На сайтах і ў суполках, прысвечаных сурагатнаму мацярынству, хапае аб’яў ад беларусак, якія гатовыя дапамагчы бяздзетнай пары завесці доўгачаканае дзіця. Адрозніваюцца яны толькі памерамі аплаты і ўмовамі, якія ставяць дзяўчаты: хтосьці хоча, каб ёй набылі чатырохпакаёўку ў Віцебску, а камусьці досыць і 10—15 тысяч долараў.
Рэгіна, 21 год, Мінск. Замужам, мае малое дзіця.
«Мы з мужам вырашылі, што калі ёсць такія людзі, якія не могуць завесці дзіця, то чаму не дапамагчы ім, і не паправіць сваё матэрыяльнае становішча? Муж не супраць. Я гатовая. Мы чыталі ў інтэрнэце шмат па гэтай тэме.
Зарабіць я планую па мінімуме. Мы глядзелі ў інтэрнэце, там цана звычайна пачынаецца ад 15 тысяч долараў. Мяне б такая сума задаволіла. Нават, калі б у біялагічных бацькоў было б менш, напрыклад, 10 тысяч, то я б усё роўна пагадзілася б ім дапамагчы.
Калі атрымаецца, грошы пойдуць не на штосьці канкрэтнае, а так, трошкі сюды, трошкі туды. Цяпер рамонт робім, плюс сваё малое дзіцё — на яго грошы заўсёды патрэбныя. Ні на кватэру, ні на машыну мы не збіраем. Нам з мужам, у прынцыпе, хапае таго, што мы зарабляем. Хочацца дапамагчы людзям. Ну а калі гэта аплачваецца, то чаму не?
Хочацца, канечне, каб біялагічныя бацькі былі з Беларусі, а не расейцы ці еўрапейцы. Я лічу, што тут за гэтым усім лепш сочаць. Бо не хочацца, каб дзіцё трапіла ў дрэнныя рукі.
Калі я ўсё ж стану сурагатнай маці, то пра гэта будзем ведаць толькі мы з мужам. Казаць нікому не збіраемся. Калі што — скажам, што на нейкі час едзем у госці, ці адпачыць. Варыянтаў шмат. Тым больш, калі я была цяжарная маім дзіцём, то жывот быў невялікі, нават на працы да 8 месяца нічога не ведалі. Карацей, нешта прыдумаем. Але ж, калі і хтосьці даведаецца, то гэта не страшна. Мы ўжо не малыя, самі можам вырашаць.
З маці я абмяркоўвала гэтае пытанне. Не казала канкрэтна, што я збіраюся, а высвятляла яе стаўленне ў цэлым. Дык яна і не вельмі падтрымлівае такое мацярынства, з аднаго боку, а з другога — дарослыя людзі самі могуць вырашаць, як ім жыць.
Я ведаю, што царква не падтрымлівае сурагатнае мацярынства. Але я не лічу, што гэта грэх. Я веруючая, але не настолькі. Я ж не выкідаю дзіцё ў сметніцу, а аддаю людзям, якія даўно яго хочуць і чакаюць».
Вольга (імя зменена), 19 гадоў, Гродна. Замужам, мае малое дзіця.
«Я жыву з мужам, асобна ад бацькоў. Муж усё ведае, канечне. Вырашалі разам. Хочам і дапамагчы людзям і зарабіць трошкі. Наконт сумы – пакуль не думалі, як і пра тое, на што грошы пойдуць. Паглядзім. У мяне ж малое дзіцё, яго ж таксама трэба расціць. А я не працую нідзе, не вучуся, даглядаю дзіцё.
Бацькам сваім пра свой намер я сказала. Яны, ў прынцыпе, не супраць».
Віка, 22 гады, Віцебск. Не замужам, дзяцей няма.
«Я жыву з бацькамі. Пра свой намер стаць сурагатнай маці я ім не казала, і не буду. Калі што — яны не даведаюцца. З’еду на нейкі час, знайду раён, дзе яны не бываюць, ці пераеду ў іншы горад. Потым маці можа і скажу. Але бацьку – дакладна не. З сябрамі я б таксама пэўны час не бачылася. Не сказала б ім нічога. З працы б звольнілася.
Пра сурагатнае мацярынства я чытала. Пасляродавай дэпрэсіі і мацярынскага свайго інстынкту не баюся. Мне падаецца, што спраўлюся.
Колькі зараблю – не ведаю. Але за 5 тысяч долараў я б не пагадзілася. Чым больш, тым лепш. Грошы патрэбныя на кватэру. Хочацца хаця б аднапакаёўку набыць».
Наталля (імя зменена), 28 гадоў, Нясвіж. Замужам, мае дзіця.
«Канечне, мы абмяркоўвалі такі крок з мужам. Ён быў згодзен, падтрымліваў мяне. Раней мы жылі з бацькамі, хацелася мець уласнае жыллё. Грошы павінны былі пайсці на дом.
Мы нават вялі перамовы з беларускай парай. Агучваліся сумы ў 8—10 тысяч долараў. Пры гэтым, мы маглі б узяць і менш, калі б былі ўпэўненыя, што біялагічная сям’я — нармальныя, добрыя людзі. Але высветлілася, што сурагатнай маці я быць ужо не магу, бо мне рабілі кесарава. Я таксама была донарам яйцаклеткі, ездзіла ў маскоўскую клініку. Дык там прапаноўвалі вельмі вялікія грошы, і можна было б зацяжарыць, нягледзячы на тое кесарава, але гэта вялікая рызыка для майго здароўя. І я адмовілася.
Прывыкнуць да дзіцяці я не баялася. Я адразу настройвала сябе, што яно будзе не маё.
Сябрам і сваякам планавала расказаць. Я не лічу, што сурагатнае мацярынства — гэта нейкае злачынства. Мае бацькі спачатку былі катэгарычна супраць, нават калі я ішла на донарства яйцаклеткі. Але я зрабіла так, як лічыла правільным.
Я ў Бога веру. Ведаю, што царква не вельмі падтрымлівае сурагатнае мацярынства, але чаму? Чаму, напрыклад, мне такім чынам не дапамагчы людзям? Царква ж павінна быць за сям’ю».