрыяльнага моманту.

Спатыкаючыся і падаючы, я ішла празь «белае бязмоўе» першых старонак тройчы. І раптам пабачыла, што… банальна зьбіваюся на паралельны тэкст-шпаргалку. Не, ну так неціка-а-ва! Шпаргалку, то бок пераклад, я чытала і так мо сто разоў! Да таго ж, на той час адчувальна хварэючы, я ня мела дастаткова сілаў доўга знаходзіцца за кампутарам. Вырашыла адмовіцца назаўсёды ад чужых шпаргалак і часова, да выздараўленьня — ад электронных кніжак. А калі зьявілася трохі больш здароўя, «White Fang» паўстаў на паліцы ў маім пакоі. Ён любаваўся на мяне адтуль недзе месяц, а я любавалася на яго. Але аднойчы «дзень Х» настаў зноў, і на старонцы шостай ў маіх мазгах нешта шчоўкнула. У бязмоўі зьявіліся гукі, але яно пакуль заставалася абсалютна белым.

3.

Скарбы на Майдане і ваўкі на выспах

Сапраўдная весялосьць пачалася неўзабаве ў шпіталі, куды я вырашыла ня браць расейска- і беларускамоўных кніжак зусім. Баялася, што нябачны тумблерчык у галаве адлучыць маё разуменьне іншых моваў, як гэта звычайна адбываецца празь некалькі дзён пасьля вяртаньня з вандровак.

Фонам да маіх прыгодаў ішлі трывожныя падзеі ва Ўкраіне — эмацыйнае інтэрнэт-чытаньне па-ўкраінску выдатна дапаўняла спакой нашай палаты. Суседкі па палаце, ад пэнсіянэрак да настаўніц, ставіліся да маіх ціхіх чытанак зь вялікай павагай. Міжволі перашкаджаючы сваёй расейскамоўнай балбатнёй, яны трэніравалі маю здольнасьць засяроджвацца. Трэніроўкі перарываліся пытаньнямі:

— Таня, ну як яны там, твае ваўкі?

— Добра, — адказвала я і махала рукой некуды ў кут, — ідуць у бок Аляскі!

— А як там Майдан? — працягвалі суседкі таямнічым паўшэптам.

— Майдан — наадварот, — урачыста казала я, — не ідзе! Стаіць!

Жанчыны хіталі галовамі, прасілі знайсьці ў інтэрнэце біяграфіі Харацьяна і Джорджа Клуні, распавесьці пра вандроўкі… і тут нас чарговы раз клікалі на ўколы.

І раней, і пасьля мне даводзілася чуць ад некаторых людзей, што расейская мова — вялікая і магутная, чаго, маўляў, ня скажаш пра іншыя — і чамусьці найболей, на іхнюю думку, ня скажаш пра ангельскую.

З поўным правам выплыўшага з акіяну дылетанта магу засьведчыць: лухта. Поўная і тупая.

Дакладней (буду паліткарэктнай), абсалютная няпраўда, выкліканая комплексам імпэрскасьці і ўласнай ляноты носьбітаў гэткай дзіўнай думкі, а таксама іх лінгвістычнай і чалавечай абмежаванасьцю.

Не памятаю цяпер, па якім прынцыпе былі абраныя наступныя кнігі для чытанак у арыгінале. Здаецца, напачатку мяне цягнула да перачытваньня выключна твораў, чытаных і любімых раней, у лепшыя часы. Канечне, ня ўсе зь іх я магла прачытаць (на жаль, многія не магу і цяперака, пакуль што). Геаграфічнага складніку дакладна не было. Чытаць на замежнай мове адразу новае, а не перачытваць знаёмае па перакладах, здавалася рызыкоўна і страшнавата. Але толькі цягам першага паўгоду.

Робэрт Луіс Стывэнсан

Робэрт Луіс Стывэнсан

Пасьля красамоўных апісаньняў Джэка Лондана пайшлі хітрасплеценыя моўныя парадоксы Стывэнсана: сям-там сказы былі перасыпаныя шатляндзка-гэльскімі словамі. Як на тое, паралельна абсалютна выпадкова ў мяне зьявіліся сябры па перапісцы з Шатляндыі. «Што ў вас з роднай мовай? А як маюцца замкі?» — дачапілася я да іх і даведалася шмат новага. Паралельна давялося распавесьці, што з роднай мовай і замкамі ў нас. Па мове выйгравалі мы, па замках — шатляндцы. «Вам пара ў нас пабываць!» — запэўніла я іх і працягнула сваё чытво і прыгоды.

Трэба дадаць, што другі побыт у шпіталі дадаў гэтаму працэсу імпэту — цяпер суседкі па палаце, ад мэдсястры да выхавацелькі садка, пыталіся:

— Ну, як яны там, твае піраты? Знайшлі скарбы?

— Дрэнна, — казала я, — горш, чым мы тут.

— Ну, а як ва Ўкраіне?

— Так-так… Авакаў напісаў пра Турчынава, 11 тысяч лайкаў… І я лайкну! (сьмех). Так, далей. Крым…

— Які Крым? — перапынілі дзяўчаты. — Усё Крым. Скончыўся. Не паедзем цяперака туды.

Яны запляталі мне касу, як у Цімашэнкі, фарбавалі пазногці ў жоўта-блакітныя лакі, прасілі знайсьці ў інтэрнэце біяграфію Эмінэма і лаўкосты на Кіпр… пакуль нас ізноў не клікалі на ўколы, яшчэ горш балючыя, чым першыя…

4.

Дастукацца да нябёсаў

Так мы і акрыялі, і з таго часу пайшло ды паехала.

Гэнрык Сянкевіч

Гэнрык Сянкевіч

Пачытаўшы трохі ў арыгінале Генрыка Сянкевіча, я закінула польскую мову, бо здрадзіла ёй з ангельскай ізноў, выпадкова ўбачыўшы ў краме Рычарда Баха.

Перад другім шпіталём перачытвала яго па-расейску, але вось ізноў не ўтрымалася, вярнулася да пераможцы немагчымага «Чайкі Джонатана».

Мы павінны былі перамагаць амаль немагчымае разам, і зь ягонымі словамі originally гэта было — невядома чаму — прасьцей. Напэўна, гэта было нечым большым, чым мільён іншамоўных словаў, і гэта нешта выводзіла наўпрост у адкрыты акіян, хіба з падмешанымі збоку нябёсамі.

Падчас павольнага дрэйфаваньня ў гэтым акіяне, што прымаў цябе з разьбегу, як халодныя хвалі Атлянтыкі, прыходзілі дзіўныя высновы.

Па-першае, ангельская мова ня проста ніяк ня меней багатая за ўсходнеславянскія, але і ўтрымлівае ў сабе болей аптымізму і пазытыву ў параўнаньні зь імі. Я чула і раней, што тут ня знойдзеш у тэкстах ніякай «загадкавай душы», але таксама нічога не «смеркается» і «вечарэе» само па сабе, хаця і можа цалкам па-нашаму «сьнежыць» і «дажджыць». Лексыка з граматыкаю празрыста намякаюць: збольшага ўсё — у тваіх руках, дарагі чалавеча! Забудзься на фаталізм!

Па-другое, я адчула, што не магу чытаць на мовах краін, дзе ніколі не была. Нешта не спрацоўвае ўнутры, мовы не западаюць у душу. Нямецкая здаецца падобнаю на мову чароўнага Стакгольму, і перад вачыма паўстаюць карціны зімовай Швэцыі. Француская і гішпанская — на гаворку Сыцыліі, і вось амаль чуецца салёны пах летняга Міжземнамор’я. Чэская пераключае думкі на амаль родную Варшаву альбо гутарку ў Варне, выкладзеную лацінкаю… Як на тое, у мяне зьявіліся новыя сябры па перапісцы, і стала ясна, што нездарма некалі мы завітвалі адпачываць ў Італію ды Баўгарыю, бо я цалкам разьбіраю гэтыя шыфры на родных мовах знаёмых, якімі яны мне пішуць лісты. Зь дзяцінства люблю перапісвацца з жыхарамі іншых месцаў. А кніжны акіян, ён, вядома, мае пашырацца. Да якой выспы прыстаць, пакінуўшы ангельскія берагі, проста пытаньне часу. Нядоўгага.

Часам мяне натхнялі ўспаміны пра здольнасьці іншых людзей. Тацяна Кірылава, наша выкладчыца замежнай літаратуры ў БДУ, магла запраста выслухаць адказ замежнага студэнта на любой мове. Лявон Баршчэўскі, вядомы палітык і настаўнік маёй дачкі, даваў інтэрвію замежным журналістам на некалькіх мовах. Усё гэта здаралася пры мне, шторазу выклікаючы захапленьне.

Ну а я што? Я проста так, я чытаю кніжкі…

Што б пачытаць яшчэ?

Толькі падумала, як іншамоўная кніга прыйшла мне па пошце — гэта быў падарунак ад аўтара, Людмілы Мірзаянавай.

Дарэчы, нямала цудоўных твораў, у тым ліку любімых пісьменьнікаў замежжа, не перакладзеныя і таму недаступныя…

Былі.

Некалі раней.

5.

Сусвет і гарбата зь мёдам

Не магу пахваліцца, што цяпер, адолеўшы зусім невялікі стосік гэтых кніг, я добра ведаю мову. Абсалютна ня добра. Я б цяпер нават сказала — кашмарна. Усё паводле Сакрата. (Хоць, паводле іншай вэрсіі, Дэмакрыта). Я насамрэч ня ведаю большасьці словаў, якія ў гэтых кніжках напісаныя.

Але аказалася, гэтага і ня трэба. Аказваецца, мы, чалавекі разумныя, умеем разумець сэнсы — сэрцам.

І аднойчы ты ловіш сябе на тым, што не засынаеш у канцы кожнай старонкі, а за вечар незаўважна, сёрбаючы гарбату зь мёдам, пралятаеш іх пад шэсьцьдзесят. Як гэта можа быць? І ў аўтобусе з гораду пад балбатню цётачак на трасянцы табе нішто не перашкаджае. Ты глядзіш на вокладку, міжволі думаючы, што, можа, кніга па-беларуску, і, канечне ж, жорстка памыляесься, у думках нават падсьмейваючыся над сабой…

З аднаго боку, ты зашываесься ў кнігі, ня ведаеш шмат якіх навін, яшчэ больш занураеш сябе ў шматгадовую ўнутраную эміграцыю.

Курт Вонэгут

Курт Вонэгут

А зь іншага — жывеш больш чым проста ў роднай Беларусі, недзе па-над усім. Па-над сьветам, які адчуваеш, як адно цэлае. Пачынаеш проста бачыць, што ў польскай мове закладзеная годнасьць, у італьянскай — цеплыня, у брытанскай ангельскай — таямніца, а ў амэрыканскай — перамога, у канадзкай…

Дарэчы, я ўжо маўчу пра ўкраінскую…

Неўзабаве кожная мова для цябе набывае свой колер: фіялетавы, яскрава-салатны, аліўкава-зялёны, крышталёва-блакітны… Яшчэ трохі, і яны набудуць водар і смак, нібыта ты не чуеш іх проста ў сябе дома. А можа, проста ты як дома — паўсюль?

Сьвет, шматколерны і бязьмежны, які мы ўсе так любім, да якога імкнемся, ціха і проста глядзіць на кожнага з кніжных паліц.

Ён зусім побач.

Проста пара крокаў насустрач.

Што, гэта стала падобна на «walk to forever»?! Ну што ж, трэ было першым чытаць Вонэгута.

Любімы пісьменьнік даўно папярэджваў, а ты вечна шукаеш яго на расейскай мове!

* Falling in Life — гульня словаў па асацыяцыі з выразам «falling in love».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?