Дзяржаўны дэпартамент ЗША 30 снежня 2014 года абвясціў аб увядзенні санкцый супраць беларускага прадпрыемства «Белзнешпрамсервіс» (BelVneshPromService) «Увядзенне захадаў супраць нераспаўсюджання датычна замежных асобаў, уключна з забаронай на закупкі ўрадам ЗША».

Падставай для гэтага рашэння стала заключэнне ўрада ЗША аб парушэнні «Белзнешпрамсервісам» палажэнняў амерыканскага Закона аб нераспаўсюджанні ў дачыненні да Ірана, Паўночнай Карэі і Сірыі.

У прыватнасці, гэта азначае ўдзел у перадачы названым краінам ці закупкам у іх тавараў, паслугаў і тэхналогій, якія падлягаюць кантролю згодна з шэрагам шматбаковых механізмаў экспартнага кантролю (Аўстралійская група, Васенаарскія дамоўленасці, Канвенцыя аб забароне хімічнай зброі, Рэжым кантролю над ракетнымі тэхналогіямі, Група ядзерных пастаўшчыкоў) ці могуць патэнцыяльна спрыяць распрацоўцы зброі масавага знішчэння ці сістэмаў крылатых ці балістычных ракет.

Акрамя «Белзнешпрамсэрвісу» санкцыі таксама ўведзеныя супраць шэрагу фізічных і юрыдычных асобаў з Венесуэлы, Ірана, Кітая, Паўночнай Карэі, Расіі, Сірыі і Судана.

Паводле паведамлення санкцыі будуць дзейнічаць на працягу двух гадоў пачынаючы з 19 снежня 2014 года. Варта адзначыць, што «Белзнешпрамсервіс» перыядычна становіцца аб’ектам амерыканскіх санкцый пачынаючы з 2004 года.

Рашэнне прадугледжвае наступныя санкцыі:

  1. Адмова ад дзяржаўных закупак урадам ЗША у названых у паведамленні асобаў ці заключэння з імі кантрактаў, за выключэннем рашэнняў дзяржаўнага сакратара ЗША.
  2. Адмова ад выдзялення дапамогі ўрада Злучаных Штатаў названым асобам, за выключэннем рашэнняў дзяржаўнага сакратара ЗША.
  3. Забараняецца продаж названым асобам артыкулаў з афіцыйнага Пераліку боепрыпасаў ЗША і продаж любых тавараў і паслугаў абарончага прызначэння згодна з Законам аб кантролі над экспартам узбраенняў.
  4. Забарона перадаваць вырабы, што кантралююцца Законам ЗША аб рэгуляванні экспарту 1979 года ці Правіламі рэгулявання экспарту.

Адметна, што ні беларускі, ні амерыканскі ўрад да гэтага часу не зрабілі публічных паведамленняў па пытанні санкцый супраць «Белзнешпрамсервісу».

Амаль адначасова беларускі «Трастбанк» абвясціў, што 15 снежня 2014 года ЗША адмянілі санкцыі, якія былі ўведзеныя супраць гэтага банка ў сувязі з адмываннем грошаў у 2004 годзе. У тыя часы ён называўся «Інфабанк». Аднак ні сайт Федэральнага рэгістру ЗША, ні сайт Агенцтва па барацьбе з фінансавымі злачынствамі міністэрства фінансаў ЗША не падаюць інфармацыі, пра якую гаворыцца ў паведамленні «Трастбанку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?