У суботу ў Гомелі ў кватэры сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Сяргея Падсасоннага супрацоўнікі рэгіянальнай управы КДБ правялі ператрус.

Напачатку ў дзьверы кватэры ў доме на вуліцы Валатоўскай, 2, якую здымае журналіст, стаў грукаць участковы Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Пракапенка. Патрабаваў адчыніць дзьверы: маўляў, шум у кватэры перашкаджае суседзям зьнізу.

Журналіст адказаў, што дома ён адзін – ніхто ў кватэры не шуміць, а суседзяў зьнізу на першым паверсе наогул няма – там прадуктовая крама.

Гаворыць Сяргей Падсасонны: «Ужо пасьля гэтага зьявіліся супрацоўнікі КДБ, сказалі, што ў іх ёсьць санкцыя на вобыск, патрабавалі адчыніць дзьверы. Я адмаўляўся, яны папярэдзілі, што дзьверы будуць ламаць. У санкцыі было напісана: Сяргей Падсасонны падазраецца ў тым, што зьяўляецца арганізатарам «Маладога фронту», зацягвае туды вучняў, студэнтаў з мэтай дыскрэдытацыі краіны».

Падтрымаць Сяргея прыйшлі сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў. Яны прапаноўвалі сябе ў якасьці панятых падчас ператрусу, аднак міліцыя й чэкісты выштурхнулі іх за дзьверы.

У Сяргея Падсасоннага сканфіскавалі жорсткі дыск з кампутару, відэакамэру, флэш-карту. Пратакол ператрусу падпісаў опэрупаўнаважаны КДБ, старшы лейтэнант Мельнікаў.

У лістападзе мінулага году супрацоўнікі КДБ гвалтам забралі Сяргея Падсасоннага з кватэры ва ўправу на так званую гутарку – цікавіліся, ці мае ён дачыненьне да спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат».

На вуліцы чэкісты затрымалі й завезьлі ва ўправу КДБ Антона Бандарэнку. Пры ім была тэчка зь некалькімі відэакасэтамі. Маладзёна трымалі ў КДБ каля трох гадзінаў. Ён патлумачыў, што знайшоў тэчку з касэтамі на вуліцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?