На наступны дзень па размове з Пуціным Аляксандар Лукашэнка правёў нараду па пытаньнях унутранай і замежнай палітыкі на 2008 год. Ягоная прэс-служба акцэнтуе «неабходнасьць правядзеньня шматвэктарнай палітыкі» і «стварэньня ўмоваў для працы буйных замежных інвэстараў у рэспубліцы».
Калі і супадзеньне, дык шматзначнае: на наступны дзень пасьля размовы з прэзыдэнтам Расеі кіраўнік Беларусі акцэнтуе ўвагу на «неабходнасьць правядзеньня шматвэктарнай палітыкі».
З гэтага імпэратыву пачынаецца паведамленьне пра нараду прэс-службы А. Лукашэнкі. Ні слова пра «саюзную дзяржаву».
Прэс-служба таксама паведамляе, што на нараддзе ішла гаворка пра «ўмацаваньне сувязяў з асноўнымі гандлёвымі партнёрамі краіны, прыцягненьні наўпроставых замежных інвэстыцый, стварэньні максымальна спрыяльных умоваў для працы буйных замежных інвэстараў у рэспубліцы на аснове прынцыпу ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва».
Таксама на нарадзе, як паведамляецца, абмяркоўваліся «прыярытэтныя накірункі разьвіцьця беларускай эканомікі і яе далейшай інтэграцыі ў агульную сыстэму міжнародных эканамічных адносінаў», а таксама тэмы імпартазамяшчэньня і разьвіцьця фінансавай сыстэмы.
У сваім нядаўнім артыкуле для агенцтва БелТА Міхаіл Мясьніковіч сьцяьвярджаў неабходнасьць уключэньня беларускай гаспадаркі ў ланцугі транснацыянальных карапарацый.
Пад эўфэмізмам пра «шматвэктарную палітыку» ў мінулыя гады А. Лукашэнка прыхоўваў спробы — пераважна няўдалыя — аслабленьня залежнасьці ад Расеі.