Стрэлкі Гадзінніка Суднага дня — умоўнага паказніка блізкасці ядзернага катаклізму, пераведзеныя на 2 хвіліны наперад.

Уночы 22 студзеня супрацоўнікі часопіса Bulletin of Atomic Scientists перавялі Гадзіннік Суднага дня на 23:57, на 2 хвіліны наперад. Умоўны гадзіннік пакажа 12 ночы ў час глабальнай ядзернай катастрофы.

Прычыны сімвалічнага кроку — няспынныя кліматычныя змены і далейшы распаўсюд ядзернай зброі.

Рашэнне пра перавод стрэлак з 1947 года прымае Рада дырэктараў часопіса Bulletin of the Atomic Scientists з дапамогай запрошаных экспертаў, у тым ліку нобелеўскіх лаўрэатаў. Часопіс заснаваны навукоўцамі Манхэтанскага праекта (праграмы ЗША па стварэнні ядзернай зброі) і распавядае пра зброю масавага знішчэння, кліматычныя змены, небяспечныя хваробы.

Ад пачатку гадзіннік паказваў 23:53, 7 хвілін да апоўначы.

Праз два гады гадзіннік перавялі на сённяшні час, 3 хвіліны да апоўначы, праз выпрабаванні Савецкім саюзам ядзернай зброі. Наступны перавод стрэлак адбыўся ў 1953 годзе, калі СССР і ЗША правялі з розніцай у 9 месяцаў выпрабаванні тэрмаядзерных бомб. Тады гадзіннік паказаў без 2 хвілін 12, самы блізкі да поўначы час за гісторыю.

У 60-х час адкаціўся назад праз асэнсаванне пагрозы глабальнай катастрофы і падпісанне дамовы аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі. Самы ранні час, без 17 хвілін 12, гадзіннік паказаў у 1991 годзе, па завяршэнні Халоднай вайны. Але з таго часу стрэлкі ішлі амаль толькі наперад.

Гадзіннік Суднага дня згадваецца ў графічным рамане і фільме «Вартаўнікі» (Watchmen), у песні Iron Maiden «2 Minutes to Midnight» і альбоме Linkin Park «Minutes to Midnight», у песні «А у мира час до полночи», што выконвалі расійскія гурты «Инструкция по выживанию» і «Гражданская Оборона».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?