Алена Дубяга, фота Святланы Мацукевіч

Алена Дубяга, фота Святланы Мацукевіч

Пра гэту гісторыю ў Вілейскім дзяржаўным каледжы дазналіся толькі тады, калі прыйшоў ліст ад мінчанкі Галіны Дробышавай:

«Не магу не напiсаць гэты ліст у знак падзякі вашай навучэнцы Алёне Дубяга. 18 студзеня я выпадкова ў дызелі Гудагай — Маладзечна згубіла кашалёк з вялікай сумай грошай, трыма банкаўскім карткамі з кодамі, карткай «Еўраопт», блакнотам з патрэбнымі запісамі. Алёна адшукала мяне па тэлефоне і бескарысліва вярнула кашалёк. Прашу адзначыць гэты рэдкі ўчынак у цяперашні час – як прыклад іншым. Жадаю гэтай дзяўчыне ўдачы і поспехаў ва ўсім. Хай у Вашым каледжы вучацца прафесіяналы справы і прыстойнасці!».

Знайшла ўладальніцу з дапамогай нататніка

Пачалося ўсё з таго, што 18 студзеня Алёна ехала на дызелі са Смаргоні на вучобу ў каледж. Калі выходзіла ў Маладзечне, знайшла чорны кашалёк.

Каму ён належыць — не здагадаешся (толькі калі ўжо знайшла ўладальніцу, высветлілася, што тая сядзела побач і выйшла раней).

У кашальку быў стосік двухсоттысячных купюр. Колькі дакладна — дзяўчына нават і не ведае, грошы не пералічвала. Яшчэ там былі банкаўскія карткі і нататнік. Адразу па прыездзе ў Вілейку стала тэлефанаваць па знойдзеных там нумарах. Урэшце патрапіла на дачку ўладальніцы кашалька. Прызначылі сустрэчу. На ёй і аддала кашалёк.

Пра гэту гісторыю распявала педагог-арганізатар каледжа Святлана Мацукевіч. Запытала яна ў Алёны, ці прыходзіла той у галаву думка пакінуць грошы сабе?

«Ні ў якім разе, — адказала дзяўчына. — Я паставіла сябе на месца чалавека, які згубіў грошы. І мне захацелася яму дапамагчы».

 У каледжы заахвоцяць Алёну

Дзяўчына вучыцца ў каледжы на першым курсе. Прыехала яна са Смаргоні. Асвойвае Алёна спецыяльнасці швачкі і цырульніка – ствараць прыгожыя прычоскі ёй хацелася з дзяцінства. Вучыцца добра. Прыгожа дэкламуе вершы – удзельнічала ў аглядзе мастацкай самадзейнасці.

У каледжы вырашылі за добры ўчынак заахвоціць Алёну матэрыяльна, дадала Святлана Мацукевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?