Адвячоркам нядзелі, прыкладна а 20‑й гадзіне, над пяціпавярховым будынкам па вуліцы Герцана ў Віцебску залунаў беларускі нацыянальны сцяг. Спасылаючыся на крыніцы, вартыя даверу, адзін з найстарэйшых актывістаў дэмакратычнага руху Барыс Хамайда паведаміў, што гэтая акцыя прысвечана народзінам вядомага беларускага змагара за свабоду Айчыны Янкі Філістовіча, якому 14 студзеня магло б споўніцца 82 гады.

Спадар Хамайда паведаміў тэкст, які напісаны на прымацаванай да сцяга цыдулцы:

— «Да народзінаў мужнага змагара Янкі Філістовіча, для якога лёс Радзімы быў значна вышэй за ўласнае жыццё. Слава беларускаму герою!» І подпіс: «Мірон».

Дваццаціпяцігадовы Янка Філістовіч у 1951‑м дэсантаваўся ў Беларусі і стварыў партызанскі атрад дзеля барацьбы з бальшавіцкай уладай. Быў здраджаны, схоплены і ў 53‑м годзе расстраляны.

Праз хвілін дваццаць пасля таго, як сцяг Мірона залунаў над вуліцай, прыехалі міліцыянты, потым МНСаўцы.

Паводле: Алена Грынявіцкая, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0