Мікола Якаўлевіч Аўрамчык. Чалавек-эпоха. Паэт, празаік, эсэіст, перакладчык і найзнакаміцейшы літаратурны рэдактар, які 27 гадоў свайго жыцця аддаў працы ў часопісе «Маладосць». 14 студзеня спадару Міколу споўнілася 95. А ўчора, 22 студзеня, адбылася вечарына ў ягоны гонар.

На святочную імпрэзу, якая адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, прыйшлі пісьменнікі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, калегі, сябры і прыхільнікі творчасці Міколы Якаўлевіча.

У свае 95 юбіляр захаваў выдатнае пачуццё гумару і яснасць думкі, але, на жаль, фактычна страціў зрок. У сваім прывітальным слове, звернутым да аўдыторыі, Мікола Якаўлевіч адзначыў:

— Адчуванне таго, што зараз адбываецца, ёсць, аднак стан здароўя ўжо не дазваляе мне ні бачыць вас, ні пісаць. Магу сказаць, што мне пашчасціла ў жыцці ў пасляваенны перыяд, калі я быў у «Маладосці», і прыходзілі да мяне маладыя паэты. Настолькі таленавітыя — Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, і так іх было многа, што зараз усіх не пералічыць. І праз 5—10 гадоў гэтыя творцы сталі маімі начальнікамі і многаму ў сваю чаргу мяне навучылі.

Настаўнікамі ў літаратуры сталі для Міколы Якаўлевіча яго любімыя паэты — Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Максім Танк, а вучнямі — Раіса Баравікова, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Янка Сіпакоў, Яўгенія Янішчыц і многія іншыя. Без перабольшання, за час сваёй працы ў рэдакцыі спадар Мікола выхаваў не адно пакаленне беларускіх літаратараў.

Пра свае сустрэчы з Якубам Коласам, Янкам Купалам і ягонай жонкай Уладзіславай Францаўнай, з Іванам Мележам і многімі іншымі класікамі Мікола Аўрамчык напісаў у сваіх кнігах мемуараў і эсэ.

Да юбілею была падрыхтаваная тэматычная кніжная выстава, а таксама слайд-шоў з архіўнымі фотаздымкамі з сямейнага архіва і выступленняў юбіляра.

Артыст і рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі прачытаў урыўкі з паэтычных і празаічных твораў Міколы Аўрамчыка.

Песню «Завушніцы» на верш Максіма Танка з музыкай Уладзіміра Мулявіна выканаў саліст вакальна-эстраднай студыі БНТУ Аляксандр Бабрыковіч.

Павіншавалі спадара Міколу дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч і дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская.

З віншаваннямі і ўспамінамі, з вершамі-прысвячэннямі юбіляру выступілі Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Казімір Камейша.

Пісьменнік Генрых Далідовіч у сваім расповедзе пра старэйшага калегу змог ёміста, метафарычна і кранальна апісаць няпросты жыццёвы шлях Міколы Якаўлевіча, які перажыў і нямецкі палон, і савецкія рэпрэсіі, і хваробы і голад, і працы на шахтах Рура і Данбаса.

Да 1953 года, да смерці Сталіна, сям’я Аўрамчыкаў трымала ў доме хатулёк з неабходнымі рэчамі, бо ў любы момант дня і ночы да «нядобранадзейных» савецкіх грамадзян маглі прыйсці людзі ў цывільным і арыштаваць пісьменніка.

Празаік, першы намеснік Старшыні ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Алесь Пашкевіч павіншаваў юбіляра ад імя арганізацыі.

Спявачка Надзея Бронская супольна з гітарыстам Сяргеем Міклашэўскім выканалі некалькі песень на вершы Яўгеніі Янішчыц.

Пасля заканчэння праграмы гледачы яшчэ доўга не разыходзіліся — сябры і прыхільнікі акружылі Міколу Якаўлевіча з падарункамі і букетамі кветак, віншавалі і дзякавалі за сустрэчу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?