Беларускі імігрант Алег Таламай, які памёр 9-га студзеня ад чэрапна-мазгавой траўмы ў Апала-Альта, паплаціўся жыццём з-за спрэчкі з нагоды расейска-ўкраінскага канфлікту, паведамляе са спасылкай на сяброў ахвяры SlavicSac.
Як піша выданне Mercury News, Алег Таламай нарадзіўся 20-га жніўня 1990 ў Беларусі. З сямі гадоў ён браў удзел у адукацыйных праграмах у ЗША. Марыў стаць прафесійным гульцом у тэніс. У 2012 г. у чарговы раз прыехаў у ЗША, каб здзейсніць сваю амерыканскую мару. Неўзабаве стаў інструктарам у Акадэміі тэніса ў Апала-Альта.
Паводле рапарта паліцыі, ноччу 21 снежня 2014 г. у бары The Patio, у цэнтры горада, Алег і яго сябар пасварыліся з кампаніяй з 4-х мясцовых жыхароў. У спрэчку ўмяшалася служба бяспекі і паліцыя. Аднак праз некаторы час мужчыны сутыкнуліся на вуліцы, завязалася бойка. 28-гадовы Ніл Браян Ротраф ударыў Алега Таламая ў твар і паваліў яго на зямлю. У выніку беларус атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму — пералом костак чэрапа, і страціў прытомнасць. Прабыўшы 19 дзён у коме, Алег памёр не ачуняўшы.
Па словах дэтэктываў, якія расследуюць справу, адразу пасля бойкі двое падазраваных спрабавалі збегчы, пакінуўшы цела пацярпелага на тратуары. Іх дзеянні былі запісаныя на камеру відэаназірання, усталяваную ў прыпаркаванай побач паліцэйскай машыне. Пасля смерці Алега мясцовыя праваахоўныя органы абвінавацілі ў ненаўмысным забойстве і саўдзеле ў цяжкім злачынстве Ротрафа і яго 21-гадовага прыяцеля Акшая Мастакара з Санівейла. Абвінавачванне прагучала ў судзе ў аўторак.
Як паведамляе Mercury News, Мастакар абвінавачваецца ў перашкодзе арышту злачынца. Ротраф і Мастакар выпушчаныя пад заклад. Двое іншых удзельнікаў здарэння, імёны якіх пакуль не раскрываюцца, не затрымліваліся. Супрацоўнікі Акадэміі тэніса абвясцілі збор сродкаў на транспарціроўку цела загінулага ў Беларусь, «каб яго маглі пахаваць побач з бацькам». Паводле сайту грамадскага фандрэйзінга Go Fund Me, з патрэбных $ 15 тыс. ужо сабрана больш за 11 тысяч даляраў.
Алег Таламай займаўся тэнісам на радзіме, гуляючы ва ўніверсітэцкай зборнай, быў памочнікам трэнера каманды Кубка Дэвіса ў Беларусі. У Акадэміі Апала-Альта ён стаў адным з самых запатрабаваных трэнераў. Яго выхаванцы выказваюцца пра яго вельмі добра і проста не ўяўляюць свае трэніроўкі без любімага трэнера.