фота Сяргея Зініна

фота Сяргея Зініна

Ліберальнае расійскае выданне Ведомости, якое прызнала Аляксандра Лукашэнку чалавекам 2014 года, сёння змясціла калонку «ад рэдакцыі» пад назвай «Бітва за Беларусь».

«Латвія, якая старшынствуе ў ЕС, імкнецца ўмацаваць адносіны Беларусі і Еўрасаюза. Дзяржсакратар МЗС Латвіі Андрэйс Пілдэговічс правёў у Мінску перамовы з беларускім калегам Уладзімірам Макеем і заявіў, што Беларусь павінна ў будучыні стаць сябрам Рады Еўропы. Латвія хоча і рэфармаваць праграму «Усходняга партнёрства» (у ёй удзельнічае і Беларусь), каб наблізіць яе да інтарэсаў партнёраў. Абмяркоўваецца пытанне спрашчэння візавага рэжыму для беларусаў», — піша выданне.

У той жа час, звяртаюць увагу «Ведомости», пасля візіту Пілдэговічса ў Мінск у некалькіх расійскіх СМІ з'явіліся матэрыялы пра «беларускіх фашыстаў», наступе на рускую мову ў Беларусі і г.д.

«Нешта падобнае было і ў снежні, калі Аляксандр Лукашэнка актыўна крытыкаваў Расію за перашкоды ў пастаўках прадуктаў (расійская мытня не давала беларусам абыйсці прадуктовае эмбарга), сустракаўся ў Кіеве з Парашэнкам і абяцаў яму ўсялякую дапамогу. Затым, зрэшты, Лукашэнка прыехаў у Маскву і абяцаў «падставіць плячо» Расіі».

«Курс Еўропы на пацяпленне адносінаў з Беларуссю выкліканы і спалоханасцю перад непрадказальнай Расіяй, і пасрэдніцкай роляй Мінска ва ўкраінскім канфлікце. Латвіі хочацца сябе праявіць у час старшынства ў ЕС.

А Лукашэнка заўсёды цаніў магчымасць гуляць на супярэчнасцях Захаду і Расіі. Сёння стаўкі ў гэтай гульні вялікія, як ніколі», — зазначае выданне і дадае: «У 2015 г. пройдуць выбары прэзідэнта Беларусі, на якіх Лукашэнка прывык перамагаць. Сёння ён не можа адчуваць сябе занадта ўпэўнена.

Галоўны саюзнік Расія — у эканамічным крызісе і жорсткім супрацьстаянні з Захадам, да таго ж паказала сябе абсалютна непрадказальнай у адстойванні сваіх інтарэсаў на суседняй Украіне. Масква можа не толькі перастаць датаваць беларускую эканоміку (якая таксама ў крызісе), але і радыкалізаваць свае саюзныя патрабаванні да Мінска, наўзамен пагражаючы праблемамі на выбарах: палітычны і медыяінструментарый для гэтага ёсць.

«Бацька» яшчэ летась пачаў прапаганду беларускай ідэнтычнасці. У войску ідзе перабудова з упорам на мабільныя войскі, заменены міністр абароны. Зараз праводзяцца маштабныя вайсковыя вучэнні. У новай рэдакцыі закона «Аб ваенным становішчы» пашыраны падставы для яго ўвядзення, жорсткім стаў сам рэжым, пашыраныя падставы для ўжывання сілы і зброі.

У любым выпадку Лукашэнка спрабуе застрахавацца ад нечаканасцяў.

Наколькі ў гэтай сітуацыі ён зможа рушыць наперад у супрацоўніцтве з ЕС — вялікае пытанне, і не толькі да яго, але і да Уладзіміра Пуціна, рэзюмуюць «Ведомости».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0