Паводле афіцыйных зьвестак, інфляцыя ў 2007 годзе падскочыла да 12,1 %.

Паводле афіцыйных зьвестак, інфляцыя ў 2007 годзе склала 12,1 %, пры гэтым у сьнежні 2007 г. яе рост склаў 2,4 %. Варта нагадаць, што ў адпаведнасьці з Асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2007 год гадавая інфляцыя была заплянаваная ў межах 6—8%.

Стаўка рэфінансаваньня, між тым, застаецца на ўзроўні 10 %. Гэта зьвязана з палітычнай задачай утрымаць курс даляра любым коштам. Інфляцыя апярэдзіла стаўку рэфінансаваньня на 2,1 %, што робіць любыя ўклады і дэпазыты ў беларускіх рублях стратнымі. Эканамісты Яраслаў Раманчук і Станіслаў Багданкевіч прадказваюць, што насельніцтва зараз пачне масава здымаць свае рублёвыя зьберажэньні з банкаў і або ўкладаць іх у тавары, або пераводзіць у валюту.

Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі тлумачыць інфляцыю па-савецку: недахопамі на месцах. Ён адзначыў неадказнае стаўленьне абласьцей і асобных міністраў у гэтым пытаньні: «На жаль, тройчы прынятыя ўрадам пастановы аб пакараньні службовых асобаў за невыкананьне асобных даручэньняў, што датычылі пытаньняў інфляцыі на месцах, не далі вынікаў».

У Беларусі будзе прынятая сыстэма мераў па папярэджаньні інфляцыйных працэсаў у 2008 г., абяцае Сідорскі. Ён нагадаў, што ў бягучым годзе інфляцыя заплянаваная ў межах тых самых 6—8 %. Паводле яго словаў, Міністэрства эканомікі павінна прапанаваць адпаведны плян дзеяньняў па ўрэгуляваньні інфляцыйных працэсаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?