Міністэрства адукацыі Беларусі прапаноўвае не скарачаць адпачынак для асноўнай катэгорыі педагогаў, паведаміў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў 11 студзеня перад пачаткам у Мінску рэспубліканскай нарады работнікаў сістэмы адукацыі «Аб развіцці сістэмы агульнай і сярэдняй адукацыі».

Для педагогаў, якія непасрэдна заняты ў вучэбным працэсе, і кіраўнікоў навучальных устаноў прапаноўваецца захаваць працоўны адпачынак у памеры 56 дзён, патлумачыў ён. Пры гэтым, паводле слоў міністра, адпачынак для прадстаўнікоў пэўных спецыяльнасцей у сферы адукацыі, магчыма, усё ж будзе скарочаны.

Канчатковае рашэнне аб працягласці адпачынкаў работнікаў сістэмы адукацыі будзе прынята ў канцы студзеня, заявіў міністр.

Нагадаем, 26 студзеня ўвойдуць у сілу папраўкі ў Працоўны кодэкс, у выніку якіх працоўны адпачынак вызначаны тэрмінам 24 дні. Зыходзячы з паправак у Працоўны кодэкс, парадак прадастаўлення падоўжаных адпачынкаў будзе ўстаноўлены ўрадам Беларусі па ўзгадненні з прэзідэнтам. Пакуль пастанова Савета міністраў наконт гэтага не прынята.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0