Аляксандр Лукашэнка 22 студзеня прыняў з дакладам старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніда Анфімава, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка, у прыватнасці, звярнуў асаблівую ўвагу на кантроль за неабгрунтаваным ростам цэн у краіне: «Тут нам трэба працаваць так, каб асобныя гандлёвыя сеткі не жыравалі на праблемах людзей, але і так, каб не загубіць бізнес. Наколькі Камітэт дзяржкантролю ўключаны ў такія мерапрыемствы і якія ў вас адчуванні ў сувязі з гэтым? Самае галоўнае — не загубіць бізнес і не дапусціць неабгрунтаванага росту цэн. Бо для гэтага ніякіх падстаў няма. Калі ўвесь свет у крызісе, асабліва постсавецкая прастора, неабходна разумець, што трэба і нашаму бізнесу крыху зменшыць апетыты. Я не кажу, каб зусім зацягнуць паясы, але гэты час трэба перажыць разам з народам». 

Леанід Анфімаў расказаў аб дзейнасці міжведамаснай рабочай групы, якая была створана ў снежні і практычна штодзень адсочвала сітуацыю на спажывецкім і валютным рынках да таго часу, пакуль стан спраў адносна не стабілізаваўся. Ён адзначыў, што цяпер няма ніякай неабходнасці для ўмяшання ў гэтыя пытанні КДК, паколькі склалася адносная раўнавага на спажывецкім і валютным рынках. Леанід Анфімаў сказаў: «Мы проста адсочваем стан спраў для таго, каб адрэагаваць, калі будуць узнікаць нейкія надзвычайныя сітуацыі». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0