На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі новую рэдакцыю Закона «Аб ваенным становішчы». Дакумент уступае ў сілу з лютага 2015 года.

У законе рэгламентуюцца падставы для ўвядзення ваеннага становішча: ваенная пагроза і напад.

Ваеннай пагрозай прызнаецца, напрыклад, аб'ява вайны Рэспубліцы Беларусь з боку іншай дзяржавы (дзяржаў); канцэнтрацыя Узброеных сіл іншай дзяржавы (дзяржаў) уздоўж беларускай дзяржаўнай мяжы, якая паказвае на рэальны намер ужыць узброеную сiлу супраць незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і (што ўведзена ў заканадаўства ўпершыню) канстытуцыйнага ладу Беларусі.

Акрамя таго, пад ваеннай пагрозай разумеецца: ўзнікненне ачагоў узброеных канфліктаў, накіраваных супраць незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Беларусі; правядзенне ў iншай дзяржаве (дзяржавах) мабілізацыі ў мэтах нападу; заявы і дэманстрацыя сілы, якія ажыццяўляюцца ў парушэнне Статута ААН і ўказваюць на падрыхтоўку да нападу.

Пад нападам разумеецца ўварванне Узброеных сіл іншай дзяржавы або дзяржаў на тэрыторыю Беларусі ці ваенная акупацыя, якi б часовы характар яна ні насіла. Таксама гэта анексія беларускай тэрыторыі або яе часткі з прымяненнем узброенай сілы; ракетна-авiяцыйныя ўдары, што наносяцца ўзброенымі сіламі іншай дзяржавы (дзяржаў) або прымяненне любой іншай зброі супраць Рэспублікі Беларусь і іншыя падобныя дзеянні.

Пад нападам таксама маецца на ўвазе засылка іншай дзяржавай ці дзяржавамі на тэрыторыю Беларусі узброеных бандаў (груп), ірэгулярных сіл, наймітаў або падраздзяленняў рэгулярных войскаў, якія прымяняюць ўзброеную сілу супраць Рэспублікі Беларусь.

Упершыню ў законе замацавана, што нападам на Рэспубліку Беларусь лічыцца агрэсія супраць любога з членаў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (Расіі, Арменіі, Казахстана, Таджыкістана або Кыргызстана).

Ваеннае становішча ўводзіцца ўказам прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?