EPA

EPA

Фідэль Кастра ўпершыню ў гэтым годзе перапыніў маўчанне і звярнуўся з лістом да кубінскіх студэнтаў. У ім ён упершыню пракаментаваў распачаты працэс нармалізацыі адносін паміж ЗША і Кубай. У пасланні, размешчаным на старонках газеты Granma, 88-гадовы Фідэль прызнаўся, што па-ранейшаму «не давярае палітыцы ЗША».

«Не давяраю палітыцы Злучаных Штатаў і не абмяняўся з імі ані словам. Хоць гэта зусім не азначае адмовы ад мірнага рашэння ваенных канфліктаў ці небяспекі», — адзначыў Кастра. Тым не менш, ён указаў, што «абараняць мір — абавязак кожнага».

«Мы заўсёды будзем абараняць супрацоўніцтва і сяброўства паміж усімі народамі свету, і нават з нашымі палітычнымі праціўнікамі», — падкрэсліў 88-гадовы палітык.

«Кіраўнік Кубы (старшыня Дзяржсавета і Рады міністраў Рауль Кастра) распачаў дарэчныя крокі ў адпаведнасці са сваімі правамі і паўнамоцтвамі, дадзенымі яму Нацыянальнай Асамблей і Камуністычнай партыяй Кубы», — указаў Кастра ў гэтай сувязі.

Ён таксама дадаў, што «сур'ёзныя небяспекі, якія сёння пагражаюць чалавецтву, павінны саступіць месца нормам, сумяшчальным з чалавечай годнасцю».

***

17 снежня 2014 прэзідэнт ЗША Барак Абама абвясціў аб намеры «пачаць новы раздзел» у адносінах з Кубай, прызнаўшы, што палітыка ізаляцыі вострава на працягу больш чым 50 гадоў не прынесла чаканых вынікаў. Кіраўнік Белага дома паведаміў, што рэжым гандлёва-эканамічнага эмбарга ў дачыненні да Гаваны будзе зроблены больш мяккім. Поўная адмена санкцый патрабуе адабрэння Кангрэсу.

У той жа дзень Рауль Кастра пацвердзіў, што Куба і ЗША дамовіліся аднавіць дыпламатычныя адносіны. 83-гадовы палітык падкрэсліў, што Гавана выступае за «паважлівы дыялог, заснаваны на суверэнай роўнасці», і заклікаў Вашынгтон адмяніць «гандлёва-эканамічную блакаду» вострава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?