У снежні плацяжы Беларусі за імпарт перавысілі валютныя паступленні ў краіну. Упершыню за ўвесь мінулы год сальда знешнеэканамічных плацяжоў склалася адмоўным у памеры 329,5 млн. долараў ЗША.

Яшчэ ў лістападзе 2014 года гэты паказчык быў станоўчым і складаў 80 млн. долараў, а годам раней (у снежні 2013-га) станоўчае сальда знешнеэканамічных плацяжоў складала 129,9 млн. долараў. 

Сітуацыя ў снежні мінулага года стала шмат у чым вынікам рэзкага павелічэння плацяжоў Беларусі за імпарт тавараў, якія дасягнулі 3 млрд. 72,5 млн. долараў і павялічыліся ў параўнанні з лістападам на 482,3 млн. долараў (амаль на 20%). Валютныя паступленні Беларусі ад экспарту тавараў у снежні склалі 2670,6 млн. долараў і павялічыліся ў параўнанні з лістападам на 219,2 млн. долараў (на 8,9%). Такім чынам, тэмп росту плацяжоў за імпарт тавараў у снежні ўдвая перавысіў тэмп росту валютнай выручкі Беларусі ад экспарту. 

Раней прадстаўнікі ўрада заяўлялі аб пагаршэнні ў чацвёртым квартале 2014 года ўмоў працы для беларускіх экспарцёраў з прычыны дэвальвацыі расійскага рубля.

У прыватнасці прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, выступаючы ў лістападзе ў палаце прадстаўнікоў, канстатаваў: «Сітуацыя такая, што 92% валютнай выручкі з Расіі мы атрымліваем у расійскіх рублях. Дэвальвацыя рубля павінна была прывесці да эквівалентнай змены цэн на расійскім рынку. На жаль, гэтага не адбываецца. З гэтай прычыны прадпрыемствы імкнуцца шукаць іншыя рынкі збыту». 

З улікам складанай сітуацыі ў расійскай эканоміцы беларускія ўлады афіцыйны зацвердзілі прагноз, які прадугледжвае зніжэнне ў 2015 годзе экспарту тавараў і паслуг на 3,6—4% у параўнанні з 2014-м.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?