Чарговы «дрыфтынг» зарэгістраваны ў цэнтры Мінска.

Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, 24 студзеня ў 0.45 супрацоўнікі атрада міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП) мінскай міліцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску затрымалі аўтамабіль «Аўдзі-100». Вадзіцель выехаў на плошчу і на даволі высокай хуткасці стаў рабіць вельмі небяспечныя манеўры, чым стварыў рэальную пагрозу прахожым.

Паводле слоў камандзіра АМАП Аляксандра Лукомскага, у машыне знаходзіліся тры маладыя чалавекі, прычым пасажыры былі з яўнымі прыкметамі алкагольнага ап'янення. Законныя прэтэнзіі праваахоўнікаў здаліся ім несправядлівымі, а прапанова накіравацца для разбору ў Цэнтральнае РУУС было ўспрынята ў штыкі. Нецэнзурнай лаянкай, пагрозамі неадкладнага звальнення і спробамі схапіць за абмундзіраванне справа не абмежавалася, адзін з нецвярозых пасажыраў паспрабаваў ударыць міліцыянера. З прымяненнем фізічнай сілы міліцыянеры затрымалі «дрыфтэраў» і даставілі іх у раённае ўпраўленне ўнутраных спраў Цэнтральнага раёна.

На затрыманых былі складзены па два адміністрацыйныя пратаколы.

Так, вадзіцелю пастаўлена ў віну невыкананне патрабаванняў дарожных знакаў і рух па тратуары, а двум пасажырам — дробнае хуліганства і непадпарадкаванне законным патрабаванням службовых асоб пры выкананні службовых паўнамоцтваў. Цяпер апошнія ўжо прыцягнутыя да адказнасці ў выглядзе штрафных санкцый.

Нагадаем, аналагічнае правапарушэнне на Кастрычніцкай плошчы было ўчынена ў ноч з 10 на 11 студзеня на машыне «Шэўрале Круз» з расійскімі нумарамі, якая «каталася» вакол навагодняй ёлкі. Відэа «дрыфта» ў сетку выклалі самі ўдзельнікі забавы. Ці быў у гэты час на плошчы нарад АМАП, невядома, але ніхто не быў затрыманы. Рэакцыя праваахоўных органаў пачалася пасля з'яўлення відэа ў інтэрнэце.

Цяпер ГУУС паведамляе, што асоба вадзіцеля ўстаноўлена пры садзейнічанні расійскіх калег і ён (грамадзянін РФ) неўзабаве будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?