У лютым Беларусь плануе наведаць міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс, паведаміў 23 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску дзяржсакратар латвійскага МЗС Андрэйс Пілдэговічс.

Ён выказаў надзею на тое, што за час, які застаўся да візіту, бакі «падрыхтуюць глебу для сур'ёзнага ўмацавання дыялогу». 

Апошні раз Эдгарс Рынкевічс наведваў Беларусь прыкладна два гады таму. 10 красавіка 2013 года ў Віцебску адбыліся яго перамовы з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімірам Макеем. А 22 красавіка таго ж года на пасяджэнні міністраў замежных спраў краін ЕС у Люксембургу Рынкевічс заклікаў Еўрасаюз да дыялогу з Беларуссю. 

У лютым 2014-га Рыгу наведаў Уладзімір Макей. Па выніках яго сустрэчы з Эдгарсам Рынкевічсам было заяўлена, што ў двухбаковым супрацоўніцтве Беларусі і Латвіі назіраецца «пазітыўная дынаміка» — як у эканамічнай, так і ў палітычнай сферах. Рынкевічс, у прыватнасці, заявіў: «Было б добра, калі б да рыжскага саміта Усходняга партнёрства быў заключаны дагавор аб лібералізацыі візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю». 

Старшынства ў Еўрасаюзе перайшло да Латвіі 1 студзеня 2015 года. Чацвёрты саміт Усходняга партнёрства пройдзе ў Рызе 21—22 мая гэтага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?